Песачанскі цэнтр культуры і вольнага часу пастаянна працуе ў актыўным рэжыме – супрацоўнікі заўсёды ў пошуках новых ідэй і іх здзяйснення. Тут знаходзіцца самая вялікая сцэна ў раёне, а ў вобласці толькі чатыры такія праекты, і таму ў Пясочным адбываюцца не проста канцэрты, а вялікія святы для жыхароў і гасцей аграгарадка.
Каб надаць дастойны выгляд на галоўным уваходзе ў культурны цэнтр зрабілі касметычны рамонт, прывялі ў парадак лесвіцу.
– Як добрым гаспадарам, нам трэба ўхіляць усе недахопы дзеля таго, каб цэнтр культуры і вольнага часу меў прывабны выгляд, – гаворыць Любоў Пятроўна Карповіч, дырэктар гэтай установы. – Людзі дзякуюць нам за працу.
На песачанскай сцэне выступалі шматлікія зоркі. Да юбілею Адама Русака сюды прыязджаў аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, з кампазітараў быў Ігар Лучанок, наведалі Пясочнае Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская разам з іншымі артыстамі беларускай эстрады. На ўра ўспрымаюцца і маладыя артысты, якія пачалі кар’еру зусім нядаўна. Летам выступаў вакальны гурт “Камерата” – канцэртная зала спрыяла добраму жывому гуку. Артыстам апладзіравалі стоячы, а гэта яшчэ раз пацвярджае, што такія канцэрты трэба праводзіць.
Акрамя мерапрыемстваў праводзіцца і творчая праца з людзьмі розных узростаў. Тут існуюць восем фарміраванняў, шэсць з якіх – мастацкія гурткі, а два – клубныя аб’яднанні, дзе першае, дзіцячае, з экалагічным ухілам “Крыніца”. І гэта не проста так, бо каля аг. Пясочнае працякае рака Нёман. Юныя ўдзельнікі клубнага аб’яднання праводзяць віктарыны, канцэрты і паходы. Другое аб’яднанне – клуб сям’і “Калейдаскоп”, дзе пары, ад маладых да пажылых, збіраюцца і рыхтуюць віншавальныя паштоўкі да юбілейных дат. Там жа ўдзельнічаюць і дзеці, ствараючы сувеніры і канцэртныя віншавальныя нумары для жыхароў мясцовай гаспадаркі. Арганізоўваюцца паездкі да людзей больш сталага ўзросту, якія не маюць магчымасці прыйсці на мерапрыемства ў клуб.
Удзельнікі ўсіх аб’яднанняў і гурткоў зацікаўлены ў мерапрыемствах, якія праводзяцца тут. Бо гэта не проста праца – гэта душэўная цеплыня і клопат пра сваіх землякоў і гасцей аграгарадка.
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Л. П. Карповіч праводзіць заняткі з дзецьмі
Комментарии