Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

Ждём вас на "Капыльскіх пагорках"

15.09.2010
Як вядома, у суботу, 18 верасня, у Капылі адбудзецца вялікае спартыўнае відовішча. З гэтай нагоды карэспандэнт газеты “Слава працы” гутарыць з галоўным суддзёй спаборніцтваў Мікалаем Васільевічам Жукам. - Мікалай Васільевіч, растлумачце, калі ласка, чаму змяніўся статус спаборніцтваў і чым гэта выклікана? - Па-першае, ужо ў трынаццаты раз будзе праходзіць гэта мерапрыемства. Называлася яно па-рознаму: спачатку быў Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па марафонскай эстафеце, адзін год – рэспубліканскае спаборніцтва, затым – Кубак Рэспублікі Беларусь па марафонскай эстафеце. Цяпер прыйшлі да высновы, што нашы спаборніцтвы набылі дастатковую папулярнасць не толькі сярод аматараў лёгкай атлетыкі, але і сярод спецыялістаў. Да таго ж, да нас прыязджаюць даволі вядомыя спартсмены, якія дасягнулі значных вышынь і на міжнароднай арэне. Цікавы і той факт, што такога фармату спаборніцтваў (толькі эстафетны бег) у нас у рэспубліцы няма, як няма іх і ў Еўропе, а магчыма – і ў свеце. Таму лічу заслужана, што нашым спаборніцтвам дадзены статус нацыянальнага фестывалю эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”. У гэтым бачу вялікую заслугу райвыканкама, які штогод укладвае пэўныя сродкі ў развіццё гэтага спартыўнага відовішча. Таксама з’явіліся новыя крыніцы фінансавання: калі раней былі толькі два спонсары (райвыканкам і Міністэрства спорту і турызму – С. Л.), то цяпер дабавіліся яшчэ тры крыніцы – Міністэрства спорту і турызму па другой лініі, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама і прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Мінскай вобласці. - Да вас ужо прыходзяць заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах. Ці павялічыцца колькасць спартсменаў у гэтым годзе? - Хачу адзначыць, што ў спаборніцтвах з’явілася новая намінацыя “Эстафеты Міншчыны” (6х1000 метраў), у якіх прымуць удзел навучэнцы як сельскіх, так і гарадскіх сярэдніх школ. У сувязі з гэтым чакаем, што прадстаўніцтва каманд будзе больш масавым. Увогуле, з кожным годам колькасць спартсменаў на нашых спаборніцтвах павялічваецца. Калі ў мінулым годзе каля 600 удзельнікаў выходзілі на старт розных дыстанцый, то на фестывалі бегу ў суботу чакаем прыкладна на чвэрць спартсменаў больш. - У сувязі з правядзеннем спаборніцтваў, са з’яўленнем новай трасы ці не стане нязручным рух па горадзе для аўтамабілістаў? - Дзякуючы рабоце службы АДАІ Капыльскага РАУС, ніякіх ускладненняў для аўтааматараў, руху грамадскага транспарту ў мінулыя гады не было. Лічу, не будзе іх і цяпер. - Што чакае простых гледачоў на “Капыльскіх пагорках”? - Да ўвагі капылян, гасцей горада мы прапануем насычаную культурную праграму. Будуць выступаць калектывы мастацкай самадзейнасці, для гледачоў арганізуем разнастайныя спартыўныя конкурсы з розыгрышам прызоў. Абавязкова правядзём і традыцыйны розыгрыш прызоў “Экідэн”, у якім, акрамя іншых, разыграем і дастойны суперпрыз. Для дзяцей будуць працаваць атракцыёны: батут і надзіманая горка. Каб больш зручна было назіраць за спаборніцтвамі, у стартавым гарадку ўстановім вялікі інфармацыйна-рэкламны экран. Цікавай стане і цырымонія адкрыцця фестывалю з запускам надзіманых шароў і гэтак далей. Больш ярка будуць аформлены стартавы гарадок, вуліцы горада, дзеля чаго мы заказалі каляровыя банеры, шчыты. Таму ўсе, хто прыйдзе ў суботу на фестываль эстафетнага бегу, не пашкадуюць і з цікавасцю правядуць вольны час у атмасферы здароўя і спорту. - Дзякуй за размову. Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей