Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

34

Мамины слезы

11.09.2010

Ніколі савецкія людзі, якія глядзелі ў твар смерці, не забудуць тыя жахлівыя гадзіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі ўсе мужчыны прызыўнога ўзросту накіраваліся на зборны пункт для адпраўкі на фронт.

Жонкі развітваліся з мужамі, дзеці – з бацькамі, матулі – з сынамі, дзяўчаты – з каханымі. Крык, плач, слёзы, ад якіх болем сціскалася сэрца і замірала душа. Разам з усімі пайшоў абараняць родную краіну і мой стрыечны брат Валодзя з вёскі Вялікая Раёўка, якому было 19 гадоў, адзіны сын у сям’і Вольгі. Вёска прыціхла, ахутаная тужлівасцю, і з вялікім жахам углядвалася ў неба, калі на ўсход адзін за другім ляцелі самалёты з чорнымі крыжамі. Хутка на вуліцы з’явіліся першыя немцы. А лясамі ды палеткамі, групамі і па адным, стомленыя і галодныя, выбіраліся з акружэння чырвонаармейцы. Іншы раз яны нарываліся на фашыстаў і траплялі ў палон. Пад адкрытым небам узнікалі лагеры ваеннапалонных. Лагер абносіўся калючым дротам, вакол якога з аўтаматамі стаялі канвойныя.

Разнеслася чутка, што калі маці пазнае свайго сына, то фашысты выпускаюць яго з палону. Вольга даведалася, дзе знаходзіцца лагер палонных салдат Чырвонай Арміі.

І вось яна побач з ім. Абыходзячы бокам вартавых, пільна ўглядалася ў твары палонных байцоў і няспынна пыталася: “Валодзю Дзейка, сына майго, не бачылі? Не сустракалі?” “Хто Дзейка Уладзімір? Адгукніцеся. Маці прыйшла”, — сабраўшы сілы, гукнуў малады баец. “Молчат! Цюрык! Шнэль”, — закрычаў канвойны і прыкладам у спіну ада-гнаў жанчыну. Але яна зайшла з другога боку і зноў клікала сына. “Спытайцеся ў тых, што спяць. Разбудзіце іх”, — прасіла Вольга, паказваючы на тых, што ляжалі каля дроту. “Яны не спяць. Гэта мёртвыя, ад ран памерлі. А вунь таго – ноччу застрэлілі. Спрабаваў уцячы”, — адказвалі палонныя. Толькі цяпер яна заўважыла, што воддаль пяць чалавек пад наглядам вартавых капаюць для іх магілу. І раптам яе ахапіў жах, што сярод мёртвых можа быць і яе сын Валодзя. “Твары іх адкрыйце”, — прасіла яна. І гэтыя секунды, калі адзін з палонных знімаў з твараў загінуўшых пілоткі, быццам нажамі пранізвалі яе наскрозь. Не… не ён. Ёй здавалася, што яна вось-вось пазбавіцца розуму і зваліцца ў бяспамяцтве: “Божухна!.. Яны ж такія маладыя, зусім яшчэ падлеткі, іх родныя, маці таксама чакаюць, спадзяюцца, — і слёзы пакаціліся з вачэй. — Дзеткі родныя, за што яны вас? За што плачуць сіроты і ўдовы?” Вольга ўзняла рукі да неба і ўбачыла, што адзін з палонных, які капаў яму, раптам кінуўся ў бок  лясной сцяжынкі. Вартавы схапіў аўтамат, і чарга разанула наўздагон салдату. Ён азірнуўся і, пятляючы ў бакі, што ёсць сілы, бег да лесу. Ён падаў, перакочваўся то ў адзін, то ў другі бок, падхопліваўся і зноў бег. “Не страляйце! Пабойцеся Бога!” – усклікнула Вольга. Афіцэр у шаленстве закрычаў: “Цюрык, русіш швайн”, — і ўдарам бота паваліў яе на зямлю. “То ёсць рускі зольдат! Яго надо страляйт!” – і, выхапіўшы аўтамат у другога немца, ужо з калена расстрэльваў палоннага, які раптам асунуўся на вытаптаную траву, густа ўсыпаную патронамі, якія яшчэ дымелі.

Немцы, як шалёныя сабакі, аб нечым перагаварваліся, чапляючы на плечы аўтаматы. І Вольга адышла ў бок, каб наплакацца ўволю па дзецях, якія паміраюць, гінуць ад рук іншаземцаў на роднай зямлі. А ў жалобным маўчанні глуха шапацела зямля, засыпаючы целы загінуўшых. У сонечным небе спявалі жаўрукі, недзе паблізу плакалі лугавыя чайкі. Лічыла гады зязюля. Магчыма, яна дарыла іх тым байцам, хто застаўся ў жывых, — сынам, каб іх дачакаліся маці, якія днём і ноччу думалі пра сваіх дзяцей. Спадзяваліся і верылі ў іх вяртанне.

Свайго сыночка Вольга чакала ўсё жыццё і не дачакалася. Так і адышла ў нябыт са слязьмі на вачах.

Леаніда КУЛЬБІЦКАЯ,

Клецкі раён


Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей