У рамках Года бяспекі працы ў прамысловасці, якім з’яўляецца 2013 год, прайшоў чарговы раённы Дзень аховы працы на базе Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” з запрашэннем спецыялістаў па ахове працы прамысловых прадпрыемстваў.
Адкрыла семінар намеснік старшыні райвыканкама Ала Раманоўская, якая акрэсліла тэму і задачы, вынесеныя на разгляд.
Як адзначыла начальнік аддзела сацыяльна-прававых адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Лятчэня, у маі 2013 года Капыльскім райвыканкамам прынята рашэнне, у якім вызначаны мерапрыемствы па правядзенні Года бяспекі працы ў прамысловасці. Дарэчы, палова з іх ужо выканана. Засталося ажыццявіць комплекс мерапрыемстваў па тэхнічным пераўзбраенні і мадэрнізацыі вытворчасці, паляпшэнні ўмоў працы работнікаў; па ўкараненні праграмнага забеспячэння для павышэння якасці навучання і праверкі ведаў кіраўнікоў, спецыялістаў, работнікаў па пытаннях аховы працы; па павышэнні кваліфікацыі; атэстацыі працоўных месцаў са шкоднымі ўмовамі працы; па падрыхтоўцы да пажаранебяспечнага, асенне-зімовага перыядаў і іншыя.
Напачатку пасяджэння намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, інжынер па ахове працы Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” Уладзімір Дамашэвіч пазнаёміў з гісторыяй завода і расказаў пра дзень сённяшні. Як вядома, са стварэннем перапрацоўчага холдынга на прадпрыемстве скараціўся асартымент прадукцыі. Цяпер тут выпускаюцца сухое малако і сыроватка, цвёрдыя сыры і сметанковае масла. Працуюць у філіяле і дапаможныя службы, сярод якіх кацельня, кампрэсарная, энергаслужба, механічны ўчастак, станцыя тэхабслугоўвання жывёлагадоўчых фермаў. Дарэчы, менавіта на іх удзельнікі семінара маглі азнаёміцца з умовамі працы і адпачынку.
Што ж датычыцца пытанняў аховы працы, то работа ў гэтым напрамку арганізавана ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Працоўным кодэксам, Законам “Аб ахове працы” і нарматыўнымі дакументамі. Сярэдняспісачная колькасць работнікаў на прадпрыемстве 280 чалавек, налічваецца 105 працоўных месцаў, з іх са шкоднымі умовамі – 24, на якіх працуюць 85 чалавек (вадзіцелі, работнікі кампрэсарнай, цэхаў сушкі сыроваткі і сухога малака). Каб абараніць ад прафесійных захворванняў, набываюцца сродкі аховы: рэспіратары, навушнікі. Увогуле, як паведаміў Уладзімір Дамашэвіч, на ажыццяўленне комплексу мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў працы ў філіяле на 2013 год запланавана 17 млрд рублёў. У тым ліку яны будуць зрасходаваны на мадэрнізацыю вытворчасці – набыццё новага абсталявання, на забеспячэнне спецадзеннем (згодна з калектыўным дагаворам на ўсіх вытворчых участках халаты выдаюцца на 3 месяцы, работнікам механічнай службы – 3 касцюмы на год, вопратка мыецца ў сваёй пральні). Для кантролю за работай цэхаў і тых, хто працуе ў начны час, у выхадныя і святочныя дні зацверджаны графік дзяжурства адказных спецыялістаў. Па перыметры завод абнесены бетоннай агароджай з калючым дротам. У цэхах і на тэрыторыі ўстаноўлены 24 камеры сістэмы відэаназірання. Для арганізацыі грамадскага кантролю ва ўсіх цэхах і дапаможных службах назначаны грамадскія інспектары. Харчавацца работнікі могуць у спецыяльных пакоях, абсталяваных неабходнай мэбляй, халадзільнікамі, мікрахвалевымі печамі, чайнікамі і г. д.
Праверка ведаў спецыялістаў і кіраўнікоў, якія ўваходзяць у камісію па ахове працы, ажыццяўляецца ў галоўным прадпрыемстве ў Мінску раз у тры гады з удзелам прадстаўнікоў Дзяржпрамнагляду. Для праверкі ведаў на прадпрыемстве набыта спецыяльная камп’ютарная праграма. У адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі распрацаваны інструкцыі па ахове працы і праводзіцца атэстацыя працоўных месцаў.
Галоўны дзяржаўны інспектар працы аддзела №5 Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі Аляксандр Уэльскі яшчэ раз асаблівую ўвагу звярнуў на парушэнні, звязаныя з цяжкімі траўмамі і смяротным зыходам. Вопытам работы па арганізацыі і правядзенні Дня аховы працы ў Капыльскім райспажыўтаварыстве падзялілася інжынер па ахове працы прадпрыемства Ларыса Новікава.
Сяргей КОЗЕЛ
НА ЗДЫМКУ: падчас наведвання кампрэсарнай.
Фота аўтара
Комментарии