Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

35

Па жыцці з усмешкай

13.10.2013
Амаль ніводнае раённае свята не абходзіцца без Таццяны Вошкат, якая працуе дырэктарам Пацейкаўскага сельскага Дома культуры. Да таго ж Таццяна Адамаўна — удзельніца народнага тэатра гульні і гумару “Капыльскія пацехі”, куды яна прыйшла з пачатку заснавання калектыву. Добрае пачуццё гумару, уменне трымацца на сцэне, выдатныя вакальныя даныя і, галоўнае, уменне “завесці” глядзельную залу — усё гэта гадоў дваццаць таму разгледзела ў новым работніку культуры Любоў Галубовіч і запрасіла ў свой калектыў, які толькі-толькі пачынаў работу. Таццяна Адамаўна не мае спецыяльнай музычнай або тэатральнай адукацыі. Усё тое, чым яна сёння радуе або здзіўляе свайго гледача, — гэта ўменне спалучыць дадзены прыродай талент са слушнымі парадамі сваіх калег. А яшчэ — надзвычайнае абаянне і здольнасць насуперак усім нягодам ісці па жыцці з усмешкай на твары. — Я заўсёды з цеплынёй успамінаю кудзінавіцкіх жанчын, спевы якіх слухала з ранняга дзяцінства, — расказвае Таццяна Вошкат. — Менавіта ад іх я атрымала першыя ўрокі народнай творчасці. Будучы школьніцай, займалася ў калектыве мастацкай самадзейнасці пад кіраўніцтвам тадышняй загадчыцы Кудзінавіцкага сельскага клуба Зінаіды Міхайлаўны Кіулы. Пазней — у Ніны Уладзіміраўны Лабацэвіч, якая ўзначальвала ўстанову культуры ў Пацейках. З вялікай цеплынёй расказвала Таццяна Адамаўна пра свой калектыў мастацкай самадзейнасці. Усе святы, значныя падзеі ў жыцці вяскоўцаў становяцца больш яскравымі і запамінальнымі з удзелам мясцовых артыстаў. “Мы стараемся наведваць усе, нават самыя маленькія вёсачкі, — дзеліцца Таццяна. — Хочацца, каб вяскоўцы не былі абдзелены нашай увагай, уздымаем іх настрой, імкнёмся запэўніць, што вясёлая песня, трапнае слова і добры настрой заўсёды дапамогуць справіцца з усімі нягодамі. Не застаюцца па-за ўвагай і працаўнікі гаспадаркі падчас важных сельгаскампаній. І ў сваю чаргу кіраўніцтва і прафкам ААТ “Прагрэс 2010” заўсёды адгукаюцца на патрэбы нашай установы культуры”. Днямі Таццяна Адамаўна прымала самыя шчырыя віншаванні ад сваіх калег, аднавяскоўцаў, проста знаёмых з юбілеем. Але самыя сардэчныя пажаданні і прызнанні гучалі, вядома ж, з вуснаў яе родных. Дочкі Аляксандра і Наталля, унукі Ілля, Глеб і Арсеній шчыра ўпэўнены, што ў іх самая лепшая матуля і бабуля. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара   Таццяна Вошкат  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей