Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

22

З любоўю і павагай да роднай зямлі

19.08.2013
Конкурс «Лепшае ветэранскае падвор’е» праводзіцца на Капыльшчыне ў шосты раз. Як паказвае практыка, у раёне з кожным годам з’яўляецца ўсё больш добраўпарадкаваных сядзіб, а значыць, дадзенае мерапрыемства стала добрым стымулам для актывізацыі работы ў дадзеным напрамку, выхоўвае высокую культуру вядзення хатняй гаспадаркі і з’яўляецца прыкладам для моладзі. Рэдакцыя газеты «Слава працы» не засталася ўбаку ад правядзення конкурсу. Сумесна са старшынёй раённага Савета ветэранаў Казімірай Мікалаеўнай Ганчар, членамі раённага Савета ветэранаў наведалі некаторыя падвор’і жыхароў Капыльшчыны. Фотааб’ектыў адлюстраваў усяго толькі некалькі фрагментаў ветэранскіх падвор’яў. Згадзіцеся, у людзей паважанага ўзросту ёсць чаму павучыцца. Арыгінальна, з тонкім густам аформлена сядзіба Паліны Сямёнаўны Коўзусь з вёскі Лоцвіны - неаднаразовай пераможцы раённага конкурсу сярод ветэранскіх падвор’яў. Сёлета гаспадыня ўнесла некаторыя новыя штрыхі да агульнага выгляду свайго ўчастка, а значыць ён стаў яшчэ больш прыгожым. Любіць сваю сядзібу Алена Уладзіміраўна Пявец з вёскі Старая Гута. Дружнаю сям’ёй тут штогод наводзяць парадак, садзяць мноства кветак, каб зрабіць маленькую Бацькаўшчыну больш утульнай, прыгожай і жаданай для ўсёй радні. Падвор’е Ірыны Міхайлаўны Багрыцэвіч з аграгарадка Лясное - адно з лепшых не толькі ў дадзеным населеным пункце, але і ў раёне. З вялікім густам падыходзіць жанчына да афармлення свайго куточка. Прыгажосць наводзіць з вялікай любоўю, што надае ёй сілы і настрой. Упершыню ў раённым конкурсе  на лепшае ветэранскае падвор’е прымае ўдзел і Эдуард Сцяпанавіч Мікуліч з вёскі Бабоўня. Сядзіба дагледжана, расце мноства кветак, што радуе вока не толькі гаспадароў, але і аднавяскоўцаў. Шосты год прымае ўдзел у раённым конкурсе Ніна Яраславаўна Калевіч з аграгарадка Лясное. І кожны раз выходзіць пераможцай у адной з намінацый. Гаспадыня вельмі любіць кветкі, разводзіць самыя розныя іх гатункі, якія пераклікаюцца на ўчастку рознымі фарбамі. Ганна Мечыславаўна Каваліу з аграгарадка Лясное піша вершы, а творчае натхненне чэрпае са сваёй невялікай сядзібы, дзе штодзень наводзіць парадак, малюе, даглядае кветкі. У гэтым - творчае крэда таленавітай гаспадыні. Сядзіба Тамары Аляксандраўны Крэпскай з вёскі выгода неаднаразова прызнавалася лепшай у раёне. І з гэтым нельга не згадзіцца. Вось і сёлета гаспадыня разам са сваім мужам Паўлам Аляксандравічам стварылі на сваім участку сапраўднае царства кветак, прыгажосці, якая ўздымае настрой кожнаму,  хто завітае на гэты гасцінны двор. Жыхарка аграгарадка Ванелевічы Надзея Якаўлеўна Лазюк хоць і ўпершыню прымае ўдзел у конкурсе, усё ж парадак наводзіць на падвор’і пастаянна. На падвор’і Марыі Васільеўны Мароз з вёскі Блеўчыцы нават непатрэбная рэч, якую звычайна выкідваюць у сметнік, ператвараецца ў сапраўдны шэдэўр. На сядзібе Уладзіміра Іванавіча Караленкі з аграгарадка Лясное прыгажосць ствараецца... на навуковай аснове. А ўсё таму, што яго жонка, Надзея Канстанцінаўна, - настаўніца біялогіі, і да кожнай расліны, дрэва ці кветкі ў яе свой падыход. Можа таму ўчастак у гэтай сям’і надзвычай гарманічны, а ўсё тое, што знаходзіцца на ім, выглядае элегантна і па-сучаснаму. Сядзібу Галіны Сцяпанаўны Курадавец у Жыліхаве прыкмячаеш здалёк, бо яна ўся патанае ў кветках, радуе вока сваёй непаўторнай прыгажосцю і фарбамі. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Меладзія Сцяпанаўна Сукала з вёскі гулевічы стараецца дапамагчы дзецям добраўпарадкоўваць сваё падвор’е, рабіць яго ўтульным у любую пару года. На падвор’і Марыі Мікалаеўны Леанені з вёскі Ч. Дубрава растуць экзатычныя дрэвы, прахалодай вее ад фантанчыка. Тут лёгка дыхаецца, а адпачынак ідзе на карысць здароўю. Сядзіба з любоўю дагледжана. Кожнаму куточку адведзена свая роля. А ўсё разам - цудоўная экспазіцыя. Марыя ШЭІНА Фота Паўла ШЭІНА    

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей