На тэрыторыі Капыльскага сельсавета знаходзяцца 12 грамадзянскіх могілак. Работы па іх добраўпарадкаванні праводзяцца штогод у адпаведнасці з мерапрыемствамі па развіцці тэрыторый.
Акрамя бюджэтных сродкаў, дапамогі сельгаспрадпрыемстваў, прафтэхкаледжа, прымаюцца добраахвотныя ўзносы грамадзян, якія збіраюць старэйшыны вёсак. Як адзначыла старшыня Капыльскага сельвыканкама Вольга Купрыенка, вялікую дапамогу аказваюць спонсары. Напрыклад, на агароджу могілак у в. Нізкавічы ў 2012 годзе 50 млн рублёў выдзеліў А. С. Вошкат, а сёлета за кошт асабістых сродкаў ён устанавіў вароты. Безумоўна, гэта заслугоўвае вялікай удзячнасці і ад сельвыканкама, і ад усіх аднавяскоўцаў.
Работы па абгароджванні таксама праводзіліся з удзелам сектара занятасці, ААТ “Мажа-Агра”, “Скабін”, “Племзавод Дусаеўшчына”, навучэнцаў Капыльскага прафтэхкаледжа, насельніцтва падчас суботнікаў. Студэнцкім атрадам у складзе Аляксандра Сысуна, Эдуарда Гаршкова, Арцёма Фінке высечана кустоўе і ўстаноўлена жалезабетонная агароджа на могілках в. Ст. Капыль.
— З глыбокай удзячнасцю сельвыканкам адзначае работу пенсіянераў з в. Чырвоны Партызан, — падкрэслівае Вольга Мікалаеўна. — Яны за свае сродкі закупілі жалезабетонныя слупкі, сетку, самі абгарадзілі мясцовыя могілкі. Перад гэтым спілавалі аварыйныя дрэвы, знеслі старую агароджу. Ініцыятарам стала энергічная, працавітая, з прыроджаным арганізатарскім талентам жанчына, старэйшына Н. М. Сянчук. Ёй дапамагаў Р. І. Жукоўскі, дзякуючы кіраўніцтву і актыўнаму ўдзелу якога праводзіліся працаёмкія работы. На ўласным транспарце ён прывозіў неабходныя матэрыялы. Сваім прыкладам яны натхнялі на працу і С. А. Баціна, П. П. Міхневіча, С. С. Шмагіна, а таксама моладзь — Юлію Кіневіч і Дзяніса Насевіча.
У планах сельвыканкама — не спыняць работы ў дадзеным напрамку, правесці замену агароджаў у вёсках Дусаеўшчына, Аргелаўшчына, Каменка, каб быў парадак на месцах вечнага спачыну.
Комментарии