Сёлета ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Сонейка” г. Капыля” прызнана лідарам сярод гарадскіх устаноў дашкольнай адукацыі Міншчыны.
[caption id="attachment_30595" align="aligncenter" width="443" caption="А. Радкевіч (справа) са спецыялістамі"]
[/caption]
Вядома ж, гэта заслуга ўсяго калектыву аднадумцаў, нястомных творцаў на чале з загадчыкам установы Зінаідай Мысінай. Перамога была невыпадковай, да яе ішлі не адзін год. Гэта шматгадовая праца кожнага педагога, усяго тэхнічнага персаналу. Ва ўстанове створаны належныя ўмовы для развіцця дзяцей. Тут працуюць тэатральная і студыя выяўленчага мастацтва, музычна-харэаграфічная, спартыўная і трэнажорная залы, арганізаваны групы інтэ-граванага навучання, спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы.
Менавіта ўсю работу навучальнага працэсу ажыццяўляюць спецыялісты Цэнтра па пэўных напрамках, а іх курыруе намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Аксана Радкевіч.
— Дваццаць тры гады таму пасля заканчэння Барысаўскага педвучылішча маладым спецыялістам я прыйшла сюды працаваць, — падкрэслівае Аксана Анатольеўна. — Спачатку была выхавальнікам, а вось ужо шэсць гадоў з’яўляюся намеснікам загадчыка. Атрымала вышэйшую адукацыю, закончыла па спецыяльнасці Беларускі педуніверсітэт імя М. Танка.
Увогуле жаданне ў Аксаны Радкевіч стаць педагогам было з дзяцінства. Яшчэ тады яна любіла “вучыць” сваіх лялек, розныя цацкі, а таксама бацькоў.
— Прафесія педагога — гэта жыццё, — адзначае Аксана Анатольеўна. — Жыццё, якое пражываеш на сваёй працы і робіш усё, каб кожны дзень бачыць усмешкі дзяцей, іх зацікаўленыя поспехі, радавацца разам з імі, увогуле ствараць “сонечны” настрой, які павінен адпавядаць назве нашай установы.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии