Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

30

Наше наследство

11.09.2010

Спрадвеку беларускі народ адзначаўся сваей гасціннасцю і ветлівасцю. Нашы продкі перадалі нам у спадчыну больш за 200 адзінак вітання са сваякамі і чужымі, знаёмымі і незнаёмымі. I сёння ў вёсках Беларусі захаваўся каштоўны звычай вітаць незнаёмых людзей. А як гэта добра, калі сусед з табой вітаецца на лесвічнай пляцоўцы, калі людзі раніцой пры сустрэчы прыязна і пяшчотна ўсміхаюцца. I як жахліва, калі бачыш, што нават суседзі па лесвічнай пляцоўцы не ведаюць адзін аднаго...

Беларусы лічылі , што ў сувязі з верай у добрую ці нядобрую сустрэчу сам этыкет прывітанняў нават мог нейтралізаваць злое і паганае.

Прыемна нам штодзённа чуць: «Добры дзень!», «Добрага дня!», «Дабрыдзень», «Добрага ранку!», «Добрай раніцы», «Добры вечар», «Добрага вечару». «Дабранач!», «Як пачуваешся?», «Як маешся?» Прынамсі, пашыраны і інверсійны парадак у некаторых прывітаннях: «Дзень добры!», «Вечар добры!». Зразумела, што тут прыметнік «добры» - не проста нейкае азначэнне, а нават слоўна-магічнае пажаданне менавіта добрых раніц, дзён, вечароў.

Як бачым, народ хацеў спрадвеку не проста добра павітацца, але і каб людзі ад гэтага станавіліся яшчэ больш добрымі, шчырымі і сардэчнымі. Калі чалавек заходзіў у госці, а сям’я вячэрала, ён абавязкова выказваў пажаданне смачнай ежы - «Смачна есці!».

Мы ўжо прызвычаіліся, што нам штодзённа жадаюць добрага здароўя. Ёсць у народа выразы, якія маюць высокую ступень ветлівасці - «Маё шанаванне!», « Гонар маю!». Пры сустрэчах мае суайчыннікі традыцыйна выкарыстоўвалі паклоны, пацалункі, цёплы поціск рукі.

Дабро, канешне ж, не ляжыць на дарозе, яго выпадкова не падбярэш. Дабрыні чалавек у чалавека вучыцца. I добрым, людскім словам у нашых суадносінах, лічу, належыць вялікае значэнне. I як жахліва, што падчас чалавек наш толькі тады пачувае сябе здаровым, калі здолеў як мага больш балюча ўкусіць бліжняга, абліць памыямі-чуткамі яго ў размове. Запомніце: калі чалавек гаворыць нешта брыдкае вам пра некага іншага, можаце быць упэўнены - другім разам з гэтым самым іншым ён будзе чыхвосціць вас... Беларуская прыказка вучыць нас: «Ад ліха ціха і дабра не чуваць»!

Злое ж хутка забываецца, помніцца добрае. I галоўнае ў чалавеку - гэта яго здольнасць рабіць добрае. Дабро ствараецца толькі разумнымі людзьмі. I чалавек павінен імкнуцца да таго, каб на Зямлі было як мала менш зла.

I як дрэнна, што адыходзіць у нябыт такі звычай - вітаць у паштоўках з надыходзячымі святамі. А некалі ж паштальёны стамляліся разносіць гэтыя пасланні па паштовых скрынках... Напрыканцы мне хацелася б згадаць радкі Джамі: «Нікому ты не можаш быць суддзёй. Пакуль к дабру не звернуты душой!..»

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

педагог, г. Віцебск


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей