31 жніўня я з хваляваннем спяшалася ў ДУА “Дзяржынскі ВПК дзіцячы сад-пачатковая школа”. Прайшло колькі год, а напярэдадні 1-га верасня заўжды ўспамінаю, як прыводзіла сюды сваіх сыноў-першакласнікаў. Хацелася паглядзець на вучнёўскія парасткі, нашу будучыню. На школьнай пляцоўцы ўжо сабраліся бацькі, запрошаныя. Бегалі з расцвіўшымі кветкамі-бантамі дзяўчынкі. Яшчэ па-дзіцячаму паводзілі сябе і хлопчыкі (і не дзіўна – пачаткоўцы).
Я паразмаўляла з Таццянай Аляксандраўнай, мамай другакласніка Матвея Галубовіча, якая была рада, што сын вучыцца тут (умовы для вучобы ёсць, школа блізка). Сын старанна адносіцца да заняткаў. Удзячна яго настаўніцы Ніне Паўлаўне Гаргун, кіраўніцтву школы.
У выступленні дырэктара ўстановы адукацыі Ларысы Анатольеўны Муратавай было адзначана, што школа і вучні, дзякуючы бацькам, педагагічнаму калектыву, тэхнічнаму персаналу, поўнасцю гатова да новага навучальнага года. Асабліва былі выдзелены бацькі 2-га класа і іх класны кіраўнік Ніна Паўлаўна Гаргун, якія якасна падрыхтавалі класны пакой для навучання дзяцей.
З пажаданнямі калектыву школы (у іх ліку вучням) выступілі старшыня Капыльскага сельсавета В. М. Купрыенка, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ “П-з Дусаеўшчына” Ч. Ф Грыгаровіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “П-з Дусаеўшчына” Т. І. Касінская, настаўніца першага класа Н. М. Вайцяховіч. Першы званок пазваў дзяцей за парты, ад- крыў працоўныя будні педагогаў, парадаваў бацькоў, прысутных. Па традыцыі былі ўскладзены кветкі да помніка ахвярам вайны.
Ядвіга МАЛЕВІЧ, в. Дусаеўшчына
Комментарии