Паспрабуем разабрацца, якія плюсы плавання прымушаюць некалькі разоў на тыдзень ісці ў басейн. Вывучаючы карысць ад гэтых водных працэдур, я для сябе адзначыў проста безліч станоўчых момантаў! Судзіце самі…
Лечыць без лекаў
Плаванне паляпшае работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, умацоўвае ўсе мышцы, добра ўплывае на работу ўнутраных органаў і эмацыянальны стан чалавека. Да таго ж, яно эфектыўна здымае стрэс, паслабляе ці ўвогуле здымае стомленасць, павялічвае эластычнасць скураных пакроваў, а супраціўленне вады дзейнічае падобна дасведчанаму масажысту. Плаванне не толькі ўмацоўвае мышцы, але і лечыць некаторыя захворванні. Медыцынскія работнікі адзначаюць: водныя працэдуры і актыўны адпачынак на вадзе даюць лячэбны эфект пры гіпертанічнай хваробе, праблемах з пазваночнікам, астэахандрозе, варыкозным пашырэнні вен, пры болях у суставах.
Узніміце настрой і… зменшыце вагу!
Дзякуючы фізічным нагрузкам, якія атрымліваеш у вадзе, вы будзеце сябе лепш адчуваць, лепш спаць уначы і знаходзіцца ў выдатным настроі днём. З-за супраціўлення вады пры плаванні мы страчваем больш калорый на пераадоленне значна меншай адлегласці, чым на сушы. Менавіта таму барацьбу з лішнімі кілаграмамі і гіпадынаміяй лепш за ўсё праводзіць у водным асяроддзі. За гадзіну, праведзеную ў вадзе, можна страціць да 500 кілакалорый. Прахалодная вада стымулюе больш актыўны рух крыві і паскарэнне метабалічных працэсаў. Таму запасы лішняга тлушчу пры водных працэдурах змяншаюцца больш прыкметна.
Усё роўна, які з відаў плавання прыйдзецца вам больш па душы - гэта можа быць павольнае пераадоленне невялікіх адлегласцей ці актыўныя трэніроўкі. Любое знаходжанне ў вадзе выдатна адлюстроўваецца на рабоце нашага арганізма і дае адпачынак пазваночніку.
Дыхайце глыбей
Умераная фізічная нагрузка, якую атрымлівае плывец, карысная і малым дзецям, і людзям паважанага ўзросту. Бо плаванне прыраўноўваецца да аэробных трэніровак, яно памяншае крывяны ціск, а сэрца становіцца больш вынослівым. Кроў рухаецца па сасудах значна інтэнсіўней і паступае ў самыя дробныя капіляры, што дапамагае нашаму арганізму паўнацэнна функцыянаваць. Рухаючыся ў вадзе, мы дыхаем раўней і глыбей. Кісларод актыўна паступае ў кроў і сілкуе кожную клетку нашага цела.
Грацыя і пластыка
У вадзе мы атрымліваем магчымасць для добрай расцяжкі. Мышцы, суставы і, самае галоўнае, пазваночнік становяцца больш
гнуткімі. Плаўныя, мерныя рухі дапамагаюць не павялічваць аб’ём нашых мышцаў, а расцягваць іх. Умеранасць нагрузкі пры плаванні і супраціўленні вады здымае напругу. Пры плаванні практычна адсутнічаюць рэзкія ўдары і рыўкі.
Карысна для дзяцей
Акрамя чыста медыцынскіх сведчанняў, можна адзначыць і псіхалагічную карысць плавання. Дзіця, з маленства прывучанае да вады, не баіцца плаваць. Гэта акажа яму ў далейшым добрую паслугу. Прынамсі, у яго не будзе лішняга комплексу і непрыемных сітуацый з пераадоленнем водных перашкод. Адпачынак ля вады і на вадзе добра здымае стрэс, які мае асаблівасць назапашвацца і прыводзіць да неўратычных захворванняў
.
Плюсы плавання высвятляў Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии