Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

70

“Матуля для мяне – гэта…”

14.10.2013
Прадоўжыць гэту фразу і расказаць пра сваіх самых дарагіх людзей мы папрасілі некаторых нашых чытачоў. Віктар Барысаў, дырэктар СТАА “Капыльскае прадпрыемства будаўнічых сістэм”: — Мая матуля — самы цудоўны чалавек. Колькі б табе не было гадоў, ты заўсёды пра яе памятаеш, звяртаешся па параду, нават калі яе ўжо няма на гэтым свеце. Мая мама закончыла школу ў той год, калі пачалася вайна. Яна яўрэйка па паходжанні, трапіла ў першае гета на тэрыторыі Капыля. І з таго расстрэлу, пажарышча жывой засталася толькі адна, схаваўшыся ў бочцы з расолам. Яна расказвала жудасныя гісторыі, якія давялося перажыць маці-пакутніцам  Капыля. Некаторыя з іх нават цяжка ўявіць. Людзі хаваліся ад ворагаў у закінутым склепе. Разам з імі былі і немаўляты. Немцы не шкадавалі нікога: ні дарослых, ні дзяцей. Яны расстрэльвалі і спальвалі палонных. У такім пекле загінула і маміна цёця са сваімі дзецьмі. Яна да апошняга абараняла сваіх крывіначак: палажыла іх пад сябе, але куля ўсё роўна дастала іх праз яе цела. Вось на такія ахвяры здольны нашы матулі. Мама — гэта слова, якое людзі павінны вымаўляць з трымценнем у голасе, з любоўю. Гледзячы на сваю жонку, нявестку, на тое, якія яны матулі, я заўсёды захапляюся, што створаны такія людзі. Па-мойму, яны амаль богі. Леанід Паляшчук, галоўны ветэрынарны ўрач Капыльскага раёна: — Матуля — гэта святое, яна адна ў нашым  жыцці. Самыя лепшыя ўспаміны пра дзяцінства, юнацтва звязаны менавіта з ёй. Прыходзіць на памяць, як за руку яна прывяла мяне ў першы клас, потым няпростыя гады вучобы, калі не заўсёды хапала адзення і нават прадуктаў, але мы неяк вытрымлівалі. Хаця мая матуля Ратомская Станіслава Адамаўна (дзявочае прозвішча) была інвалідам дзяцінства ІІ групы, тым не менш яна пайшла працаваць, каб даць мне, а таксама брату і сястры, вышэйшую адукацыю. І, па-мойму, мы займаем даволі дастойнае месца ў грамадстве і працуем на яго карысць. У павазе да самых родных і блізкіх людзей мы разам з жонкай Святланай Аляксандраўнай выхоўваем і свайго сына. Наталля Гарбацэвіч, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама: — Вядома, не буду арыгінальнай, але мая мама — самая лепшая, самая ласкавая, самая прыгожая… Я яшчэ не сустракала такога чалавека, які б дрэнна сказаў пра сваю матулю. У кожнага ўзнікаюць трапяткія і хвалюючыя пачуцці ад гэтага слова. Маю матулю завуць Тамара Адамаўна Шкілевіч, усё жыццё яна працуе прадаўцом. Разам з татам яны выгадавалі мяне і брата Дзіму, далі нам вышэйшую адукацыю. У бацькоў цяпер дзве ўнучкі — Вікторыя (14 гадоў) і Ульяна (9 месяцаў), якія з’яўляюцца сапраўднай уцехай. Хачу пажадаць матулі, каб не толькі ў Тыдзень ці Дзень маці яна была здаровай, любімай, шчаслівай, а заўсёды, каб ведала, што яна патрэбна нам як паветра… А яшчэ трэба больш увагі надаваць сваім родным. Запісаў Сяргей КОЗЕЛ  

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей