Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

27

Святыня ў кіявіцкім храме

18.09.2010
У сёлетнім  годзе свята Успення Багародзіцы ў Кіявіцкім Спаса-Уздвіжанскім храме атрымалася двайным. Гэтым днём у сельскую царкву на богаслужэнне прыехала вялікая група паломнікаў з Мінска. Прыехалі сталічныя госці не з пустымі рукамі – яны прывезлі ў дар храму абраз Маці Боскай Ліддскай, набыты ў  адным з манастыроў … Гэта адна з самых шануемых ікон праваслаўных хрысціян. Дэлегацыю мінскіх паломнікаў кіявіцкія вернікі сустрэлі Крыжавым Ходам. Заўважу, што ў тую раніцу адразу праявіліся цудадзейныя ўласцівасці іконы. З самага світанку над Кіявічамі, Семежавам віселі цёмныя хмары, імжэў дождж. Калі ж настаяцель храма айцец Павел  пачаў асвяшчэнне абраза, з аблок выглянула сонца і асвяціла царкву залацістым святлом. Працягвалася гэта хвілін дваццаць. Потым неба зноў зацягнулі хмары, пайшоў дождж. Памочніца Ніна Пятроўна расказала прысутным гісторыю іконы. Згодна з паданнем, апосталы Пётр і Іаан пасля ўзнясення Гасподня наведалі невялікі гарадок над Іерусалімам — Лідду, дзе заснавалі абшчыну з храмам Прачыстай. А калі вярнуліся ў Іерусалім, папрасілі Багародзіцу наведаць Лідду, агледзець прысвечаны Ёй храм і блаславіць яго. Маці Боская адказала любімым вучням Хрыстовым: “Ідзіце з радасцю. Я буду там з вамі”. І малельшчыкі ліддскай царквы ў тое ж імгненне ўбачылі на адным са слупоў выяву Прачыстай з немаўляцем на руках, якая невядома якім чынам тут з’явілася. Праз 300 гадоў рымскі імператар па імені Юльян Адступнік пачаў ганенні на хрысціян. Ён паслаў у Лідду каменячосаў з загадам знішчыць шаноўны абраз. Але як ні стараліся тыя, выява толькі глыбей уразалася ўглыб слупа. Вестка аб гэтым цудзе хутка распаўсюдзілася па ўсім хрысціянскім свеце, і ў Лідду пачалі сцякацца паломнікі. Яшчэ праз чатыры стагоддзі (VIII) Канстанцінопальскі патрыярх Герман зрабіў іконны варыянт з нерукатворнага абраза і прывёз яго ў Царград, кожную ноч маліўся перад ім. У час барацьбы праціўнікаў супраць ікон абраз трапіў у Рым, у Сабор Святога Пятра, а затым у Канстанцінопаль… Копію ліддскай іконы Божай Маці, што прывезлі ў Кіявічы паломнікі, вырабілі іконапісцы Балгарыі. Адметнасць яе ад другіх у тым, што дзясніцы Спасіцеля і Прачыстай сутыкаюцца, прычым Яна нібы прыкрывае сваёй рукой руку Сына. Богаслужэнне ў кіявіцкай царкве закончылася ўрачыстай Літургіяй і малебнам. Цяпер ікона будзе знаходзіцца тут пастаянна для шанавання і пакланення. Заўважым, што гэтая ікона – другая на постсавецкай прасторы. Першая знаходзіцца ў Расіі. Іван СУРМАН, пенсіянер, былы рэдактар уздзенскай газеты «Чырвоная зорка»

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей