Іду з работы паўз школьны стадыён. На футбольным полі ганяюць мяч хлапчукі гадоў 10-12-ці. У стракатых майках, шыкоўных красоўках, з рознакаляровымі бейсболкамі на галаве і без іх. Гульня жывая, азартная, эмацыянальная. Гучаць крыкі, воклічы. І сярод іх добра калі толькі трэць нармальных слоў, астатнія – мацюкі, мацяршчына, грубая лаянка.
Побач, у нейкім дзясятку метраў, цікаўныя дашкаляты з бліжэйшага дзіцячага сада ўсунулі насы ў сетку агароджы, сочаць за гульнёй. І, канечне ж, чуюць “вытанчаную” славеснасць сваіх старэйшых таварышаў. І, безумоўна, недзе ў падкорцы адкладваецца гэтая брыдкая лексіка з упамінаннем слова “маці”.
Мат, мацяршчына. Якую нянавісць трэба мець да другога чалавека, каб імкнучыся абразіць яго, прынізіць, у спалучэнні з другімі ўжываць слова “маці”. Мацяршчына так уелася ў нашу свядомасць, дзелавыя, бытавыя зносіны, што здаецца ўжо нормай. Сучасныя літаратары, асабліва расійскія, лічаць ледзь не шыкам перасыпаць як каштоўнымі камянямі тэксты сваіх сачыненняў ненарматыўнай лексікай, зэкаўскім сленгам. Гэта не проста засмечванне мовы, гэта знішчэнне яе. Цяжка ўявіць сабе такое ў творах Купалы, Пушкіна, Талстога, Дастаеў- скага. Задачай пісьменніка заўсёды было імкненне ўзнімаць духоўны, культурны, моўны ўзровень чытача на новую вышыню, вучыць дабрыні, прыгажосці, чалавечнасці, выхоўваць словам. А дрэнным словам, брыдкай лаянкай дабро не прыўеш, душу не закранеш. Правільней, закранеш, але ад гэтага яна не стане чысцей. А наадварот.
…Нядаўна перачытваў раман расійскага празаіка Алега Волкава “Пагружэнне ў цемру”. 27 гадоў ён правёў у сталінскіх лагерах, прайшоў, што называецца, усе кругі пекла. Але ў яго творы не знойдзеш не тое, што брыдкае, нават грубае слова. А наслухаўся іх за сваё жыццё ён даволі. Тым не менш дрэнных слоў не ўжывае. Бо лічыць, што мацяршчына – сведчанне дэградацыі асобы і знішчэння нацыі.
Увогуле, грубасць у адносінах паміж людзьмі, брыдкаслоўе сталі прыкметай часу. Бяздумна, бессаромна лаюцца ўсе – ад дашкольніка да пенсіянера. Прылюдна, у любым месцы. Некаторыя начальнікі, ужываючы лаянку пры зносінах з падначаленымі, падкрэсліваюць такім чынам сваю прастату і дэмакратычнасць.
У нашай краіне адносіны да жанчыны заўсёды былі паважлівымі, далікатнымі, добразычлівымі. На жаль, былі. Цяпер вылаяцца пры жанчынах у самых пачварных, адмыслова крыўдных выразах лічыцца ледзь не нормай. І, што самае дзіўнае, жанчыны на гэта практычна не рэагуюць.
Зараз, з вышыні пражытых гадоў, разумею наколькі высокамаральнымі, духоўна багатымі былі продкі. У нашай вялікай сям’і (я – дзясяты па ліку нараджэнец) ніколі не гучаў мат. Самымі строгімі словамі ўшчування ў вуснах маці было выказванне “А каб ты не дачакаўся!” Чаго не дачакаўся – і па сённяшні дзень не ведаю – ці яе міласці, ці гальніка па голым задзе. Але нас, бэйбусаў, тое ўшчуванне стрымлівала лепш за адмысловую лаянку.
На мой погляд, лаяцца з упамінаннем маці могуць толькі дзікуны, якія не ведаюць сэнсу, гадкасці, прыкрасці, мярзоўнай сутнасці мацяршчыны. Разумею хлопцаў, як іх цяпер называюць “каўказскай нацыянальнасці”, з якімі служыў у арміі. Яны пры непаважлівым упамінанні “мамы” лезлі ў бойку. Вось тут мы ў іх павінны павучыцца. А то як не стане нашых мам, енчым, слёзы льём, жалобімся, некаму скардзімся. Свайму сумленню трэба скардзіцца. І каяцца перад тымі, хто даў нам жыццё, дзякуючы каму мы пабачылі свет Божы, сонейка над галавой, галубоў у бла- кітным небе.
Адкуль жа бярэцца брыдкаслоўе, мацяршчына, як яны аблытваюць нашу паўсядзённасць? Адназначна на такое пытанне цяжка адказаць, хаця спрабаваў высветліць. Адзін кажа, што да моўнай неразборлівасці прызвычаіўся ў арміі, другі – у час вучобы ў “хабзайні” (ПТВ), трэці – што наслухаўся брыдоты на вуліцы. А на мой погляд, усё пачынаецца ў сям’і. Дакажу гэта на прыкладзе.
Аднойчы пяцігадовая дачка прынесла з дзіцячага садка “непаўнаматнае” слоўца. Можна было не заўважыць, або накрычаць, забараніць ужываць яго. Я ж папытаўся ў малечы, што яно азначае? Дачка не змагла адказаць, маўляў, так Васілёк казаў. Я спакойна растлумачыў прыкладны сэнс слова, адзначыў, што яно грубае, крыўднае і ўжываць яго непажадана ні ў садку, ні дома, ні на вуліцы.
Зараз дачцэ сорак гадоў, у яе пяцёра дзяцей, чацвёра з якіх ужо школьнікі. І ніколі не чуў у іх сям’і дрэннага слова. Хаця жывуць яны ў спрыяльных умовах – ходзяць у садок, у школу, гуляюць на вуліцы, купаюцца ў рэчцы. Бо няма для гэтага ў хатніх умовах глебы, падставы, матыву, існуе прыклад бацькоў.
Яшчэ старадаўнія мудрацы сцвярджалі, што слова мае не толькі сэнсавае, маральнае, духоўнае ўвасабленне, а і матэрыяльнае. У чалавека, на якога накіравана дрэннае слова, псуецца настрой, пагаршаецца здароўе, нават зніжаецца прадукцыйнасць працы. Дарэчы, сучасныя навукоўцы даказалі, што людзі, якія лаюцца без прычыны, брыдкасловяць, самі часта хварэюць, адчуваюць душэўны неспакой, настраёвую неўладкаванасць. І што самае ўхібнае – усё гэта перадаюць нашчадкам на генетычным узроўні.
Медыкі гавораць, што хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. У нашай сітуацыі папярэ- джваць ужо позна – трэба лячыць. А лячэнне не заўсёды бывае безбалезнае. І тут да месца будуць усе сродкі – ад асветніцтва і мэтанакіраванай ідэалагічнай работы да адміністрацыйнага ўздзеяння.
Іван СУРМАН, член Беларускага Саюза журналістаў
Комментарии