Зусім нядаўна па стане здароўя мне давялося трапіць у капыльскую бальніцу. Паколькі тут неўралагічнага аддзялення няма, паклалі ў тэрапеўтычнае. І я хачу расказаць пра людзей, якія дапамаглі мне паправіцца.
Лячыў мяне малады ўрач-неўролаг Андрэй Леанідавіч Тароцька, які ў 2008 годзе закончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Пад апекай вопытнейшага ўрача-неўролага Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы Генадзя Пятровіча Рака ён за некалькі гадоў засвоіў методыку лячэння неўралагічна хворых пацыентаў. Цяпер Андрэй Леанідавіч працуе самастойна і ў той жа час пад пільным наглядам свайго больш вопытнага калегі. Мала таго, Генадзь Пятровіч прывіў маладому ўрачу такую любоў да неўралогіі, што той паступіў у ардынатуру пры 9-й клінічнай бальніцы г. Мінска і працягвае глыбока і ўсебакова вывучаць гэтую і іншыя вобласці медыцынскай навукі. Выязджае на кожныя выхадныя ў сталіцу: днём ён у бібліятэцы, а ўвечары разам з дзяжурным урачом у аддзяленні на практыцы засвойвае атрыманыя ў кнігах веды. Раніцай у панядзелак Андрэй Тароцька на машыне вяртаецца на працу ў капыльскую бальніцу. І так яго навучанне ў ардынатуры цягнецца ўжо больш за год. Якую ж сілу волі і якую любоў да медыцыны трэба мець, каб так старанна і так упарта вывучаць яе глыбіні. Усё гэта робіцца без прымусу, па добрай волі і не дзеля карысці, а толькі для таго, каб быць патрэбным, сапраўдным спецыялістам у сваёй прафесіі і дапамагаць людзям.
Я ніколі не бачыў на твары Андрэя Леанідавіча нейкага незадавальнення і не заўважаў, каб ён мімаходам паглядзеў хворага і тут жа бег далей. Наадварот, доктар заўсёды грунтоўна паслухае хворага, памацае, дзе баліць, назначыць лячэнне і толькі пасля ідзе да наступнага пацыента. Да асабліва цяжкіх хворых заходзіць і ў першай палове дня, і ў другой.
Бальніца, зразумела, вельмі вялікая, і хворых, як заўсёды, хоць адбаўляй, а ён адзін (калега быў у адпачынку). Аднак я ніколі не чуў ад Андрэя Леанідавіча скаргі, што яму аднаму цяжка і няма часу нават з’есці свой бутэрброд.
Хочацца сказаць некалькі доб-рых і цёплых слоў у адрас палатных медсясцёр бальніцы, у прыватнасці, расказаць пра медсясцёр тэрапеўтычнага аддзялення. Усе яны працуюць надзвычай зладжана і добрасумленна: кожная на сваім пасту выконвае сваю работу ціха і спакойна, з уласцівым ім прафесіяналізмам. Асобна хочацца адзначыць работу працэдурнай медсястры тэрапеўтычнага аддзялення Ірыны Ігараўны Дарафей. На ўсё аддзяленне яна адна (60 хворых чалавек). Кожны дзень ёй трэба паставіць кропельніцы, узяць з вены кроў на аналіз, спакойна, даступна і ветліва растлумачыць пацыенту, для якіх аналізаў гэта патрэбна, і г. д. І робіцца ўсё на высокім прафесійным узроўні. Ірына Ігараўна добра разумее сваю адказнасць: перад ёй хворы, слабы, нямоглы чалавек, і яму трэба дапамагаць. Каб паспець справіцца з усёй работай, якую неабходна выканаць за працоўны дзень, ёй прыходзіцца ўлічваць кожную працоўную хвіліну. Як яна працуе — гэта трэба бачыць, бо пераказаць словамі немагчыма.
Маладая, абаяльная, спрытная, з высокім прафесіяналізмам і пяцігадовым стажам работы ў рэанімацыі, яна зачароўвае сваім уменнем. І ўсё робіцца з нейкай незвычайнай мяккасцю ў абыходжанні з хворым пацыентам, з ветлівасцю і міласэрнасцю, са спачуваннем кожнаму хвораму без выключэння. Я аднойчы спытаў у яе: “Моцна стамляецеся за працоўны дзень?” І яна адказала: “Я вельмі люблю сваю работу і людзей, і можа таму не адчуваю стомленасці. Раблю ўсё з асаблівай ахвотай і радасцю. І сваёю сціплай працаю я стараюся дапамагчы ўсім хворым у іх больш хуткім выздараўленні”. Паслухаеш Ірыну, паглядзіш на яе работу — і тут жа ахоплівае цябе пачуццё гонару, што людзі ў нас такія ёсць.
Санітаркі, як і медыцынскія сёстры, вельмі занятыя. Скажу некалькі слоў пра адну з іх — Таццяну Паўлаўну Паўленка. Закончыўшы школу ў в. Дусаеўшчына, паступіла ў вучылішча ў Шастаках, атрымала спецыяльнасць “лабарантка”. Праз тры гады вырашыла пайсці вучыцца на курсы сакратароў-машыністак у Мінску і, закончыўшы іх, працавала па спецыяльнасці ў ашчаднай касе ў Капылі. Хутка трапіла пад скарачэнне, была вымушана пайсці на так званую “біржу”. І нарэшце ўладкавалася санітаркай у Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе яна ўжо працуе 22 гады. Мае двух сыноў: старэйшаму 20 гадоў (інвалід 2-й групы з цяжкім захворваннем), другому — 13 гадоў (вучыцца ў капыльскай школе).
Таццяна Паўлаўна — дабрадушная, добразычлівая, маўклівая, цярплівая, надзвычай старанная, працавітая і акуратная жанчына. Прыходзіць на работу дзесьці а палове 8 гадзіны раніцы і да канца свайго працоўнага дня выконвае свае абавязкі не разгінаючыся. Толькі на яе стомленым твары часта можна бачыць ціхія, скупыя струменьчыкі празрыстага салёнага поту. Бывае, па графіку прыходзіцца працаваць і ў другую змену, і ўсю ноч напралёт, да раніцы, а пасля трэба хуценька садзіцца на веласіпед і ехаць дамоў у сваю вёсачку, каб прыступіць да новай працы на сваёй гаспадарцы (карова, свінні, куры і інш.) — трэба ж карміць сям’ю, гадаваць і вучыць дзяцей. І ні разу мне не давялося пачуць ад Таццяны Паўлаўны скаргі на свой лёс, на малую зарплату. Яна бясконца рада, што мае работу, што яе так цэняць, любяць і паважаюць.
Санітарка-буфетчыца Кацярына Львоўна Кунтыш надзвычай працавітая. У яе абавязкі ўваходзіць, перш за ўсё, своечасова накарміць усіх хворых цёплай і смачнай ежай. І выконвае яна сваю работу з гонарам. У раздатачнай (буфетнай) усё павінна быць крышталёва-чыста. Каб ежа не астывала, буфетчыцы дапамагаюць паставая медсястра і санітарка. Кацярына Львоўна вельмі пільна сочыць, каб кожны хворы атрымаў тую ежу, якая назначана яму лечачым урачом, каб, скажам, дыябетыку не падалі салодкі чай, кампот ці кісель.
Адным словам, службы ў тэрапеўтычным аддзяленні, якую ўзначальвае Аксана Пятроўна Мінчэня, пастаўлены так, што кожны нясе самую сур’ёзную адказнасць за сваю работу. Таму і парадак такі, і дысцыпліна такая. Усе пацыенты задаволены і лячэннем, і медперсаналам, і абслугоўваннем. У заключэнне хачу пажадаць медперсаналу тэрапеўтычнага аддзялення, у прыватнасці, і медперсаналу Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы ў цэлым, каб на працягу ўсяго іх жыццёвага і працоўнага шляху заўсёды неадступна-разам спадарожнічалі з імі іх поспех працоўны, іх гонар сямейны, павага і падзяка людская.
Антон ГУРСКІ,
кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР
Комментарии