У вёсцы Пясочнае на Капыльшчыне, дзе непадалёку бярэ пачатак рака Нёман, у пачатку мінулага стагоддзя была праваслаўная царква, і сюды ў 1908 годзе пасля заканчэння Мінскай духоўнай семінарыі прыехаў святар Уладзімір Іларыёнавіч Пастэрнацкі з жонкай Наталляй Сасіноўскай, якая ў той год таксама закончыла духоўную семінарыю, і яны пажаніліся.
Прыезд іх туды быў невыпадковым: настаяцелем Песачанскай царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла шмат гадоў быў бацька жонкі, Феафан Сасіноўскі. Ужо ў немалых гадах, хваравіты святар перадаў прыход 23-гадоваму зяцю. У пачатку 20-х гадоў яго стараннасць па службе і аўтарытэт сярод прыхаджан заўважылі ў Мінскай епархіі, і ён стаў благачынным усіх цэркваў на Капыльшчыне. Па тым часе гэта не спадабалася новай уладзе, якая актыўна, як і паўсюль па краіне, насаджала ў грамадстве атэізм з закрыццём храмаў і арыштамі святароў.
Ганенне на айца Уладзіміра пачалося з таго, што ў 1931 годзе ў яго забралі карову, без якой у вёсцы, ды яшчэ з трыма малымі дзецьмі, цяжка пражыць. Таму восенню 1932 года ён мусіў пераехаць з сям’ёй у Капыль, дзе вёў службу ў Спаса-Узнясенскай царкве. Праз год да айца Уладзіміра дайшла з Пясочнага трывожная чутка – там атэісты з ліку сельскіх камбедчыкаў, разбурылі царкву. Дарэчы, на той год у раёне былі зачынены ўсе праваслаўныя храмы і восенню 1933 года айцец Уладзімір застаўся адзіным святаром. Але і гэта не давала спакою мясцовым НКУСаўцам. Айца Уладзіміра не раз выклікалі ў сваю ўправу, угаворвалі: “Отрекись своего сана, мы тебе дадим место бухгалтера, будешь иметь твердый заработок”. Ён не паддаўся. І тады прыгразілі: “Не отречешься – исчезнешь без следа!» Айцец Уладзімір адказваў, што будзе і далей заставацца верным Усявышняму і несці свой пакутны крыж. Тады яго абклалі непасільнымі падаткамі, траіх дзяцей-школьнікаў выключылі са школы-дзявяцігодкі, царкву закрылі. Як жыць пяцярым душам без капейкі грошай? Айцец Уладзімір стаў ездзіць па вёсках, хрысціў дзяцей, адпяваў нябожчыкаў. І прыхаджане, не страціўшыя веры ў Бога, дапамагалі яму чым маглі, каб сям’я магла выжыць.
У 1936 годзе айца Уладзіміра арыштавалі і раённы суд прыгаварыў яго, за забароненую ўладамі царкоўную службу на вёсцы, да 2-х гадоў папраўча-працоўных работ за межамі раёна. Капыляне не пакінулі ў бядзе яго жонку з дзецьмі. Употай прыносілі ноччу хто паўмяха бульбы, хто торбу мукі, дзясятак яек, гладыш малака…
Праз год, у 1937-м, айца Уладзіміра вызвалілі з лагера, і ён мусіў пераехаць з сям’ёй у горад Рослаўль Смаленскай вобласці, дзе праз некалькі дзён быў зноў арыштаваны і 5 студзеня 1938 года асобай тройкай НКУС прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны пасля 1956 года. У афіцыйнай паперцы, дасланай жонцы, было пазначана: “Памёр ад паралічу сэрца”. Такія адпіскі тады атрымлівалі родзічы соцен тысяч бязвінна расстраляных у гады вялікага тэрору.
Было б вельмі добра, каб на будынку Капыльскай праваслаўнай царквы з’явілася мемарыяльная дошка ў памяць аб святару-мучаніку Уладзіміру Пастэрнацкаму, а адну з вуліц горада назвалі яго прозвішчам.
P.S. Пра жыццёвы і пакутлівы шлях Уладзіміра Пастэрнацкага я выпадкова даведаўся ў часопісе “Небеса обетованные”, які набыў у электрычцы, што ішла з Мінска да Барысава, ад разносчыка газет, часопісаў, і палічыў гэта свайго роду падарункам Боскім.
Міхаіл ТЫЧЫНА,
ветэран Вялікай Айчыннай вайны, журналіст
Комментарии