У раёне складваецца няпростая сітуацыя па вытворчасці малака. Практычна ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах назіраецца яе зніжэнне. Па каментарыі мы звярнуліся да першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталя Аляксандравіча РАКЕВІЧА:
– Сапраўды, сітуацыя неадназначная. Толькі дзевяць гаспадарак можна адзначыць са станоўчага боку, дзе валавая вытворчасць малака вышэй за ўзровень мінулага года. У ліку лепшых можна назваць ААТ “Піянер-Агра” (117% да 2012 г.), ЗАТ “Жыліхава” (114%), ААТ “Мажа-Агра” (109%) і яшчэ шэсць сельгасарганізацый, дзе атрымліваюць ад 100% да 110%. У астатніх жа заданне не выконваецца. Сярэдні надой ад адной каровы – 11,7 кг, што на 310 г менш, чым летась. Гэты паказчык таксама вельмі нізкі для нашага раёна.
Пачынаючы з 1 верасня, мы патрабуем, каб жывёла была пераведзена на зімовы рацыён: яе трэба прывучыць да сенажу, сіласу, таксама неабходна ўводзіць і жом, які з’яўляецца стабілізатарам вытворчасці малака. На жаль, толькі сем гаспадарак пакуль што ўвялі яго ў рацыён.
Асноўнай прычынай недаатрымання малака магу назваць недапрацоўку спецыялістаў і кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Горш за ўсіх у гэтым напрамку працуе ф-л “В. Раёўка”, дзе атрымліваюць толькі 6,2 кг малака ад адной каровы (“мінус” 3,5 кг да ўзроўню мінулага года), а па валавой вытворчасці – толькі 62%. Трэба адзначыць, што спецыялісты зоаветслужбы поўнасцю бяздзейнічаюць. Не на належным узроўні арганізавана работа і ў СГФ “Крыніца”, РСУП “С “Прамень”, дзе дояць толькі 8,7 кг малака ад адной каровы.
Як ужо адзначалася, для выпраўлення сітуацыі адназначнае патрабаванне – усім гаспадаркам завезці жом, увесці яго па 10-12 кг у рацыён, прыступіць да скормлівання сенажу, шроту, жмыху, канцэнтратаў. А да 10 верасня дойны статак павінен быць пастаўлены ў памяшканні.
Падрыхтаваў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии