Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

31

З любоўю і павагай да роднай зямлі (CMigrator copy 2)

03.09.2013
Завяршаем знаёміць чытачоў нашай газеты з удзельнікамі конкурсу «Лепшае ветэранскае падвор’е», якое праводзіцца на Капыльшчыне ў шосты раз. Але гэта не значыць, што абмяжоўваецца колькасць дагледжаных падвор’яў. Як паказвае аб’езд аўтарытэтнага журы на чале са старшынёй раённага Савета ветэранаў Казімірай Мікалаеўнай Ганчар, у кожнай вёсачцы Капыльшчыны ёсць свае непаўторныя сядзібы, дзе пануюць утульнасць, прыгажосць і гаспадарлівасць. Сёння мы прадстаўляем фотаздымкі некаторых падвор’яў капылян,  якія таксама прымуць удзел у конкурсе. На падвор’і Алы Марксаўны Раеўскай і яе мужа Уладзіміра Міхайлавіча ёсць невялікі куточак, дзе асабліва праяўляюцца іх майстэрства і акуратнасць. Менавіта тут і ўвасабляюцца ўсе задумкі надзвычай творчай натуры гаспадыні. Экспазіцыя, створаная на прысядзібным участку, спалучае ў сабе элементы фальклору, казак, а ўсё разам — праяўленне любові і павагі да нашай спадчыны. З любоўю адносяцца да свайго прысядзібнага ўчастка Станіслаў Канстанцінавіч і Таццяна Емяльянаўна Чарнушэвічы, якія ўжо ў другі раз прымаюць удзел у конкурсе ветэранскіх падвор’яў. У экспазіцыях выкарыстаны народныя матывы, аздобленыя вялікай колькасцю кветак, што гаворыць аб творчым падыходзе гаспадароў да афармлення сядзібы. Да афармлення прысядзібнага ўчастка Эдуард Барысавіч Пацэнкер і яго жонка Валянціна Віктараўна падышлі надзвычай творча. Фасад жылога дома, кампазіцыі з разнастайных кветак і экзатычных раслін, невялічкая каплічка — усё гэта гаворыць аб тым, што на падвор’і жывуць людзі, прыгожыя душой і з вялікай верай у Бога. Сядзіба Яўгена Васільевіча Сіўца і яго жонкі Надзеі Міхайлаўны патанае ў кветках, ствараючы асаблівы настрой не толькі гаспадарам,  але і гасцям, усім, хто праходзіць побач.  Кожны куточак адметны незвычайнай экспазіцыяй, дзе любая дэталь служыць яркім дапаўненнем і адыгрывае сваю непаўторную ролю. Не адстае i моладзь Конкурс на лепшае маладзёжнае падвор’е стаў ужо традыцыйным на Капыльшчыне. Сёлета ў ім прымаюць удзел 12 сем’яў, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Нягледзячы на сваю занятасць (большасць канкурсантаў працуе ў сельскай гаспадарцы), яны знаходзяць час, каб зрабіць свае сядзібы і тэрыторыю ля іх утульнымі і прыгожымі. Акрамя гэтага, моладзь займаецца хатняй гаспадаркай, прымае актыўны ўдзел у грамадскім  жыцці сельгаспрадпрыемстваў, раёна. З кожнай сям’ёй, планамі на будучыню пазнаёміліся падчас аб’езду падвор’яў разам з намеснікам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталляй Гарбацэвіч і першым сакратаром райкама ГА “БРСМ” Аляксеем Загорцавым. Марыя і Аляксандр Дзічкоўскія пражываюць у аграгарадку Быстрыца. Добраўпарадкаваннем займаюцца пастаянна і робяць гэта ўсёй сям’ёй. На прасторным участку можна ўбачыць невялікую сажалку, шмат кветнікаў. Цэнтральную частку ля ўваходу ў сядзібу ўпрыгожваюць дэкаратыўныя ліхтары. Але на дасягнутым спыняцца не збіраюцца. У планах маладой сям’і зрабіць альтанку і паставіць новую агароджу. Добра ведаюць, як упрыгожыць лужок ля свайго катэджа Марына і Віталь Несцерукі з аг. Цімкавічы. Літаральна за два апошнія гады    (у  2011-м сям’я прымала ўдзел у конкурсе) прысядзібны ўчастак папоўніўся шматлікімі малымі архітэктурнымі формамі. Сярод іх — хатка, кветкі з другаснай сыравіны, грыбкі, буслы і лебедзі, якія выдатна ўпісаліся ў агульную карціну прыгожага падвор’я. Знайшлося месца для басейна і арэляў для сваіх дзяцей. У Алены і Сяргея Гардзей з аг. Семежава цэнтральную частку падвор’я ўпрыгожвае фантан, зроблены ўласнымі сіламі ў гэтым годзе. Дом акружаюць разнастайныя кветнікі, дэкаратыўныя куставыя расліны. Гаспадыня не без гонару расказала пра экзатычныя асьцільбы, хосты, дэльфініўмы. Ля агароджы дружна растуць тры сасны. Кожны год гэты куток адорвае гаспадароў неблагім ураджаем маслякоў. У планах сям’і — упрыгожванне выявамі жывёл, зробленых з другаснай сыравіны. Сям’я Анатоля Качура і Наталлі Хоміч з в. Бучаціна  набыла дом сем гадоў таму. Спачатку займаліся яго рамонтам, паступова ператвараючы ў сучасную сядзібу. Пасля на ўчастку з’явіліся кветнікі, невялічкі вадаём, альтанка. Непадалёку ад дома высадзілі парк, дзе растуць бярозы і сосны. Планаў па добраўпарадкаванні ў іх яшчэ шмат:  палажыць тратуарную плітку, разбіць дэндрапарк. На падвор’і Алы і Алега Пяцігорцаў з аг. Быстрыца ўсё патанае ў кветках. Ёсць тут рознакаляровыя півоні, хрызантэмы, гартэнзіі. Асабліва гаспадыні падабаюцца касачы і ружы. На працягу апошніх сямі гадоў упрыгожваецца іх прысядзібны ўчастак. Віталь і Наталля Юхі з в. бабоўня клапатліва год ад года добраўпарадкоўваюць уласнае падвор’е. Спачатку перавагу аддавалі вырошчванню садавіны і агародніны. Цяпер замест цяпліцы з’явілася сажалка з рыбамі, уздоўж дарожак прыгажэюць цыніі, гладыёлусы, гваздзікі. Нават ганак ператварыўся ў міні-аранжарэю. У належным стане ўтрымліваюць падвор’е Ірына і Ігар Бойкі з аг. Грозава. Тэрыторыю  акрамя жывых упрыгожваюць і штучныя кветкі. За домам — шмат пладовых дрэў і кустоў. А ля ўваходу на сядзібу прыгажэюць клумбы, зробленыя з аўтапакрышак. Толькі пазалетась сям’я Валерыя і Святланы Лазарэвічаў з в. Бабоўня атрымала новы дом. Але за кароткі тэрмін іх прысядзібная тэрыторыя застракацела багаццем фарбаў. Гаспадыня вельмі захапляецца кветкаводствам, таму і не траціла марна часу. Асаблівым гонарам з’яўляюцца кусты белых, ружовых і цёмна-бардовых ружаў. Сям’я Наталлі і Мікалая Каральчукоў з аг. Старыца ў конкурсе прымае ўдзел упершыню. Абустройваць свой дворык пачалі два гады таму, пераехаўшы ў аграгарадок з в. Русакі. Перад домам і ўздоўж цэнтральнай дарожкі з’явіліся кветнікі, для дзяцей пабудавалі пясочніцу. Па словах гаспадара, у планах узвесці лазню і летнюю кухню. Заходзячы на падвор’е Алены і Аляксея Калінавых з в. Душава, трапляеш нібы ў казку. Ёсць тут Баба Яга і хатка на курыных ножках, чароўны калодзеж і буслянка з бусламі, вясёлыя грыбы пад парасонамі і сімпатычны павучок. Свае дызайнерскія задумкі па добраўпарадкаванні рэалізуе сам гаспадар, а за гаспадыняй застаецца толькі ўпрыгожыць двор кветкамі. Любімым месцам сям’і з’яўляецца альтанка, роспісам і афармленнем якой займаліся разам. Аляксей і Юлія Шыдлоўскія жывуць у аг. Скабін. асноўны клопат сям’і на сёння — капітальны рамонт сядзібы, але не забываюць яны і пра добраўпарадкаванне тэрыторыі. На пляцоўцы ля дома ў іх размясціўся невялічкі парк з кветкамі, дэкаратыўнымі раслінамі і сажалкай. Уражвае сядзіба Святланы і Максіма Сіцкіх з аг. Н. Доктаравічы. На зялёным газоне ля дома з густам размясціліся вадаём, аздоблены каменнем, мосцік, шматлікія туі. Гаспадары адкрылі сакрэт такой гармоніі: усе задумкі яны абмяркоўваюць і рэалізуюць сумесна. Падрыхтавалі Марыя ШЭІНА, Павел ШЭІН і Сяргей ЛАЗОЎСКІ  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей