Вадзіцель ААТ “Ціміразеўскі” Сяргей Турэйка становіцца ўдзельнікам рэспубліканскага фестывалю-кірмашу “Дажынкі” ўжо не першы раз. Летась у спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў ён стаў лепшым, сёлета — заняў другое месца.

На сваім старэнькім ГАЗ-53 Сяргей перавёз 1041 тону збажыны — і гэта адзін з лепшых рэзультатаў у Мінскай вобласці.
Атрыманыя падарункі — мікрахвалевая печ і грашовая прэмія — спатрэбяцца ў хатняй гаспадарцы, але больш за ўсё радуе Сяргея тое, што яго запаветная мара — зноў пабываць на рэспубліканскіх “Дажынках” — усё ж такі здзейснілася. Гэтаму спрыяла ўсё: і бездакорная работа аўтамабіля, і вялікае старанне, і настрой на працу самога вадзіцеля, і надзейная падтрымка яго блізкіх — жонкі Юліі і дачушкі-першакласніцы Насці.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии