— такога меркавання прытрымліваецца дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Піянер-Агра” Аляксандр МАКАРЧУК.
Гутарка з ім адбылася, калі да завяршэння ўборкі збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарцы заставаліся лічаныя дні.
Пра складаемыя поспеху
Як адзначыў Аляксандр Рыгоравіч, уборачная ў сельгаспрадпрыемстве праходзіць у зададзеным рытме. Па вялікім рахунку, не было праблем з тэхнікай — магчыма таму, што камбайнавыя экіпажы ўзначальваюць вопытныя механізатары, за плячыма якіх ужо не адна ўборачная кампанія. А значыць, яны добра ведаюць, якое значэнне мае добрая падрыхтоўка тэхнікі, таму і стараюцца напярэдадні жніва, ды і ў час яго, пільна сачыць за станам свайго камбайна. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае інжынерная служба, лічыць дырэктар. Усю неабходную дапамогу яе прадстаўнікі аказваюць камбайнерам на машынна-трактарным двары, а калі трэба — гатовы тэрмінова выехаць у поле і ліквідаваць паломку. Для гэтых мэт ёсць перасоўныя зварачныя ўстаноўкі і добрыя спецыялісты.
[caption id="attachment_29167" align="aligncenter" width="443" caption="Галоўны аграном Сяргей Лазюк (справа) з сямейным экіпажам-“тысячнікам” Аляксандрам і Раманам Іваноўскімі"]

[/caption]
“Дабіцца высокіх тэмпаў работ цяжка, калі палеткі засмечаны пустазеллем, — упэўнены кіраўнік гаспадаркі. — Каб гэтага не адбывалася, пастаралася наша агранамічная служба. Тады і тэхніка менш ламаецца, і прадукцыйнасць працы значная, і страт удаецца пазбегнуць”.
Адметна, што ў час вядзення работ усе памочнікі камбайнераў, як адзін, ідуць па полі следам за магутнымі машынамі. І справа тут не толькі ў тым, што неабходна сачыць, каб добра вымалочвалася збажына, тлумачыць Аляксандр Макарчук. Трэба ўважліва назіраць, каб не адкрыўся які-небудзь лючок, не адбылося ўзгаранне камбайна (на жаль, і такія выпадкі здараюцца ў час уборачнай).
Усяго створана сем камбайнавых экіпажаў, і яны знаходзяцца ў абсалютна роўных умовах. “Мы не працуем на лідара, — расказвае дырэктар, — а імкнёмся даць магчымасць кожнаму паказаць свае спрыт і ўменне. Магчыма, таму і вынікі работы экіпажаў не вельмі адрозніваюцца — сярод іх чатыры “тысячнікі”, астатнія таксама набліжаюцца да гэтага рэзультату”.
[caption id="attachment_29169" align="aligncenter" width="443" caption="Алег Філіпчык"]

[/caption]
Сярод складаемых поспеху — а менавіта ААТ “Піянер-Агра” па ўсіх прагнозах першым у раёне закончыць жніво — і арганізацыя работ не толькі на працягу ўсяго светлавога дня, але і да 12 гадзін ночы. “Нашы камбайнеры вельмі добра разумеюць неабходнасць працаваць у такім рытме, — запэўнівае Аляксандр Макарчук. — Мы са свайго боку таксама стараемся падтрымаць іх. Арганізоўваем трохразовае харчаванне (абеды і падвячоркі гатуем у сваёй сталоўцы), забяспечваем пітной вадой. Увесь час на полі знаходзіцца адказны спецыяліст, які сочыць за ходам работ і тэрмінова вырашае ўсе пытанні, якія ўзнікаюць”.
На адвозцы збажыны задзейнічана дзевяць адзінак тэхнікі. Дарэчы, сёлета, якраз перад пачаткам уборачнай, у гаспадарцы былі набыты яшчэ два новенькія МАЗы. Дзве машыны дзяжураць кругласутачна на току, і іх вадзіцелі пасля адпачынку таксама ўключаюцца ў вытворчы працэс.
[caption id="attachment_29171" align="aligncenter" width="443" caption="Павел Сінькевіч"]

[/caption]
Свой рытм працы і ў збожжасушыльнай гаспадаркі. Гэтаму ўчастку работ дырэктар таксама надае вельмі вялікую ўвагу: “Калі сушылкі не працуюць як след, не паспяваюць высушыць і дапрацаваць абмалочанае зерне, даводзіцца прыпыняць і камбайны. Магу з упэўненасцю сказаць, што ў нас самым галоўным стрымліваючым фактарам для тэхнікі з’яўляецца толькі надвор’е. А яно нас апошнімі днямі радуе. Такім чынам, добры вынік дасягаецца менавіта дзякуючы таму, што кожны на сваім працоўным месцы разумее важнасць моманту і прыкладвае ўсе намаганні, каб справіцца з задачай”.
Пра ўраджайнасць
Сёлета, улічваючы цяжкую зіму, ураджайнасць збожжавых культур, паводле меркавання Аляксандра Макарчука, у гаспадарцы неблагая — звыш 50 ц/га. Лепш сябе паказаў ячмень — для гэтай культуры год спрыяльны, а вось азімыя маюць, безумоўна, больш высокі патэнцыял — 80-90 ц/га. “Толькі вось дабіцца такога выніку няпроста, — лічыць дырэктар. — І не толькі таму, што можа перашкодзіць надвор’е ці расліны не атрымліваюць неабходных пажыўных рэчываў. Многае залежыць ад папярэднікаў, а ў нашых умовах, пры такой шчыльнасці збожжавых у структуры пасеваў, як у нас, дабіцца дакладнага выканання схемы амаль немагчыма. Таму і ставім задачу атрымаць максімальны рэзультат зыходзячы з тых магчымасцей, якія ў нас ёсць”.
Пра салому
Непасрэдная ўборка хлеба — гэта, бадай, самая простая работа з усіх аперацый, з якіх складаецца ўраджай, упэўнены Аляксандр Рыгоравіч. Найбольш працаёмкі працэс — гэта вызваленне палеткаў ад саломы і падрыхтоўка іх да новай пасяўной. Каб яго паскорыць, сёлета былі набыты два сучасныя імпартныя прэс-падборшчыкі фірмы “Crone”. А паколькі адзін з іх, на якім працуе Алег Філіпчык, мае магчымасць абмотваць рулоны стрэйч-плёнкай, з дапамогай яго было нарыхтавана 400 тон сенажу. Салома ж абодвума прэсамі запакоўваецца ў спецыяльныя сеткі, што паляпшае яе захоў-ванне. Трэці прэс-падборшчык, таксама замежнай вытворчасці, з’явіўся ў сельгаспрадпрыемстве пяць гадоў таму. З-пад яго выходзяць цюкі прамавугольнай формы, што таксама мае свае плюсы ў далейшым выкарыстанні падсцілачнага матэрыялу.
[caption id="attachment_29174" align="aligncenter" width="443" caption="Амаль “егіпецкая” піраміда"]

[/caption]
Для звозкі саломы створана звяно, у склад якога ўваходзяць два пагрузчыкі і тры трактары са спецыялізаванымі платформамі. За дзень, адзначае Аляксандр Рыгоравіч, можна вызваліць ад саломы да 50 га. Нібы пушынкі падымае Павел Сянькевіч сваім магутным “Амкадорам” па два цюкі і акуратна грузіць іх на трактарны прычэп. Не менш захапляльную карціну давялося назіраць і на тэрыторыі новай малочнатаварнай фермы ў Ванелевічах, дзе на заасфальтаванай пляцоўцы складзена сапраўдная, амаль “егіпецкая” піраміда з цюкоў.
Пра будучы ўраджай
На вызваленых ад саломы палетках хутка загудуць магутныя машыны, рыхтуючы іх да новай пасяўной. “Пачынаем з тых палёў, дзе будзем сеяць азімы рапс, — тлумачыць Аляксандр Макарчук. — Ужо ўносяцца мінеральныя ўгнаенні, адзін трактар працуе і на ворыве. Сеяць пачнём ужо пасля 15 жніўня, паколькі больш раннія тэрміны могуць прывесці да перарастання культуры і, адпаведна, да больш складанай яе перазімоўкі пры неспрыяльных умовах”.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии