8 верасня вернікамі каталіцкай канфесіі прынята ўспамінаць нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі - Маці Ісуса Хрыста.
У Новым Запавеце вельмі мала звестак аб жыцці Багародзіцы, і падзея, якая адзначаецца ў гэты дзень, зафіксавана толькі ў царкоўным паданні. У ім гаворыцца аб тым, што бацькамі Панны Марыі былі набожныя Іаакім, які паходзіў з роду цара Давыда, і Ганна - з роду першасветароў. Дзева Марыя была народжаная па адмысловым зароку Бога, дадзеным Іаакіму і Ганне, калі яны ўжо былі ў сталым узросце. Імя Багародзіцы было адзначана анёлам, які ўзвясціў бацькам і аб самім яе нараджэнні. Першыя згадванні аб святкаванні Нараджэння Багародзіцы адносяцца да другой паловы V стагоддзя. Прыкладна ў гэты ж час свята было ўключана ў царкоўны каляндар.
Нараджэнне Багародзіцы з’яўляецца адным з вялікіх святаў. Адзначаючы гэта свята, хрысціяне падкрэсліваюць, наколькі важная роля адведзена Панне Марыі ў ажыццяўленні Божага плану выратавання чалавецтва.
Аляксандр ТАРАСЕВІЧ, святар прыхода святых Пятра і Паўла ў Капылі
Комментарии