Сваім камбайнам “Палессе GS-12” Аляксандр Жарнасек з ААТ “Старыца-Агра” кіраваў упэўнена, ліха зрабіў разварот на чарговую загонку. 10-12 гектараў у дзень лёгка прабягае новенькая мадэрнізаваная машына.

Пасля гутаркі з хлопцам стала больш зразумела, адкуль узялося майстэрства кіравання: за плячыма ўжо дзявяты гарачы сезон — вопыту, як кажуць, не займаць. Хлебаробскую школу пачынаў памочнікам — спачатку на “Доне”, пасля — на імпартным “Лексіёне”. Вось ужо трэці сезон, як Аляксандр свае навыкі перадае навічкам жніва, якія, так бы мовіць, ходзяць у яго ў памочніках.
Падчас візіту ў сельгаспрадпрыемства маладога камбайнера, які, дарэчы, сёлета працуе з напарнікам Юрыем Пракапенем, заўважылі на ячменным полі ля вёскі Вошкаты. Але чамусьці побач з камбайнам не ўбачылі Юрыя.
— А дзе ж памочнік? — пытаюся.
— Рэмень у камбайне “паляцеў”, таму па новы паехаў, — з усмешкай адказаў Жарнасек.
— Ці надоўга рамонтам будзеце заняты? — цікаўлюся, але па настроі хлопца здагадваюся, які будзе адказ.
— Дробязь, хутка ліквідуем! — пацвердзіў маю здагадку Аляксандр.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Комментарии