Восеньская пара адорвае нас рознымі садовымі пачастункамі, адзін з іх – яблыкі, якія з’яўляюцца немалаважным фактарам для развіцця эканомікі ААТ “Старыца-Агра”. Гаспадарка займаецца іх вырошчваннем не першы год і ведае толк у гэтай справе. На сёння тут растуць нізкарослыя гатункі, якім надаецца вялікая ўвага.
Зараз плошча саду складае 39 га. Ён агароджаны металічнай сеткай і ахоўваецца двума вартаўнікамі. На тэрыторыі ёсць невялікі склад для часовага захоўвання яблык. Як паведаміў галоўны аграном ААТ “Старыца-Агра” Аляксандр Логіш, тут вырошчваюцца 4 гатункі: восеньскі “Беларускі салодкі”, зімовыя “Памяць Каваленкі”, “Дарунак” і позназімовы “Імант”. Яны закладваюцца ў спецыяльнае агароднінасховішча. Пры тэмпературы +2°С і адпаведнай вільготнасці плады будуць доўга захоўвацца.
Яблыні спецыяльна высаджаны ў рады для зручнай апрацоўкі і збору ўраджаю. За станам дрэў пастаянна сочыць садавод Анатоль

Аляксандравіч Жылка, для гэтага нядаўна быў выдзелены трактар на нізкай базе і прычэп, які змяшчае 10 кантэйнераў для пладоў. Так, у дзень нарыхтоўваецца каля пяці тон, а ўсяго плануецца зняць прыкладна 120 тон сакавітых яблыкаў.
– Наша гаспадарка рэалізуе прадукцыю ў гандлёвую сетку г. Мінска, – расказвае Аляксандр Логіш. – Спрабуем заняцца сушкай яблык, частку адвозім на раённы кірмаш у Капыль. Накіроўваем таксама на перапрацоўчыя камбінаты.
Як падзяліўся Аляксандр Леанідавіч, пры высокай рэнтабельнасці і рэалізацыі ў гаспадарцы плануецца пашырыць плошчы саду і развесці новыя гатункі. Трэба адзначыць, што яблыкі на самай справе вельмі сакавітыя і смачныя – гэта добрая альтэрнатыва тым ненатуральным пладам, якія часта можна сустрэць на прылаўках магазінаў.
Павел ШЭІН
Фота аўтара
Комментарии