Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

21

На “зімовыя кватэры”

28.09.2013
Згодна з загадам № 49, падпісаным першым намеснікам старшыні райвыканкама начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ірынай Кісляк 24 верасня 2013 года, створаны чатыры групы з ліку заатэхнікаў і ветурачоў для праверкі гатоўнасці фермаў да зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы. Падчас выезду адказных спецыялістаў у гаспадаркі раёна ў прысутнасці кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў былі наведаны ўсе фермы, складзены і падпісаны акты гатоўнасці з указаннем крайніх тэрмінаў для ліквідацыі выяўленых недахопаў. Разам з першым намеснікам начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталем Ракевічам і ветурачом раённай ветстанцыі Алай Ярмоленка давялося аб’ехаць усе жывёлагадоўчыя аб’екты КСУП “Грозава-агра” і КСУП “Доктаравічы”. Адразу трэба сказаць, што “на выдатна” да зімова-стойлавага перыяду не падрыхтавалася ніводная з названых гаспадарак. Паводле слоў Віталя Аляксандравіча, сярод асноўных патрабаванняў, якія неабходна было выканаць, падрыхтоўка жывёлагадоўчых памяшканняў, пастаноўка і раздзяленне дойнага статку па прадукцыйнасці і фізіялагічым стане, выдзяленне сухастойных кароў (на два перыяды), перавод усёй жывёлы на зімовы распарадак дня і зімовыя рацыёны кармлення. Нельга забываць і пра тое, што карове неабходны прагулкі на свежым паветры. Тым больш, што сёняшняе надвор’е яшчэ дазваляе выганяць кароў на пашу (але не больш, чым на тры гадзіны). Менавіта на гэтыя аспекты, а таксама на забяспечанасць фермаў кадрамі, навя- дзенне парадку на прыфермскай тэрыторыі і стварэнне належных умоў для жывёлаводаў звярталася самая пільная ўвага падчас узаемаправеркі. У КСУП “Грозава-агра” жывёлу на “зімовыя кватэры” паставілі толькі 24 верасня. Да гэтага часу фермы набылі даволі прывабны выгляд: унутры памяшканні пабелены, пафарбавана абсталяванне, зроблены неабходныя рамонтныя работы. Чаго не скажаш пра прыфермскія тэрыторыі. Яны не абгароджаны, неабгрунтавана займаюць вельмі вялікія плошчы і ў сваёй большасці зараслі высокім пустазеллем, якое, відаць, калі і касілася, то толькі раз. У гаспадарцы арганізавана трохразовае даенне кароў, аднак неабходная інфармацыя пра жывёлу (адпаведныя картачкі і адметкі аб выдзяленні навацельных кароў) вывешана не ўсюды. Не знайшлося месца для стэнда з інфармацыяй аб ходзе выканання даведзеных заданняў і іншых неабходных звестак на ферме ў в. Яўсеевічы. Але самае прыкрае ўражанне засталося пасля наведвання МТФ “Грозава”. Менавіта тут было выказана найбольш заўваг: і па ўтрыманні цялушак (няма вады), і па стварэнні бытавых умоў для жывёлаводаў. Быў дадзены тэрмін да 10 кастрычніка для ліквідацыі выяўленых недахопаў. Яшчэ больш нараканняў падчас праверкі было выказана ў адрас кіраўніцтва і зоаветспецыялістаў КСУП “Доктаравічы”. Напрыклад, пабелкай памяшканняў жывёлагадоўчых аб’ектаў тут яшчэ толькі збіраюцца заняцца. У рацыёне жывёлы — здробненая зялёная кукурузная маса, і ўвогуле не распрацаваны зімовыя рацыёны кармлення. Віталь Ракевіч выказаў патрабаванне ўключыць у работу кормараздатчыкі-змешвальнікі для забеспячэння больш збалансаванага кармлення і эфектыўнага выкарыстання кармоў. На ўсіх МТФ няма інфармацыйных экранаў, па якіх можна было б сачыць за вынікамі работы жывёлаводаў і выкананнем імі даведзеных заданняў. Ёсць у сельгаспрадпрыемстве кадравая праблема: з ветурачамі, асемянатарамі і нават даяркамі. Магчыма таму і чуюцца апошнім часам ў адрас КСУП “Доктаравічы” нараканні на нізкую выніковасць працы ў жывёлагадоўлі. Тым не менш, тэрыторыя ўсіх наведаных аб’ектаў выглядае значна лепей, чым у першай гаспадарцы. “Безумоўна, у вас зроблена нямала, улічваючы рэканструкцыю фермы, — адзначыў напрыканцы сустрэчы Віталь Ракевіч, звяртаючыся да кіраўніка і галоўных спецыялістаў сельгаспрадпрыемства. — Але і недахопаў яшчэ шмат. Таму неабходна яшчэ больш увагі надаваць такой важнай галіне для эканомікі вашай гаспадаркі, тым больш у зімова-стойлавы перыяд”. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей