Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

16

Фестываль спорту і здароўя

25.09.2013
21 верасня Капыль вітаў удзельнікаў Нацыянальнага фестывалю эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”. Сёлета ў традыцыйным мерапрыемстве прынялі ўдзел 642 спартсмены са 146 каманд, якія прадстаўлялі розныя рэгіёны Беларусі, а таксама зборныя каманды Латвіі і Літвы. [caption id="attachment_30357" align="aligncenter" width="443" caption="На старце"][/caption] Арганізатарамі прэстыжнага мерапрыемства выступілі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, упраўленне спорту і турызму Мінаблвыканкама, Капыльскі райвыканкам,  грамадскае аб’яднанне “Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі”, установа “Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы”, Прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці. Шматлікія гледачы сталі сведкамі цікавай і відовішчнай барацьбы на розных дыстанцыях. У гэтым годзе сапраўдным упрыгажэннем свята спорту сталі міжнародныя спаборніцтвы па эстафетным бегу на марафонскай і паўмарафонскай дыстанцыях, дзе да апошніх метраў вялася барацьба за пападанне ў тройку лідараў… [caption id="attachment_30358" align="aligncenter" width="290" caption="Удзельнікаў свята вітае А. Жданеня"][/caption] Фестываль, як заўсёды, пачаўся з урачыстага шэсця спартсменаў па плошчы Леніна. Адкрыў свята старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, які пажадаў усім прысутным моцнага здароўя і ўдалых стартаў на капыльскіх пагорках. Да нас на мерапрыемства прыехалі шматлікія ганаровыя госці. Сярод іх — старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі, рэктар Беларускага ўніверсітэта фізічнай культуры Рыгор Касячэнка, начальнік упраўлення фізічнай культуры Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Павел Няпрахін, намеснікі начальніка ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Васіль Гарбачоў і Вячаслаў Шыпароў, нашы шаноўныя зямлякі — дактары медыцынскіх навук Міхаіл Рымжа, Мікалай Манак і многія іншыя. На цырымоніі адкрыцця прысутнічала таксама знакамітая асоба — чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў 1988 года ў Сеуле Таццяна Ледаўская. Сёлета споўнілася 25 гадоў, як яна ў складзе зборнай СССР здабыла “серабро” ў асабістым заліку і алімпійскае “золата” ў эстафеце 4х400 м. Прысутныя сталі сведкамі трыумфу савецкай жаночай каманды, дзе на першым этапе стартавала Таццяна Міхайлаўна. За гэтым дзействам, як і за падзеямі на цэнтральнай плошчы на працягу дня, капыляне і госці горада сачылі па вялікім плазменным экране ля будынка райвыканкама. Анатоль Жданеня і Рыгор Касячэнка ўручылі вядомай беларускай спартсменцы памятны падарунак і, безумоўна, букет прыгожых кветак. [caption id="attachment_30359" align="aligncenter" width="295" caption="Барацьба на марафонскай дыстанцыі"][/caption] Першымі па традыцыі стартавалі “Эстафеты Капыльшчыны” на прызы Капыльскага райвыканкама. Зусім юныя спартсмены, вучні пачатковых класаў навучальных устаноў раёна, прынялі ўдзел у эстафеце 6х50 метраў. Лепшы вынік тут паказала каманда  СШ №2 г. Капыля. Другое месца занялі выхаванцы гімназіі №1, а трэцяе — Семежаўскага ВПК д/с- СШ. У 11 гадзін прадстаўнікі працоўных калектываў горада і раёна выйшлі на карпаратыўную эстафету — дыстанцыю 4х600 м. На вялікі жаль, у пратаколе сёлета значылася толькі шэсць каманд (летась іх было 10), а ў 2011 годзе – 23. Пераможцамі ўжо трэці год запар сталі работнікі Капыльскага РАНС. Другі радок выніковага пратаколу занялі супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а трэці — Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат”. [caption id="attachment_30360" align="aligncenter" width="443" caption="Прызёраў эстафеты 6х50 м віншуе Т. Ледаўская (справа)"][/caption] Практычна адразу гук стартавага пісталета адправіў на марафонскую і паўмарафонскую дыстанцыі 17 каманд, якім неабходна было пераадолець, адпаведна, 42 км 195 м і 21 км роўна. Тым часам свае спрынтарскія здольнасці ў эстафетах 4х400 м паказвалі выхаванцы сярэдніх і дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ краіны. Тут былі прадстаўнікі з Хойнікаў, Маладзечна, Старых Дарог, Слуцка, Мінска, Узды, іншых населеных пунктаў Беларусі. Бясспрэчна, што большасць стартуючых складалі юныя аматары бегу з Капыльскага раёна. У “Эстафетах Міншчыны” ў гэтым годзе прынялі ўдзел 11 каманд. Змешаная эстафета 6х1000 метраў — адна з самых складаных на фестывалі “Капыльскія пагоркі”. Асабліва цяжкай лічыцца апошняя трэць дыстанцыі. Але капыльскі ландшафт скарыўся-такі камандзе СШ №11 г. Маладзечна, якая была тут яўным лідарам сярод гарадскіх каманд. Трэба адзначыць, што трэці вынік паказала СШ №2 г. Капыля. Сярод сельскіх не было роўных бегунам Івянецкай СШ Валожынскага раёна, а квартэт Магілёўскага вучылішча алімпій- скага рэзерву стаў пераможцам сярод аналагічных спартыўных устаноў. [caption id="attachment_30361" align="aligncenter" width="295" caption="Каманда Капыльскага РАНС"][/caption] У гэты час вызначыліся мацнейшыя бегуны на паўмарафонскай дыстанцыі. Адна гадзіна восем хвілін і 58 секунд спатрэбілася камандзе Гродзенскай вобласці, каб пераадолець 21 кіламетр. Менавіта яны і сталі пераможцамі ў гэтай дысцыпліне. На 25 секунд ад іх адсталі прадстаўнікі Брэсцкай вобласці, якія паказалі другі вынік, а трэці — у спартсменаў Брэсцкай абласной цэнтральнай спецыялізаванай ДЮШАР прафсаюзаў. Для капылян і гасцей горада арганізатары фестывалю падрыхтавалі і культурна-забаўляльную праграму. Увесь час настрой удзельнікам “Капыльскіх пагоркаў” узнімаў танцавальны калектыў “Вяснушкі” дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна”. Ажыўлена было ў сектары для самых маленькіх, дзе размясціліся разнастайныя атракцыёны. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем каталіся на надзіманай горцы, электрамабілях, скакалі на батуце. Таксама праводзіўся розыгрыш прызоў “Экідэн-2013”, дзе галоўным прызам быў каляровы тэлевізар. [caption id="attachment_30362" align="aligncenter" width="443" caption="Ганаровыя госці з пераможцамі марафонскай эстафеты"][/caption] Але ўсё ж такі большасць прысутных сачыла за барацьбой на марафонскай дыстанцыі. Лёс першага месца быў вядомы задоўга да заканчэння спаборніцтваў: магіляўчане “везлі” бліжэйшым сапернікам больш за тры хвіліны ўжо пасля чацвёртай перадачы эстафеты. А вось за другую прыступку п’едэстала гонару вялася нежартоўная барацьба. На працягу пяці этапаў каманда Літвы ўпэўнена трымала гэту пазіцыю. Услед за імі ішлі спартсмены з Гродзенскай вобласці, якія саступілі суседзям з блізкага замежжа роўна хвіліну. Але апошні спартсмен беларускай каманды Ігар Цецерукоў не толькі паспеў скараціць адставанне, але прыкладна за паўкіламетра да фінішу нават здолеў выйсці наперад, здабыўшы для сваіх землякоў “серабро” галоўнага старту. Напрыканцы свята адбылося самае прыемнае – узнагароджанне прызёраў і пераможцаў спаборніцтваў, якім дасталіся салідныя грашовыя прэміі, памятныя прызы і сувеніры з выявай сімвала чэмпіянату. А вось уладальнікамі галоўнага  прыза розыгрышу “Экідэн-2013”, які фактычна дастаўся пераможцам за 10 000 беларускіх рублёў (менавіта столькі каштаваў білет), сталі сёстры Кацярына і Лізавета Жук. Дарэчы, госці мерапрыемства адзначылі высокую арганізацыю фестывалю. Яны былі ўпэўнены, што наступнае свята спорту і здароўя стане для капылян і гасцей горада не менш відовішчным і адкрые новыя імёны ўзыходзячых зорак спорту. Сяргей ЛАЗОЎСКІ Фота аўтара                

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей