Прагульваючыся па святочных вуліцах Слуцка падчас правядзення абласнога свята рамёстваў “Слуцкія паясы”, я старанна шукала тыя словы, якія з дастатковай трапнасцю змаглі б апісаць усё тое, што адбывалася навокал. Шматгалоссе? Так. Шматкаляровасць? І гэта праўда. Але недастаткова.
І адказ на пытанне, дзеля чаго было арганізавана гэта свята, я адшукала ў невялікім каментарыі, які даў нашай газеце загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога Цэнтра народнай творчасці Віталь Каспяровіч:
[caption id="attachment_30777" align="aligncenter" width="336" caption="Капыльскія майстрыхі за работай"][/caption]
– Вы ведаеце, сёння сапраўднае свята. Хацелася б адзначыць, што ўсе раёны Мінскай вобласці прадставілі выставы вельмі дастойна. Але ў Капыльскага раёна свае адметнасці. У вас надзвычай развіта традыцыя ткацтва. Дзякуючы дырэктару раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Галіне Гурло, а таксама былому дырэктару раённага Цэнтра ткацтва Наталлі Холад і сучаснаму – Таццяне Волкавай, ткачыхі дасягнулі сапраўдных вяршынь. На Капыльшчыне на сёння больш за ўсё ткачых са званнем “народны майстар”. Але зараз на гэтай выставе прадстаўлены ўсе кірункі народнай творчасці, якія ёсць у раёне. Таму ад імя абласнога Цэнтра народнай творчасці я хацеў бы выказаць словы ўдзячнасці арганізатарам. Ведаючы ўсе цяжкасці менавіта арганізацыйнай работы з народнымі майстрамі пры правядзенні такіх святаў, матэрыяльныя выдаткі і прыцягненне да ўдзелу дзяцей, нельга не звярнуць увагу на гэты момант. Асабліва прыемна, што на такіх святах стала з’яўляцца моладзь. Я ўпэўнены, што будучыня застанецца за традыцыйнай культурай. Але галоўнае – не звальвацца ў каляіну толькі традыцыйнай культуры, трэба бачыць і сучаснасць, рухацца наперад разам з развіццём грамадства.
[caption id="attachment_30778" align="aligncenter" width="336" caption="В. Каспяровіч і Н. Царкова абмяркоўваюць свята"]
[/caption]
Крыху ўдакладню: свята “Слуцкія паясы” адбылося згодна з Дзяржаўнай праграмай адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012-2015 гады, а таксама з мэтай далейшага развіцця і прапаганды традыцыйнага мастацтва. У гэты дзень у Слуцк было запрошана каля 500 майстроў-умельцаў з розных рэгіёнаў Міншчыны. Тут праходзілі выставы па 20 відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Госці свята атрымалі магчымасць пазнаёміцца з сапраўднымі брэндамі Міншчыны: капыльскімі і старадарожскімі ручнікамі, лагойскай і івянецкай керамікай, клецкай і маладзечанскай лазой, вілейскай і мядзельскай разьбой па дрэве.
Таму вельмі цікава было бачыць на сучасных вуліцах горада беларусаў і беларусачак у традыцыйных для кожнага раёна народных касцюмах. Вельмі арганічна ўпляталіся гукі гармонікаў, цымбалаў, сапраўдныя спевы роднай зямлі ў сучасны дызайн Слуцка.
[caption id="attachment_30779" align="aligncenter" width="443" caption="За ткацкімі станкамі – семежаўскія ткачы"]
[/caption]
Кожны раён вобласці на спецыяльна адведзенай для яго тэрыторыі прадстаўляў культуру сваёй мясцовасці. На пляцоўцы Капыльскага раёна шчыра частавалі гасцей беларускімі стравамі ўдзельнікі аматарскага аб’яднання нацыянальнай кухні “Лоцвінскія ўдалухі” (кіраўнік Галіна Дрожжа), гучалі спевы артыстаў з народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” пад кіраўніцтвам Валянціны Зарамбоўскай, гульнёвую праграму прапаноўваў народны тэатр гульні і гумару “Капыльскія пацехі” (кіраўнік Любоў Галубовіч). За ткацкімі станкамі праводзілі майстар-класы не толькі старэйшыя ткачыхі раёна – народныя майстры Беларусі – Валянціна Кіеня і Валянціна Гладкая, але і даволі маладая змена: навучэнцы Семежаўскай СШ Яна Шчэрба, Кацярына Бубніковіч і Аляксей Бірук. Адной з разынак гэтага свята стала тое, што трэба было прадэманстраваць тэхніку ткацтва пояса, што і рабілі капылянкі: выкладчык Капыльскай ДШМ Мілана Мароз ткала “на ніту”, а выкладчыкі Цімкавіцкай ДШМ Алена Бельская і Алена Ігнатчык – “на бёрдах”. Тут жа – выстава вырабаў з салёнага цеста Настассі Лянько (кіраўнік – Таццяна Волкава). Дарэчы, Таццяна Мікалаеўна ў гэты час прымала ўдзел у абласной канферэнцыі, дзе былі разгледжаны тэарэтычныя пытанні па вырабе паясоў. А капыльскую дэлегацыю ўзначаліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Царкова. Сярод гасцей, завітаўшых да капылян, – доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута і кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская. Высокая адзнака выставе – менавіта адпаведнасць (Капыльшчына прадставіла каля 50 старадаўніх традыцыйных семежаўскіх паясоў!) дадзенай тэме – прагучала з вуснаў гасцей.
[caption id="attachment_30780" align="aligncenter" width="443" caption="Гасцей вітаюць “Лоцвінскія ўдалухі”"]
[/caption]
У гэты ж час на галоўнай сцэне праходзіў канцэрт, у якім прымалі ўдзел прафесійныя і аматарскія гурты народнай творчасці. Музычныя сувеніры падарылі гасцям свята артысты народнага ансамбля народнай песні “Спадчына”. А жартоўнай замалёўкай пра заморскі фрукт “какоса” паднялі настрой удзельнікі аматарскага аб’яднання “Лоцвінскія ўдалухі”. Прыемна было чуць “Брава!” і гучныя апладысменты пасля кожнага выступлення капылян.
А вось на наступнай пляцоўцы рыцары. Так-так, сярэднявечныя рыцары ў кальчугах і шлемах спрабуюць перамагчы… дзесяцігадовых хлапчукоў у сучасных бейсболках. Сапраўды, мінулае і сучаснае – зусім побач...
На пытанне: “Чаму менавіта Слуцк стаў цэнтрам свята?” Наталля Царкова адказала так:
– Усім вядома, што ў гэтым беларускім горадзе яшчэ ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя працавалі мануфактуры князя Радзівіла – персіярні, дзе для заможных людзей выраблялі шаўковыя паясы з залатымі і срэбнымі ніткамі. Спачатку там капіравалі персідскія ўзоры, але з часам у арнаменце паясоў пачалі з’яўляцца мясцовыя матывы з беларускiмі асаблівасцямі. Непаўторны мастацкі стыль і высокая якасць вырабаў зрабілі значны ўплыў на стылістыку вытворчасці паясоў у іншых гарадах Рэчы Паспалітай і нават у Еўропе. Тэрмін “слуцкія паясы” стаў своеасаблівым брэндам. Падобныя паясы пачалі так называцца незалежна ад месца іх вытворчасці.
Цікава, але і госці, і ўдзельнікі мерапрыемства віталі адзін аднаго “Са святам!” Таму і я кажу: “Са святам! І няхай яно не заканчваецца!”
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии