Сонечны дзень 8 верасня пакінуў у Марыі Васільеўны Варанко з в. Пацейкі незабыўныя ўражанні. Гэта быў дзень яе 80-годдзя. Толькі ёй прызначаліся самыя прыгожыя кветкі, для яе гучалі цёплыя словы падзякі, прызнання ў любові ад дзяцей і ўнукаў – самае дарагое, што толькі ёсць у свеце.
— Гэта ж расказаць пра ўсё, дык у вас не хопіць часу напісаць, - сустрэла мяне прыветлівай усмешкай гаспадыня сядзібы, настаўніца з 40-гадовым педагагічным стажам. І праўду сказала Марыя Васільеўна: колькі ўсяго адбылося на яе вачах, колькі ўвабрала і перажыло яе трапяткое, клапатлівае сэрца за восем дзесяткаў гадоў. Калі матэрыял быў гатовы, я зразумела, што наша двухгадзінная размова толькі прыадчыніць для чытача некалькі старонак багатага, духоўна насычанага жыцця маёй гераіні.
Многія жыхары паважанага ўзросту ва ўспамінах пражытыя гады нібы дзеляць на дзве часткі – да вайны і пасля яе. Так было і зараз.
Нарадзілася Марыйка, як звала яе матуля, у сям’і простых і шчырых людзей у в. Траянава. Два браты, Пётр і Яўген, перад вайной мелі ўжо свае сем’і, а ў першы яе год нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык. З цягам часу сям’я перабралася ў Пацейкі. Пётр працаваў піянерважатым у школе, туды ўладкавалася тэхнічкай і маці. Марыя ўвесь свой час праводзіла ў школе. Яна вельмі любіла слухаць настаўнікаў, гаварыць з імі, чэрпаць новыя, цікавыя пазнанні. Усё б было добра, каб не праклятая вайна. Дзяцінства было апалена жорсткасцю, якую прынесла Другая сусветная. Ужо колькі гадоў прайшло, а памяць пра ўсё, што тады здарылася, не згасае.
— Я не ўдзельніца вайны. Маё пакаленне называюць “дзеці вайны”, — распачала размову мая субяседніца. — У той памятны дзень у вёсцы было вяселле і я з сяброўкамі зранку пайшла гуляць. Калі вярнулася дамоў, убачыла, што ў нас сабралася шмат жанчын. Так у сваёй хаце я пачула страшэннае слова “вайна”. Праз тыдзень немцы з’явіліся ў нашай вёсцы. Мужчыны ўжо былі мабілізаваны на фронт. Першую карную аперацыю фашысты правялі адразу – сагналі цыган у адну хату і падпалілі яе. Абодва мае браты былі ў партызанах, таму мы знаходзіліся ў пастаянным страху, баяліся, каб хто не выдаў. Аднак, таму мусіла адбыцца.
Мама вельмі любіла мяне і, хвалюючыся за мой лёс, адправіла ў Траянава да сваякоў, бо туды немцы з’яўляліся рэдка. Я сумавала і прасілася дамоў. Напярэдадні самага страшнага і памятнага дня ў маім жыцці – 12 сакавіка 1943 года — мама прыйшла праведаць мяне, сэрца яе штосьці, мяркую, адчувала. Сказала, што, калі заўтра ўсё будзе спакойна, то цётка прывядзе мяне дадому. А назаўтра мы пачулі страляніну і ўбачылі чорны слуп дыму над Пацейкамі. Пра тое, як фашысты расправіліся з мірнымі жыхарамі, расказаў наш сусед. Першым карнікаў заўважыў мой бацька і крыкнуў, каб усе беглі да рачулкі ў кусты. Мама і цётка Волька схапілі малых сынкоў і пабеглі, але іх перапынілі немцы. Загналі ў хлеў і расстралялі, а потым там жа забілі і жонку дырэктара Траянаўскай школы з дзіцем. Хлеў і хату падпалілі. Бацька цудам застаўся жывы. Потым мы з ім стаялі, абняўшыся, на папялішчы і горка плакалі. Я на ўсё жыццё запомніла абгарэўшы твар мамы і агарачкі, што засталіся ад дзетак. Нашы суседзі і сваякі зрабілі дамавіну і пахавалі забітых разам. У 12 гадоў я засталася без маці. Бацька выкапаў зямлянку, дзе мы і жылі з жонкай брата. Гаравалі, канешне. Зямлянку залівала вада, не было адзення, не было чаго есці, але мы ўсім сэрцам спадзяваліся на перамогу. І дачакаліся яе. Майго брата Пятра па раненні не ўзялі на фронт, а назначылі дырэктарам дзіцячага дома ў г. п. Узда. Там выхоўвалася і я, там сустрэла Перамогу. Памятаю, як да нас на сустрэчу прыехаў Герой Савецкага Саюза, як мы хацелі да яго хаця б дакрануцца.
Пасля заканчэння сямі класаў я пайшла вучыцца ў Нясвіж- скае педагагічнае вучылішча. Цяпер успамінаецца, як хацелася дадому. Кожны тыдзень з торбачкай за плячыма пешшу ішла ў Пацейкі. Бацька застаўся жыць з другой жанчынай, і пяшчоты асаблівай мне не было, але ж цягнула дамоў. Голадна было. У пакоі нас пражывала 37 дзяўчат, кожная што-небудзь з дому прынясе, а мне дадуць паўбуханкі хлеба, шклянку масла — я і таму рада.
Праляцелі чатыры гады, я стала настаўніцай з правам выкладання беларускай мовы ў 5-7 класах, і ўладкавалася ў Астроўскую школу Нясвіжскага раёна. Потым завочна скончыла двухгадовы настаўніцкі інстытут у Баранавічах, пачала выкладаць гісторыю.
Сваю родную вёску Марыя любіла, не забывала сваіх сябровак і, галоўнае, Мікалая, з якім моцна пасябравала. Калі пасля дэмабілізацыі з Савецкай Арміі хлопец прапанаваў стаць жонкай, яна згадзілася.
— Мая гаспадыня, дзе я жыла на кватэры ў Нясвіжскім раёне, гаварыла: “Трэба ж, за калгасніка выйшла, адукаваная дзяўчына, учыцелька”. А я кахала свайго Мікалая. Усё жыццё. Ён быў добры, спакойны, выхаваны, сямейны чалавек. Увесь час працаваў у калгасе спачатку кавалём, потым токарам. На жаль, ён ужо пайшоў з жыцця, пакінуўшы мне глыбокі смутак і боль. Прыйшла я ў маленькую хату, дзе жылі яго састарэлыя дзядуля і бабуля, сястра, свякроў і кватаранты-настаўнікі. Здавалі пакой, бо настаўнікаў забяспечвалі палівам. Земляная падлога, дзіравы дах, часам няшчымніца, але атмасфера ўзаемапавагі, дабрыні, што панавала сярод усіх нас, перавагалі ўсё. Як мне даспадобы было называць свякроў “мамай” за яе пяшчоту, клопат, шчырае сэрца. Дзетак яна дапамагла мне выгадаваць, бо я завочна вучылася ў Мінскім педагагічным інстытуце імя Горкага. Працавала я ўжо ў Пацейкаўскай школе, спачатку настаўніцай гісторыі, потым намеснікам дырэктара.
Пра тое, якім педагогам была Марыя Васільеўна, сведчаць не толькі атрыманае ў 1970 годзе званне “Заслужаная настаўніца БССР”, Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР, іншыя шматлікія ўзнагароды. Добрая памяць вучняў таксама, як мінімум, медаля каштуе. А вучні памятаюць. Нават цяпер, калі самі сталі пенсіянерамі ці займаюць высокія пасады, наведваючы вёску, ніколі не абмінуюць хаты сваёй любай настаўніцы – зойдуць, пераведаюць, падзякуюць.
Сама характарам рамантычная, узнёслая, арганізаваная па жыцці, яна ўмела арганізаваць і ўрокі так, каб вучням было цікава. Адкрыты ўрок “Айчынная вайна 1812 года” выкладала не сухім тэкстам і лічбамі, а ўмела пераплятаючы гістарычныя факты з мастацкімі вобразамі. Чытала вершы, прыводзіла цытаты з твораў пісьменнікаў. Трэба ісці ў клас на ўрок толькі з добрым настроем, што б ні было на душы, так лічыла настаўніца і старалася сваім вучням даць глыбокія веды, упэўніць іх, што веды – вялікая сіла, менавіта ад іх залежыць будучыня і дастойнае месца ў жыцці. А колькі часу яна аддавала грамадскай рабоце: сакратар партыйнай арганізацыі школы, усе гады вяла палітвучобу з камуністамі калгаса, узначальвала суполку “Веды”, была арганізатарам і актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Шмат канцэртаў паставілі настаўнікі перад вяскоўцамі. А дома – хатнія справы, гаспадарка, дзеці, цяжка хворая свякроў, дзеля якой, можна сказаць, Марыя Васільеўна і пакінула работу, калі падышоў адпаведны ўзрост.
— Мама страціла памяць, таму за кожным яе крокам трэба было глядзець. Дзеці пайшлі ў самастойнае жыццё. Старэйшы Сяргей скончыў Чарнігаўскае вышэйшае авіяцыйнае вучылішча, стаў лётчыкам. Служыў на Амуры, у Конга. Цяпер на пенсіі, жыве з сям’ёй у Баранавічах. Другі сын, Васіль, усталяваўся ў Нясвіжы, працуе вадзіцелем на вялікагрузнай машыне. Два ўнукі і дзве ўнучкі ў мяне. Я радуюся поспехам дзяцей, нявестак, унукаў, бо ўсіх вельмі люблю.
На маё пытанне, ці не адчуваеце сябе адзінокай, Марыя Васільеўна адказала, што ні адной хвіліны, бо побач з ёй заўсёды Раіса Віктараўна Лянько, суседка і сяброўка. Аказваецца, яшчэ іх бабулі, потым бацькі, цяпер вось яны самі звязаны цесным сяброўствам.
– Калі ёсць у мяне праблемы са здароўем, Раіса і пераначуе ў мяне, а так кожны дзень тут і тут. Сцяжынка, што пратапталі ад хаты да хаты яшчэ нашы продкі, наўрад ці зарасце. Сацыяльны работнік Святлана Каляда мне, як родная. Што магу, то раблю сама, а лякарствы, прадукты прынесці – усё яна. Валянціна Загорская, эканаміст гаспадаркі, з мужам сваім, калі паклічу, прыйдуць, дапамогуць. А суседачка мая Соня Клішэвіч, добрай душы чалавек. Не, я не адзінокая. Мая браціха гаворыць, што кожны дзень бачыць вучняў, якія ідуць міма хаты ў школу, ужо шчасце. Гады, канешне, праляцелі хутка, і вось ужо адлічваеш не маладосць, не сталасць, а старасць. А жыццё — такі экзамен, які пераздаць немагчыма. Я ўдзячна ўсім, хто памятае мяне, хто знайшоў магчымасць прыехаць і павіншаваць, а хто павіншаваў па тэлефоне. Мне было прыемна чуць вашы галасы, мае любыя. Лічу, што самая галоўная для мяне ўзнагарода – добрыя словы ад людзей. Дзякуй вам.
Напрацягу нашай размовы Марыя Васільеўна, прыгадваючы жыццёвы шлях, то неўзаметку змахвала слязу, то ўсміхалася прыемнай, цёплай усмешкай. Ва ўсім адчувалася сардэчная дабрыня і сціпласць гэтай неардынарнай жанчыны,мара ў якой адна – бачыць шчасце людзей у мірным і спакойным свеце.
Любоў ПЯТРОВА
Фота аўтара
Комментарии