[caption id="attachment_202" align="alignleft" width="210" caption="Пашпарт Д. Парыбку ўручае М. Бода"][/caption]
Ужо стала добрай традыцыяй 15 сакавіка ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праводзіць акцыю “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”, у рамках якой сярод шматлікіх мерапрыемстваў ярка выдзяляецца самае, бадай, памятнае для юнакоў і дзяўчат, якім толькі-толькі споўнілася 16 гадоў. Ва ўрачыстай абстаноўцы, у прысутнасці кіраўніцтва раёна, ветэранаў вайны і працы ім уручаюць самы галоўны дакумент — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Не стаў выключэннем і сёлетні год. У зале пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта сабраліся прадстаўнікі гімназіі і школ горада Капыля, якія днямі адсвяткавалі сваё ўступленне ў дарослае жыццё. Трэба сказаць, што ў пераважнай большасці гэта былі выдатнікі вучобы, пераможцы разнастайных конкурсаў, спаборніцтваў, алімпіяд, канферэнцый, актывісты школьнага і грамадскага жыцця. Адкрыла свята першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч, якая шчыра вітала ўдзельнікаў мерапрыемства і зрабіла кароткі экскурс у гісторыю ўзнікнення пашпарта. “Сёння, атрымаўшы пашпарт, — звярнулася да маладых людзей Наталля Рыгораўна, — вы станеце паўнацэннымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь з усімі прапісанымі ў Канстытуцыі правамі і абавязкамі”.
Галоўны дакумент нашай краіны юным капылянам уручылі старшыня райвыканкама Міхаіл Бода і начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Капыльскага РАУС Алег Осіпаў. З рук намесніка старшыні райвыканкама Алы Раеўскай юнакі і дзяўчаты атрымалі прыгожыя памятныя кнігі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
— Вельмі сімвалічна, што менавіта сёння, у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, вы атрымалі пашпарты, — сказаў, звяртаючыся да старша-класнікаў Міхаіл Тарасавіч. — Гэта важная вяха ў фарміраванні светапогляду маладога чалавека. Вы ўжо ведаеце асновы нашага заканадаўства, знаёмы са сваімі правамі і абавязкамі. Шчыра віншую вас з такой важнай падзеяй у жыцці, з тым, што вы сталі паўнапраўнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Наша дзяржава стварае ўсе ўмовы для самавыяўлення маладога чалавека. Вам толькі трэба жыць, старанна вучыцца, атрымаць добрую адукацыю. Усё будзе залежаць ад вас. Галоўнае ў жыцці — паставіць мэту і настойліва дабівацца яе дасягнення.
[caption id="attachment_204" align="alignright" width="300" caption="Фота на памяць"]
[/caption]
Наказ на дарогу ад імя ўсіх ветэранаў вайны і працы Капыльшчыны дала віноўнікам урачыстасці член прэзідыума раённага Савета ветэранаў Часлава Грыгаровіч. Адзначыўшы, што мы знаходзімся на парозе знакавых падзей у жыцці нашай краіны — 65-годдзя Перамогі над фашысцкімі захопнікамі і выбараў дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, — Часлава Феліксаўна пажадала ўсім творчых поспехаў, моцнага здароўя, поспехаў у вучобе і ўсіх справах, быць годнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. Старэйшых таварышаў са значнай падзеяй у іх жыцці павіншавалі і піянеры.
Уручэнне пашпарта — не простая фармальнасць, упэўнена вучаніца СШ № 2 г. Капыля Яўгенія Дрозд: “Сёння пачаўся новы этап у нашым жыцці. І я з упэўненасцю магу сказаць, што быць грамадзянінам — вялікая адказнасць як перад грамадствам, так і перад самім сабой”. Звяртаючыся да сваіх аднагодкаў, дзяўчына заклікала іх ніколі не быць раўнадушнымі: “Няхай і праз 20 гадоў вашы вочы гараць, будзьце актыўнымі, удзельнічайце ў жыцці нашага горада, смела ідзіце да сваёй мэты і вядзіце за сабою іншых!”
Цудоўным святочным падарункам для ўсіх прысутных сталі песні ў выкананні выкладчыкаў Капыльскай дзіцячай школы мастацтваў Марыны Сельвановіч і Льва Канапляніка.
Надоўга запомніцца дзень 15 сакавіка і дзесяцікласніцы СШ № 3 г. Капыля Святлане Шуманскай, якая ўзяла ўдзел у святочнай ўрачыстасці з нагоды Дня Канстытуцыі, што адбылася ў Мінаблвыканкаме. Выдатніца вучобы, пераможца раённай алімпіяды па біялогіі, актывістка школьнага жыцця і наогул вельмі творчая асоба, абраная ў якасці прадстаўніцы Капыльскага раёна, разам са сваімі равеснікамі пабывала ў Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь, пазнаёмілася з дзейнасцю абкама ГА “БРСМ” і атрымала галоўны дакумент — пашпарт.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии