Урачыстая святая Імша ў гонар Святога Роха адбудзецца на могілках Капыля 16 жніўня ў 12.00
Штогод у гэты дзень Касцёл успамінае святога Роха з Монпелье — святога, які прысвяціў усё сваё жыццё бескарысліваму служэнню бліжнім і асабліва хворым. Святы Рох, які жыў на мяжы XIII i XIV ст., ніколі не быў афіцыйна кананізаваны, але яго культ распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Святы з’яўляецца апекуном хворых, лекараў і шпіталяў, а таксама вандроўнікаў, абараняе ад заразы і пошасцяў.
Паводле падання, святы Рох нарадзіўся ў Монпелье каля 1295 г. у сям’і губернатара горада. Яшчэ пры нараджэнні ён быў адзначаны асаблівым знакам на грудзях у форме чырвонага крыжа. Калі юнаку было каля 20 гадоў, ён страціў бацькоў, пасля чаго раздаў усю маёмасць бедным і адправіўся ў Рым паломнікам. Прыбыўшы ў Італію, Рох выявіў, што ў краіне лютуе эпідэмія чумы, пасля чаго ён пачаў вандраваць па краіне, даглядаючы хворых на чуму і ацаляючы іх малітвай і хросным знакам. Гісторыя паведамляе пра цуды вылячэння, учыненыя ім у гарадах Італіі. У П’ячэнца Рох сам заразіўся чумой, быў выгнаны з горада і адправіўся паміраць у закінутую лясную хаціну. Паводле падання, сабака двараніна па імені Готхард прынёс св. Роху, які паміраў ад голаду, хлеб. Неўзабаве святы выздаравеў ад чумы, а Готхард стаў яго памочнікам.
На класічным малюнку святы Рох, як правіла, паказвае на чумную язву на сваёй левай назе. Таксама часта святы малюецца разам з сабакам, які трымае ў пашчы хлеб. Яшчэ адным характэрным іканаграфічным атрыбутам з’яўляецца посах паломніка.
Святы Рох лічыцца таксама апекуном Мінска, бо, дзякуючы яго заступніцтву, у горадзе спынілася страшэнная эпідэмія халеры.
На могілках Капыля таксама стаіць капліца ў гонар св. Роха, якую пабудавалі ў часы эпідэміі ХІХ стагоддзя. Менавіта з таго моманту існуе асаблівы культ і пашана да гэтага святога заступніка.
Аляксандр Тарасевіч,
святар прыхода святых Пятра і Паўла ў Капылі
Комментарии