Раённы этап сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі”, што прайшоў у мінулую суботу, выявіў самую спрытную і гаспадарлівую маладую сям’ю, якая дастойна вытрымала ўсе выпрабаванні, падрыхтаваныя арганізатарамі мерапрыемства — аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, райкамам ГА “БРСМ”.
[caption id="attachment_29184" align="aligncenter" width="448" caption="Пераможцы праекта Святлана і Валерый Лазарэвічы з дачкой Валерыяй"]
[/caption]
Удзельнікаў праекта, гасцей свята віталі першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская. Яны выказалі ўпэўненасць, што кожная сям’я праявіць сябе з лепшага боку і выступіць дастойна.
[caption id="attachment_29186" align="aligncenter" width="443" caption="Удзельнікаў праекта вітае Ала Раеўская"]
[/caption]
Спачатку неабходна было пазнаёміцца з удзельнікамі праекта. У гэтым дапамог першы конкурс “Вітаем па-беларуску”. Так, госці свята даведаліся пра творчыя захапленні, працавітасць сем’яў Сяргея і Кацярыны Мялешкаў з г. Капыля, Мікалая і Наталлі Каральчукоў з аг. Старыца, Аляксея і Юліі Шыдлоўскіх з аг. Скабін, Аляксандра і Кацярыны Шчэрбаў з аг. Новыя Доктаравічы, Івана і Любові Нечэпурэнкаў з аг. Быстрыца, Аляксея і Маргарыты Сергіеняў з аг. Цімкавічы, Валерыя і Святланы Лазарэвічаў з аг. Лясное.
[caption id="attachment_29188" align="aligncenter" width="323" caption="Выстава сям’і Любові і Івана Нечэпурэнкаў"]
[/caption]
Пра сямейныя традыцыі і хобі членаў сям’і падрабязна можна было даведацца на выставе “Сямейны падворак”, паспытаць хатніх ласункаў, з любоўю прыгатаваных гаспадынямі, убачыць трафеі, здабытыя гаспадарамі. Ні адна дэталь не выпадала з-пад увагі кампетэнтнага журы, у склад якога ўвайшлі Ала Раеўская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Царкова, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Татарыцкі і загадчык аддзела культурна-масавай работы раённага Цэнтра культуры Любоў Галубовіч.
[caption id="attachment_29190" align="aligncenter" width="443" caption="На конкурсе “Святочны воз” — Маргарыта і Аляксей Сергіені"]
[/caption]
Першым “вясковым” выпрабаваннем стаў конкурс “Святочны воз”, дзе парам неабходна было распрэгчы і запрэгчы каня. Усе ўдзельнікі з гэтым заданнем справіліся хутка і практычна без заўваг. Куды больш намаганняў прыйшлося прыкласці сем’ям у наступным выпрабаванні — конкурсе “Дрывасекі”. Задача была, на першы погляд, нескладаная — бервяно неабходна было распілаваць на тры калодкі, пасля кожную з іх пасекчы на чатыры часткі і скласці дровы ў касцёр. Але рабіць усё гэта трэба было вельмі хутка: кожная секунда магла стаць рашаючай у выяўленні пераможцы. Удзельнікаў нават не палохаў дождж, які раз-пораз уносіў карэктывы ў конкурсную праграму.
[caption id="attachment_29192" align="aligncenter" width="295" caption="“Вясковую эстафету” пераадольваюць Юлія і Аляксей Шыдлоўскія"]
[/caption]
“Вясковая эстафета” патрабавала не меншай зладжанасці ад кожнага члена сям’і: неабходна было хутка напоўніць бочку вадой з дапамогай каромысла і вёдраў, пасля мужчыну звязаць бярозавы венік, а гаспадыні сабраць бульбу ў мех. Калі гаспадар са сваім заданнем спраўляўся хутчэй, то ён абавязкова спяшаўся на дапамогу жонцы, як і павінна быць у дружнай сям’і.
Цудоўным дапаўненнем да свята маладосці стала выступленне народнага ансамбля народнай песні “Спадчына”.
[caption id="attachment_29202" align="aligncenter" width="400" caption="На сямейным падворку — Кацярына і Сяргей Мялешкі"]
[/caption]
Трэба адзначыць, большасць сямейных пар ужо прымалі ўдзел у такіх маладзёжных праектах. Магчыма, дзесьці ім гэта дапамагала ў выступленні. Але навічкі на іх фоне выглядалі дастойнымі канкурэнтамі. Конкурсная праграма завершана, і пасля невялікай паўзы журы абвясціла вынікі маладзёжнага праекта. Дарэчы, за добрае выступленне, волю да перамогі кожная сям’я адзначана дыпломам. Так, Аляксей і Маргарыта Сергіені сталі пераможцамі ў намінацыі “Залатая падкова”, Мікалай і Наталля Каральчукі — “Дрывасекі”, Любоў і Іван Нечэпурэнкі — “Спартсмен вёскі”, Сяргей і Кацярына Мялешкі — “Вясёлая сямейка”, Аляксей і Юлія Шыдлоўскія — “Дружная сям’я”. Адразу ў двух намінацыях (“Ачумелыя ручкі” і “Скамарох”) атрымалі перамогу Аляксандр і Кацярына Шчэрбы. Але для гэтай сям’і быў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: ад гаспадаркі КСУП “Доктаравічы” і Доктаравіцкага сельвыканкама яны атрымалі спецыяльны прыз — мультыварку. А галоўны тытул “Уладар вёскі” і права прадстаўляць Капыльшчыну на абласным этапе заваявалі Валерый і Святлана Лазарэвічы.
[caption id="attachment_29196" align="aligncenter" width="443" caption="У ролі дрывасекаў — сям’я Наталлі і Мікалая Каральчукоў"]
[/caption]
Ад арганізатараў праекта, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, райкама прафсаюза работнікаў АПК удзельнікі праекта атрымалі каштоўныя падарункі. Тым не менш, усе канкурсанты дастойна прайшлі выпрабаванні, што, падводзячы вынікі, не прамінулі адзначыць члены журы.
[caption id="attachment_29198" align="aligncenter" width="443" caption="Кацярына і Аляксандр Шчэрбы"][/caption]
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фото аўтара
Комментарии