Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

31

Па старых вуліцах Капыля (CMigrator copy 1)

03.09.2013
Набліжаецца новы навучальны год, таму вельмі цікава прайсціся па тых вуліцах нашага гарадка, дзе калісьці знаходзіліся (і нават знаходзяцца і зараз) школы. Як усё пачыналася Рост насельніцтва мястэчка Капыль у XVII стагоддзі адбываўся не толькі за кошт натуральнага прыросту, але і за кошт перасяленцаў, якім надаваліся льготныя ўмовы для жыцця. Да сярэдзіны XVII стагоддзя трэба адносіць з’яўленне ў Капылі шэрагу рамесніцкіх цэхаў. У 1652 годзе Багуслаў Радзівіл дамогся для Капыля надання Магдэбургскага права. Таму звесткі, у якіх упамінаецца першая навучальная ўстанова, адносяцца менавіта да гэтага часу. Так, згодна з інвентарамі XVI–XVII стагоддзяў, на прылеглых да Рынка вуліцах знаходзіліся царкоўны плац і яўрэйская школа. А насупраць вуліцы Слабодскай (зараз вуліца Камсамольская), налева ўніз ад Нясвіжскай (сучасная вуліца Савецкая) адыходзіла вуліца Дубніцкая (не захавалася), на якой знаходзілася яшчэ адна яўрэйская школа. Па звестках інвентара ўжо 1750 года на той жа вуліцы Дубніцкай пазначаны летняя і зімовая яўрэйскія школы. А на Пясецкай (вул. Жылуновіча) – побач з царквой – упершыню ўспамінаецца школа для хрысціян. Так было ў Капылі У 1846 годзе, як сведчыць інвентар, у мястэчку існавалі тры яўрэйскія малітоўныя школы, адна з іх была мураваная. У той жа час у Капылі быў і клаўз (абшчынная чытальная зала ў яўрэяў), з даволі багатай бібліятэкай. У вядомага тагачаснага паэта, публіцыста, літаратуразнаўцы і педагога, выхадца з Капыля, Абрама Паперны чытаем: “Клауз был единственным каменным зданием в городе и служил молитвенным домом для копыльских патрициев, то есть обывателей, выдававшихся знатностью рода. Копыльский клауз был также высшею школою, где местные подростки, получившие достаточную подготовку в хедерах, сами дополняли свои сведения в Талмуде и раввинской письменности. Кроме библиотеки при клаузе в Копыле было много частных библиотек меньшего размера. Каждый зажиточный и уважающий себя обыватель имел у себя на дому те книги, которые были ему доступны и которые отвечали его вкусу”. У сярэдзіне таго ж ХІХ ст. па звестках А. Паперны “никакой казенной или общественной школы светского характера в Копыле не было. Христианское население было поголовно безграмотно. Зато еврейское население Копыля было слишком богато школами, хотя своеобразными. Это были хедеры. Их в Копыле могло быть около двадцати. Когда в Копыль однажды приехал странствующий каллиграф с предложением открыть за известное месячное вознаграждение в городе школу чистописания для обучения детей обоего пола письму еврейскому, а для желающих – также русскому и польскому, евреи охотно на то согласились, и школа вскоре открылась. В школе было восемь часовых смен, так что все дети могли пользоваться ею. Спустя год, в течение которого почти все юношество научилось писать, каллиграф перекочевал в другой город”. Па звестках артыкула “Агульная перапісь школ Мінскай губерніі, зробленая ў 1819 годзе” вядома, што царкоўна-прыходская школа ўзнікла ў 1815 годзе: “У ёй, як і ў іншых школах, ёсць вучні, якія ходзяць на заняткі толькі зімою, летам яны выкарыстоўваюцца бацькамі на сельскагаспадарчых работах”. Школа ўтрымлівалася коштам прэлата Шатыра, які вызначаў заробак для настаўнікаў у 200 польскіх злотых. Яна месцілася ў доме, які належыў да касцёла. Дзеці былі з сямей рознага веравызнання: і навакольных шляхецкіх засценкаў – каталікі, і капыльскіх мяшчан – грэка-расійскага вызнання, нават татарын Аўгустын (Хусэйн) Байрашэўскі тут вучыўся! Цікава, што вучні з наваколля размяшчаліся па розных дамах мястэчка, кошт за якія за квартал складаў 1 рубель серабром, а разам з харчаваннем – 6 рублёў. І толькі тыя маглі вучыцца на працягу ўсяго года, хто меў у мястэчку мала-мальскі заможных родзічаў”. У другім дакуменце  таго ж часу гаворыцца, што ў школе быў 1 клас, у якім вучылася 22 вучні, з якіх 3 - дзяўчаты. На старонцы 140-й “Описания церквей и приходов Минской епархии” 1879 года выдання чытаем аб тым, што дзеці Капыльскага прыхода навучаюцца ў народных вучылішчах, якія знаходзяцца ў Пацейкаўскім, Цімкавіцкім, Грозаўскім і Раманаўскім валасных праўленнях, таму што ўласнага вучылішча ў Капылі няма. Аднак “учреждение училища, ввиду исторического и древлеправославного значения Копыля, необходимо; имеемыя в приходе две церковно-приход-ския школы – в м. Копыль и в д. Еванелевичи, содержимыя за счет прихожан и неимеющия никакой правильной организации, для сего прихода не достаточны. Число грамотных в приходе не превышает 6%”. З гісторыі школ горада Пасля неаднаразовых хадайніцтваў 20 студзеня 1901 года было афіцыйна адкрыта Капыльскае аднакласнае вучылішча. Так гэта падзея апісана ў “Цыркуляры па Віленскай навучальнай акрузе”: “Мясцовым свяшчэннікам быў адслужаны малебен і пасвенчаны ўвесь будынак. Пасля малебну пан – участковы інспектар – звярнуўся да прысутных з кароткай прамовай, у якой запрашаў жыхароў мястэчка адносіцца да новаадкрытага вучылішча з найлепшай увагай. У вучылішча было прынята 63 хлопчыкі і 11 дзяўчынак”. Гісторыя захавала і імя першага і адзінага настаўніка школы – Лазюка Мікалая Лук’янавіча. Праз год ствараецца аднакласнае вучылішча для дзяўчынак, а для хлопчыкаў – двухкласнае, выпуск якога адбыўся ў 1905 годзе. Дарэчы, сярод навучэнцаў – Дзмітрый Жылуновіч. Школа размяшчалася ў дрэнных умовах у звычайнай сялянскай хаце. З верасня 1907 года і да Першай сусветнай вайны вучылішча месцілася ў хаце Еселя Шустэра. І толькі ў 1909 годзе на сходзе жыхароў мястэчка было вырашана сабраць з кожнага дома па 2 рублі 75 капеек на будаўніцтва школы. Аднак да 1914 года былі ўзведзены толькі сцены будынка, а з пачаткам вайны работы зусім спыніліся. Напярэдадні Першай сусветнай вайны было пачата будаўніцтва цаглянага аднапавярховага вучылішча. Завершана яно было ў 1917 годзе. І менавіта там, пасля буржуазнай рэвалюцыі, адкрылася гімназія Хадасевіча, у якой за навучанне трэба было плаціць вялікія грошы. А ў 20-х гадах яна была  ператворана ў школу працоўнай моладзі.  Гэты будынак з чырвонай цэглы (здымак 1) па вул. Какорыцкай (сучасная вуліца М. Горкага) функцыянуе і цяпер. У ім размешчаны школьныя майстэрні. А ў 1922 годзе вучылішча было рэарганізавана ў сямігадовую школу № 1 г. Капыля, дырэктарам якой да 1929 года быў Фама Сілыч Міськевіч. У 30-х гадах для сярэдняй школы быў пабудаваны драўляны двухпавярховы будынак, які спалілі фашысты ў 1942 годзе (здымак 2). Адразу пасля выгнання немцаў заняткі працягваліся ў адноўленай цаглянай школе, пабудаванай яшчэ ў 20-я гады. Але аднаго будынка было мала, таму класы размяшчаліся ў прыватных дамах капылян па вул. Энгельса, зав. Пушкіна, вул. Савецкая. У 1946 годзе па загадзе тагачаснага раённага кіраўніцтва на школьны двор быў перавезены вялікі драўляны дом, прыстасаваны пад школу. Да нашага часу ён не захаваўся. У 1955 годзе была пабудавана новая цагляная двухпавярховая школа (зараз там навучаюцца пачатковыя класы). У 1936 годзе была створана пачатковая руская школа, якая стала растучай сямігодкай. Нягледзячы на назвы школ, дзеці ў іх размяркоўваліся не па нацыянальнай, а па тэрытарыяльнай прымеце. Па звестках краязнаўца Фелікса Мароза ў час вайны класы так званай рускай сямігадовай школы месціліся ў наступных дамах: Бахты-Пятровіча па вул. Пушкіна, Салавейчыка – па вул. Камсамольскай, Язерскай і Тамашэўскай – вул. Энгельса, Шантора-Жыбуртовіча – вул. Пушкіна, Вендрова – зав. Пушкіна, Барысевіча Ф. М. (брыга-дзіра калгаса). Даныя Слуцкага архіва сведчаць аб тым, што да канца 1949 года колькасць навучэнцаў Капыльскай рускай школы складала 228 чалавек. Пасля Вялікай Айчыннай руская школа знаходзілася на ўзгорку (здымак 3), дзе зараз існуе раённы метадычны кабінет. І ужо ў 1964 годзе адчыніў дзверы новы, трохпавярховы, будынак школы. Не так даўно стала вядома, што другая беларуская школа была адкрыта ў 1926 годзе. А ў 1938 годзе яўрэйская школа стала поўнай сярэдняй школай, потым – беларускай СШ №2. Школа месцілася там, дзе зараз РВМК. Гэтыя звесткі на старонках тагачаснай раёнкі “Калгаснік Капыльшчыны” знайшоў былы фотакарэспандэнт нашай газеты Іван Ігнатчык. Так, да вайны ў Капылі працавалі тры (!) гарадскія школы: дзве беларускія і адна руская. Руская і беларуская №1 знаходзіліся побач на адным двары па вул. Горкага: руская – у чырвоным будынку, беларуская – у двухпавярховым, а беларуская №2 – на ўзгорку, дзе зараз працуе раённы метадычны кабінет. Таму мы звяртаемся да вас, паважаныя капыляне, калі вы ведаеце што-небудзь цікавае пра існаванне другой беларускай школы, паведаміце нам у рэдакцыю або ў раённы краязнаўчы музей! У артыкуле акрамя адзначаных крыніц выкарыстаны матэрыялы саіскальніка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Мікалая Мароза, даследаванні Барыса Канстанцінавіча Багдановіча, змешчаныя на старонках “Слава працы” за 1967 год. Падрыхтавала  Дзіяна ТКАЧЭНКА. Фота з архіва краязнаўчага музея і Фелікса Мароза  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей