У рамках мерапрыемстваў да Міжнароднага дня пажылых людзей Капыльская раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа на чале з яе старшынёй Нінай Жук наведала Бабаўнянскую бальніцу сястрынскага догляду.

Сапраўднае свята для 25 пацыентаў установы стварылі валанцёры таварыства – навучэнцы Лясноўскай СШ. Дзяўчынкі і хлопчыкі падрыхтавалі тэматычную канцэртную праграму і салодкую выпечку. Таксама ласункі перадаў дырэктар прыватнага прадпрыемства “Айсберг-прадукт” Аляксандр Вабішчэвіч. Тых жа, хто не змог прысутнічаць непасрэдна на канцэрце, валанцёры наведалі ў палатах.
– Усе дзеці і педагогі нашай установы адукацыі заўсёды з разуменнем адносяцца да правядзення дабрачынных акцый, – адзначае настаўніца пачатковых класаў, старшыня пярвічкі БТЧК Лясноўскай СШ Таццяна Цвірко. – Мы часта наведваем гэту бальніцу. Бывае, што гэтым адзінокім людзям хочацца проста з некім пагаварыць, каб нехта выслухаў. І мы іх падтрымліваем, стараемся не пакінуць без увагі.
Для пацыентаў у бальніцы ствараюцца ўмовы, па меры магчымасці набліжаныя да дамашніх, і нават персанал для гэтых людзей ужо стаў амаль родным.
– Сёлета заменены вокны на шклопакеты, перароблена сістэма ацяплення, засталося закончыць касметычны рамонт. У асноўным работы праводзяцца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, – падкрэслівае загадчыца бальніцы Таццяна Янушка. – Таксама ёсць неабыякавыя людзі, якія нам аказваюць дапамогу. У іх ліку кіраўніцтва РСУП “Бабоўня”, ААТ “Прагрэс 2010”, нядаўна аказала падтрымку маладая будаўнічая фірма – ТАА “Гидропром-стройка” з г. Мінска (дырэктар М. Г. Кісель).
Сяргей КОЗЕЛ
НА ЗДЫМКУ: падчас сустрэчы.
Фота аўтара
Комментарии