У мінулую суботу сельскі клуб у в. Дусаеўшчына гасцінна адчыніў свае дзверы для аматараў паэзіі. Тут прайшла літаратурная вечарына, прысвечаная творчасці самадзейнай паэткі Ядвігі Малевіч.
Нагода для гэтага была цудоўная: па першае, супрацоўнікамі Капыльскай раённай бібліятэкі быў падрыхтаваны і выдадзены зборнік вершаў Ядвігі Генрыхаўны і адбылася яго прэзентацыя, па-другое, напярэдадні аўтар адсвяткавала свой юбілей. Акрамя мясцовых жыхароў на ўрачыстасць завіталі Таццяна Серая, дырэктар Капыльскай ЦБС, Казімір Кухарчык, старшыня літаратурнага аб’яднання “Вясёлка,” і яго ўдзельнікі.
Гледачы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам самабытнай паэткі, паслухаць яе творы, як у выкананні аўтара, так і яе маладых памочнікаў.
Ядвігу Генрыхаўну добра ведаюць у Дусаеўшчыне і навакольных вёсках, паколькі яна працавала фельчарам на мясцовым ФАПе, добра знаёма з жыццём і бытам вяскоўцаў, што, безумоўна, дапамагае ў творчасці. Пакінуўшы родную Мядзельшчыну шмат гадоў таму, Ядвіга Генрыхаўна ніяк не можа пазбавіцца суму па знаёмых з дзяцінства мясцінах, і таму пэўная частка яе твораў прысвечана менавіта гэтаму, дарагому яе сэрцу куточку. Нямала ў яе скарбонцы лірычных вершаў, твораў, напоўненых філасофскім гучаннем, не пазбягае яна і гумару.
Адным словам, паэзія Ядвігі Генрыхаўны для чытача ўдумлівага, неабыякавага, які здольны суперажываць і марыць.
Прыемным сюрпрызам для віноўніцы ўрачыстасці стаў невялікі канцэрт, падрыхтаваны ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці клубнай установы пад кіраўніцтвам Святланы Ліннік.
Ядвіга МАЛЕВІЧ Мае радкі жыццё рыфмуе… Мае радкі жыццё рыфмуе. Пішу аб тым, што бачу, чую. Прыметнікавых фарбаў мала,- Казалі “крытыкі” бывала. А ўвогуле спрабуй пісаць – Не на спіне ж мяшкі цягаць. Не ў прыметніках красала. Хачу каб праўда ў іх гучала. І каб словам беларускім Мёд я клала ўсім на вусны! Так не хацела адымаць руку Так не хацела адымаць руку, Што апусціла на тваё прадплечча - Здалося мне – з табою я навечна, Так не хацела адымаць руку… Чакала – возьмеш у сваю далонь. Гарэў у сэрцы ў маім агонь! Прабач, мой любы. Задыяк мой – Дзева, І знешне я заўжды, бы каралева. Ды не хапае мне твайго цяпла. Баюся, што згару датла Кастром, што здасца табе, тлее… АПУСЦЕЛЫ ДВОРЫК Хаджу па дворыку ўжо зранку, Траву казлычачы, расу, Няспешна к веснічкам ад ганка Сваю наводзячы красу. Не так красу – сляды шукаю, Падобныя на птушак стаі, Бацькоў паміж травіцы роснай. Хадзілі ж, бы снуючы кросны. МОВА І цяпер з яе смяюцца, зневажаюць, А яна, нібы вадзіца, зазвінела і бруіцца У гамонках, песнях звонкіх, прамяністых. П’еш яе і не напіцца роднай мовы – чараўніцы. Не змаўкай і не спыняйся, расцякайся, расцякайся Над краямі, над краінамі касякамі жураўлінымі. Жыццё ацэньваюць гадамі? Жыццё ацэньваюць гадамі? І што, калі кароткі век! – Пакінуў добры след – ты з намі! Што гэта быў за Чалавек! Калі жыццё тваё змярканне. І ценем стаў ты для другіх – Шукай, шукай выратавання На сцежках звілістых сваіх! Пытай гаючае парады, Прасі ратуючай падмогі – Тваё жыццё – табе ж і здрада – Выходзь на светлую дарогу!
Комментарии