Менавіта на ХХІ стагоддзе прыйшлася эвалюцыя сацыяльна-асветніцкай ролі бібліятэк. Мяняюцца традыцыйныя ўнутрыбібліятэчныя тэхналогіі, формы абслугоўвання, характар узаемаадносін з рознымі ўстановамі. Бібліятэкі ў сучасным грамадстве зацвердзілі сваю ролю як галоўнага інфармацыйна-культурнага цэнтра рэгіёна з новымі падыходамі да супрацоўніцтва, сучасным мышленнем, аператыўным рэагаваннем на асноўныя падзеі ў рэгіёне і дзяржаве.
Пошук, творчасць, рух толькі наперад, дапамога і ўзаемадапамога – вось асноўныя нашы прынцыпы. Бібліятэкі павінны ісці не ў нагу з часам, а трошкі абганяць яго, тады будзе поспех. А поспех ёсць: гэта чарговая перамога на рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі, прызнана лепшай на ўзроўні вобласці сярод устаноў культуры па ідэалагічным афармленні Лясноўская сельская бібліятэка, адзначана арыгінальнасць прадстаўлення матэрыялаў Ванелевіцкай сельскай бібліятэкі на фестывалі бібліятэчнай творчасці “Сэрцам да подзвігу дакраніся”, прысвечаным 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Але галоўныя нашы здабыткі – чытачы, якія карыстаюцца нашымі паслугамі, супрацоўнічаюць з намі. Як доказ таму — удзел самых актыўных чытачоў у конкурсе дзіцячай творчасці «Я не волшебник, я только учусь: вдохновение, рожденное книгой». На конкурс атрыманы матэрыялы ад 24 чытачоў. Гэта вышыўка, бацік, выцінанка, мастацтва арыгамі, карціны з цеста, малюнкі. Мы запрашаем усіх жадаючых на прагляд дзіцячых твораў у цэнтральную раённую бібліятэку імя А. Астрэйкі і ўдзячны нашым чытачам, што яны любяць і ведаюць кнігу, якая іх натхняе на творчасць. А лепшых вызначыць журы менавіта ў Дзень бібліятэк.
Вялікі дзякуй мы сёння гаворым нашаму ганароваму земляку Антону Іванавічу Гурскаму, які з’яўляецца нашым частым госцем і сябрам, перадаў шмат літаратуры са сваёй бібліятэкі і асабістыя кнігі. Удзячны таксама чытачам дзіцячай бібліятэкі А. С. Галожынай, Т. І. Кісловай, Г. А. Ціхамай, чытачам цэнтральнай раённай бібліятэкі імя А. Астрэйкі А. С. Абрамавай, А. М. Умінскай, М. П. Мардасевіч, Н. Радкевіч, А. В. Шышмарову, І. А. Зяньковіч.
Цікавы падарунак атрымала Жыліхаўская сель-ская бібліятэка ад актыўнай чытачкі Святланы Наяровіч – газеты 1945 -1949 гадоў выдання з унікальнымі краязнаўчымі звесткамі і гістарычнымі матэрыяламі. А днямі бібліятэка атрымала паштовую скрыню з горада Сярэднеуральска ад Аляксандры Іванаўны Васьковай, сваячкі сяржанта Васькова, які загінуў каля вёскі падчас вызваленчай аперацыі. Аляксандра Іванаўна — ганаровы грамадзянін Сярэднеуральска, заслужаны настаўнік Расіі — па стане здароўя не змагла прыехаць на магілу сваяка, а выслала цікавыя матэрыялы аб радзіме сяржанта Васькова, копіі фотаздымкаў з сямейнага архіва.
Чытачы Быстрыцкай сельскай бібліятэкі Л. К. Іванова, Л. В. Уласавец дораць бібліятэцы кнігі, а М. Р. Малібошка сабраў першыя экспанаты для кутка побыту, які адкрыты ў бібліятэцы.
Бібліятэка жыве сваімі чытачамі, іх здабыткамі. Дзень бібліятэк, свята для ўсіх, хто любіць кнігу – як яе работнікаў, так і чытачоў. Дазвольце з нагоды свята выказаць усім словы ўдзячнасці. Шчыра жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, шматлікіх чытачоў, творчых поспехаў і дасягненняў.
Таццяна СЕРАЯ,
дырэктар Капыльскай ЦБС
Комментарии