Нягледзячы на аснашчэнне сельскай гаспадаркі сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікай, усё роўна конь застаецца на правах незаменнага памочніка. Канцэнтраты падвезці на ферме ці травы для цялятак - гэтую справу заўсёды ён выдатна выканае. Таксама і вяскоўцаў выручыць на прысядзібных участках, асабліва там, дзе трактар не падбярэцца.
Неяк, наведаўшы па рэдакцыйным заданні ЗАТ «Жыліхава», насупраць машынна-трактарнага парка, каля сажалкі ўбачыў табун коней, які паволі пасвіўся на густой траве. І што цікава, побач з жывёлай знаходзіўся пастух.
- Гэта мы спецыяльна прызначылі чалавека, каб пасвіў днём, а вечарам заганяў у канюшню,- тлумачыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кукраш. - Алена Міхайлаўна Барташэвіч выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі.
- А колькі ж у гаспадарцы коней? - пытаюся я.
- Усіх трыццаць галоў, дзесяць з якіх - рабочыя. Канешне, з кожным годам іх становіцца менш, але мы стараемся даглядаць, акрамя пашы даём сянаж і авёс.
Я прыблізіўся да табуна. Алена Міхайлаўна кіўнула:
- Бліжэй падыходзьце. Яны ў нас смірныя.
А сама ў гэты час гладзіла аднаго са сваіх гадаванцаў. І я падумаў, як добра было б, каб усюды з такой павагай адносіліся да коней. Бо неяк у дзяцінстве, бываючы ў бабулі з дзядулем, я назіраў іншую карціну. Прайшоўшы з плугам не адзін дзесятак сотак, стомлены конь чакаў, што яго гаспадар пакорміць. Аднак той вырашыў не траціць кармы, маўляў, у калгасе накормяць. А за тое, што конь пачаў скубці траву ў садзе, чалавек яшчэ абагрэў яго некалькі разоў палкаю.
Таму, калі я ўбачыў у Жыліхаве дагледжаны табун, быў здзіулены адносінамі да яго. Відаць, пра- вільна вырашылі ў сельгаспрадпрыемстве, што тэхніка тэхнікай, а буланаму ўсё роўна знойдзецца работа. Дарэчы, даведаўся, што ў гаспадарках раёна ўтрымліваецца 894 кані, а летась было 961. Такая статыстыка наводзіць на роздум. Усё ж паціху скарачаюць пагалоўе. А шкада!
Павел Шэін,
студэнт ІІІ курса аддзялення журналістыкі ІПП
Фота аўтара
Комментарии