
У адной вёсцы жылі сяляне Васіль ды Кандрат. Аднавяскоўцы ведалі іх як заўзятых аматараў паспрачацца. Прычым Васіль і Кандрат спрачаліся так, што падчас за чубы браліся. Шумелі, як стары лес у зімовую сцюжу, ажно суседзям прыходзілася іх разнімаць…
Аднойчы сядзелі яны на прызбе Васілёвай хаты ды балбаталі, як базарныя цёткі. Пра тое-сёе, усё больш будзённае, вясковае. Усе апошнія навіны абгаварылі-абсмакталі.
Васіль даказваў, што Зямлю Бог паставіў у самым цэнтры Сусвету, а Сонца, шматлікія зоркі і планеты ўжо потым размясціў вакол. Усё гэта Васіль, як заўсёды, абгрунтоўваў спакойна і ўпэўнена: ён умеў весці культурную палеміку.
Кандрат жа пачаў даказваць, што зямля, па якой мы ходзім з маленства, зусім ніякі не цэнтр Сусвету. А ў кожнага чалавечка на гэтай зямлі — свой кароткі шлях, які наканавана яму прайсці. Больш таго, казаў Кандрат, Зямля стаіць на самым краёчку Сусвету. Адным словам, месца Зямлі, як хаты з краю…
Усё гэта Кандрат даказваў узбуджана, нерваваўся, крычаў, хапаючы за грудзі Васіля, прыплёўваючы на зямлю, хіба што толькі мацюкацца не пачаў. Пры гэтым нешта ўвесь час на зямлі кійком чарціў ды пальцамі ў неба паказваў… З боку можна было сказаць, што гэта вар’ят ці д’ябал нейкі ў вёсцы завёўся.
Так бы сяляне яшчэ доўга спрачалі-ся, але тут да іх падышоў яшчэ адзін сусед Нічыпар на добрым падпітку. І адразу:
— Во, трэцім буду…
Аднак вясковым філосафам зусім было не да напояў. Васіль ды Кандрат звярнуліся да Нічыпара з просьбай, каб ён вырашыў, хто з іх мае рацыю ў гэтай нялёгкай спрэчцы. Нічыпар падумаў-падумаў ды й кажа:
— Складаная ў вас гаворка, не сялянская. Пытанні вашы хіба што да Бога! У яго і запытайце.
Васіль ды Кандрат амаль што разам:
— Божа, дапамажы нам, скажы, адкуль наша Зямля ўзялася і ўсё, што мы бачым на зямлі і ў небе. Каму з нас трэба верыць? Васілю ці Кандрату?
І тут зусім нечакана яны пачулі голас Божы з нябёсаў:
— З чаго гэты вы, зямляне, узялі, што Я, калі ствараў Зямлю, думаў, як будуць казаць пра гэта потым няўдзячныя людцы? Я зусім не клапаціўся, каб гэта было простым для разумення і вельмі зручным для карыстання. Сам працэс Вялікага Стварэння быў надзвычай доўгім і мудрым. І запомніце: адзін дурань можа больш пытаць, чым дзесяць мудрацоў адказаць. І праўдзіва толькі тое, што адпавядае розуму і прыродзе. Ваша праўда — гэта добрасумленнае жыццё на роднай зямлі!
Голас знік так жа нечакана, як і з’явіўся. А Васіль, Кандрат і Нічыпар яшчэ доўга сядзелі моўчкі. Спрачацца больш не хацелася…
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
г. Віцебск
Комментарии