Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

23

I бохан хлеба на стале...

04.09.2013
Працягваецца праца над праектам “Семежаўскія кулінарныя традыцыі”. 16 жніўня адбыўся чарговы семінар на тэму “Выпечка дамашняга хлеба і пірага”. Хлебапячэнне – народная традыцыя. Дзякуючы людзям старэйшага ўзросту ўдалося сабраць і запісаць цікавы аўтэнтычны матэрыял, які дазваляе адраджаць гэту традыцыю. У нашым семінары, на якім вялася гаворка пра хлеб, прынялі ўдзел як члены клуба “Семяжовачка”, так і народныя эксперты па выпечцы хлеба: Галіна Іванаўна Войцік і Валянціна Міхайлаўна Кіеня, вучні Семежаўскай сярэдняй школы Алёна Казакевіч, Марына Скамароха, Лізавета Калацкая, Яна Шчэрба і Даша Салановіч. Аснова хлеба – жыта. Нашы продкі харчаваліся чорным жытнім хлебам. З сучаснага пункта гледжання гэта было здаровым харчаваннем, бо ў склад жытняй мукі ўваходзяць многія вітаміны і мінералы: кальцый, фосфар, цынк і г. д. Галіна Іванаўна Войцік расказала, як замешваецца цеста, якую дзяжу бралі, як яе рыхтавалі да замешвання. Па-асабліваму выпальвалі печ, чыста вымяталі, каб не было сажы. Затым Галіна Іванаўна падзялілася з прысутнымі рэцэптам аржанога хлеба. Валянціна Мікалаеўна Кіеня распавядала пра лекавыя якасці такога хлеба, пра спосабы праверкі гатоўнасці і народныя павер’і, якіх прытрымліваліся пры выпечцы. Адно з іх – нельга было адчыняць дзверы, калі выпякаўся хлеб. Ніна Паўлаўна Рымжа падзялілася сакрэтам выпечкі святочнай булкі, якую абавязкова пяклі ў Семежаве на Каляды, Вялікдзень, вяселле, радзіны. Перад пачаткам семінара адбылася выстава-дэгустацыя хлебнай выпечкі ўдзельнікаў клуба “Семяжовачка”. Кожны меў магчымасць паспрабаваць прысмакі. Работнікі бібліятэкі арганізавалі кніжную выставу. Хачу выказаць шчырую падзяку ўсім удзельнікам семінара і асабліва Наталлі Сафронавай, Святлане Казакевіч, Ніне Рамановіч, Ніне Рымжа, Святлане Калацкай, Таццяне Шаура, якія прапанавалі нам такія смачныя пірагі, булкі, піражкі. Па выніках семінара быў аформлены буклет “Пахне домам хлеб аржаны”, у якім надрукаваны рэцэпты выпечкі семежаўскага ржанога хлеба, абаранкаў, булак. Некаторыя з іх мы прапануем да вашай увагі. Марыя СТРУЖКО, старшыня Семежаўскага сельвыканкама   Абаранкi Запісана ад Г. І. Войцік, 1940 г. н. Замешваем цеста з вады або малака і пшанічнай мукі, дабаўляем цукар, крыху солі. Робім абаранкі дыяметрам 10 см, кладзём іх на лапату і трымаем так у печцы, каб трохі запякліся. Затым дастаём, пераварочваем і апырскваем вадою з цукрам і зноў запякаем. Гатовыя абаранкі нанізваем на вяровачку і падвешваем сушыцца.   Пiрог Запісала Таццяна Манак ад сваёй мамы Спатрэбіцца 1-1,5 л малака, 50 г дражджэй, 1–1,5 стакана цукру, 100–150 г маргарыну, 2–3 яйкі, 2,5–3 кг мукі. У 1 стакане цёплага малака развесці дрожджы, дадаць трохі цукру і паставіць у цёплае месца, каб забрадзіла. У гэты час падагрэць астатняе малако, дадаць яйкі, цукар і ўзбіць. Затым уліць рошчыну, дадаць муку і добра вымесіць, пасля дабавіць маргарын, зноў вымесіць і паставіць падходзіць. Калі цеста рэдкаватае, то падсыпаць муку і паставіць яшчэ раз падходзіць. Калі цеста атрымалася добрай кансістэнцыі, то выкласці ў форму, змазаную тлушчам, на 1/3 і даць цесту падысці. Паставіць у печ.

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей