Раніца ў Выгодзе пачынаецца з зычнага голасу пеўня, лязгання вядра, звону касы. Адметнасць гэтай вёскі ў тым, што толькі занадта хворы ці нямоглы не ўстае ранютка. Тут нават тыя, каму далёка за восемдзесят, прачынаюцца з першым пеўнем, тупаюць па двары, кормяць жывёлу, корпаюцца ў градах. А калі няма гаспадаркі, то ўсё роўна тутэйшы жыхар сабе знойдзе работу. Такія яны, выгодцы, што трымаюцца сваіх мясцін, глыбока пускаючы карані. І хаця з цягам часу вёска маўкліва сірацее, усё роўна пануе тут атмасфера павагі да працы, да сваёй маленькай бацькаўшчыны, якая стаіць ужо шмат гадоў на ўскрайку лесу ў Бучацінскім сельскім Савеце.
Любоў да роднага краю Аляксандр Аляксандравіч Крэпскі перадае праз драўляных буслоў, якія мосцяцца на імправізаваным гняздзе. За сваё жыццё майстар вырабіў не адзін дзесятак такіх шэдэўраў. І хаця прыезджы можа ўсміхнуцца, спасылаючы на свое- асаблівы мастацкі густ, жыхары Выгоды лічаць творчыя работы свайго земляка візітнай карткай вёсачкі.
Хто ж ён, аўтар драўляных буслоў, што жывуць на сядзібе ўжо не адзін дзесятак гадоў? Аляксандр Аляксандравіч бацьку свайго не памятае, бо той памёр, калі хлопчыку не было і трох годзікаў. Увесь клопат аб трох дзецях лёг на плечы маці. Трэба было іх на ногі падымаць і ў калгасе ад цямна да цямна працаваць. Дзеці падрасталі і змалку прывучыліся да работы. Аляксандр да ўсяго меў свой падыход. Вось трэба ручка для пілы, дык ён яе рабіў фігурнай, з прыгожым узорам. Да праса таксама ручку прыгожую змайстраваў, каб вока радавала.
Мой суразмоўца лічыць, што нястача перш за ўсё выклікала ў яго жаданне нешта тварыць, каб і тыя ж дровы пілаваць і бялізну прасаваць было ў радасць. Бо дзяцінства ў народжаных перад вайною якраз і не было ў звычайным яго паняцці. У пасляваенныя гады не асабліва свяціліся вочы радасцю як у дарослых, так і ў дзяцей. Усё больш клопату было, цяжка давалася аднаўленне разбуранага вайной. Таму з малых гадоў Аляксандр і стараўся ўнесці ў нялёгкае жыцце нейкі струменьчык радасці, цяпла і ўтульнасці. З гадамі ад ручак пераходзіў на разьбу па дрэве. Майстраваў фігуркі жывёл, птушак. Рабіў для сябе, для родных. Да таго ж, працаваў кавалём, цесляром, муляром, аратым, жывёлаводам. І нягледзячы на вялікую занятасць, у вольны час акунаўся ў свае творчыя задумы.
- Разам мы жывём з 1964 года, - гаворыць жонка Надзея Аляксандраўна. – У вольную часіну ніколі ён не прысеў, усё нешта ладзіць, майструе. Мяне ніколі не пакрыўдзіў. А жанчыне гэта і трэба - дбайны і працавіты гаспадар у хаце, клапатлівы бацька. Дзвюх дачок выгадавалі.
Іх сядзіба прываблівае ўтульнасцю, чысцінёй. Кожнай гаспадарчай прыладзе адведзена сваё месца. Нават хлеў прыцягвае да сябе ўвагу, бо на сцяне намаляваны лось і дзікі, а клумбы з кветкамі агароджаны ланцужком з поліэтыленавых бутэлек. Да ўсяго тут творчы падыход. Хаця ўжо і на здароўі адбіваюцца гады, усё роўна Крэпскія трымаюць свіней, птушку, садзяць бульбу, агародніну, кветкі... І сярод мноства іх фарбаў мірна стаяць у гняздзе некалькі буслоў, сімвалізуючы лад на гэтай сядзібе. І жывыя буслы не мінаюць Выгоду, прылятаюць сюды, выводзяць буслянят, каб кожную раніцу напаўнялася наваколле яшчэ і клёкатам-гамонкай гэтых мірных птушак.
Павел Шэін,
студэнт ІІІ курса аддзялення журналістыкі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва
Фота аўтара
Комментарии