28 жанчын — жыхарак Капыльскага раёна, якія нарадзілі і выхавалі пяць і больш дзяцей, з гонарам носяць пачэсную ўзнагароду — ордэн Маці. А днямі гэты спіс папоўніўся яшчэ адным прозвішчам — Ганны Кісель з в. Леткаўшчына, у сям’і якой шасцёра дзяцей. Урадавая ўзнагарода ёй, у ліку іншых прадстаўніц Міншчыны, была ўручана на абласной урачыстасці з нагоды Дня маці, якая ладзілася ў Нясвіжы.
[caption id="attachment_30750" align="aligncenter" width="448" caption="Ганна Кісель з малодшымі дзецьмі."]

[/caption]
Наша сустрэча з Ганнай Якаўлеўнай і яе дзеткамі адбылася якраз напярэдадні памятнай для сям’і Кісель даты. Жанчына не хавала свайго хвалявання, расказваючы пра сябе, узгадваючы самыя цікавыя і важныя моманты жыцця. “Так, было цяжка, — згаджаецца Ганна. — Але мы з мужам ні разу не пашкадавалі, што ў нас шмат дзяцей. Яны ў нас добрыя, дружныя, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу”.
Кожны ў доме ведае свае абавязкі: калі дзяўчаты — дзявяцікласніца Ліза і сямікласніца Віка — больш дапамагаюць матулі, то хлопцы Жэня і Вова імкнуцца выконваць мужчынскую работу. Не адстае ад іх і самы малодшы ў сям’і — пяцікласнік Віталік. Гаспадар Міхаіл Мікалаевіч працуе механізатарам у КСУП “С “Лясное” ўжо больш за 25 гадоў. Рабочы дзень хлебароба, вядома ж, не ўкладваецца ў дакладныя рамкі. Вясной і восенню — пасяўная, летам — нарыхтоўка кармоў і ўборка збожжа. Гэтыя спрадвечныя клопаты вясковага працаўніка вымушаюць яго да цямна затрымлівацца ў полі.
“Дзеці вельмі сумуюць па тату, — дзеліцца Ганна Якаўлеўна. — Для іх вялікае свята, калі ў яго здараецца выхадны ці ўзімку водпуск. Тады яны ні на крок не адходзяць ад яго. Асабліва Жэнька — такі ж заядлы рыбак, як і муж”.
А яшчэ старэйшыя хлапчукі (Жэня — адзінаццацікласнік Лясноўскай СШ, а Валодзя — навучэнец Капыльскага дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа) ужо два гады запар шчыравалі з бацькам на камбайне, знаходзілі час і для працы на пілараме. Словам, тое, як няпроста дастаецца кавалак хлеба, яны ўжо ведаюць не па чутках.
Ганарыцца Ганна Якаўлеўна і сваёй старэйшай дачушкай Карынай, якая сёлета паступіла ў Мінскі дзяржаўны каледж лёгкай прамысловасці і праз пэўны час атрымае прафесію тэхнолага. З нецярпеннем чакаюць яе прыезду са сталіцы дамоў на выхадныя. “Карына — мая сапраўдная памочніца, — распавядае матуля. — Яна стараецца як мага больш дапамагчы мне: і пры-брацца ў доме разам з малодшымі, і ўрокі ў іх праверыць, і абед прыгатаваць — асабліва смачнымі ў яе атрымліваюцца супы”.
А вы толькі ўявіце, колькі часу трэба правесці на кухні, каб прыгатаваць абед на восем чалавек. А яшчэ ёсць сняданак, вячэра… І колькі прадуктаў ідзе на гэта. Таму лагічна, што ў сям’і Кісель вельмі вялікая хатняя гаспадарка. Да нядаўняга часу трымалі свіней, у тым ліку свінаматак з парасятамі. На падвор’і шмат птушкі: куры, гусі, качкі (усіх больш за 100 галоў). Для гэтай мэты купілі два інкубатары. На градках — разнастайная агародніна, з якой робіцца шмат закатак на зіму. Дарэчы, у верандзе на свае вочы бачыла і слоікі з марынаванымі грыбочкамі, і кошыкі з чырвоным і зялёным салодкім перцам. А ў агародчыку — кветкі. І хоць цяпер ужо восень, тым не менш відаць, што іх было шмат і вельмі прыгожых.
Вельмі радуюцца ў сям’і Кісель той высокай узнагародзе, якую атрымала іх матуля. “Гэта была, можна сказаць, мая запаветная мара, — дзеліцца Ганна. — І я рада, што яна спраўдзілася. А яшчэ хачу сказаць: не бойцеся нараджаць дзяцей. Тая радасць, якую атрымліваеш, з года ў год назіраючы, як яны растуць, набіраюцца сіл, становяцца самастойнымі, вартая таго, каб цярпець усе нягоды, што ўзнікаюць у нашым жыцці”.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии