На дадзены момант у ААТ “Скабін” убрана звыш 75% неабходных плошчаў, намалочана звыш 3600 тон, сярэдняя ўраджайнасць складае 43,3 ц/га.

Збожжавы клін у сельгаспрадпрыемстве сёлета складае 1109 га, з іх 502 га займае азімая пшаніца, 429 га – ячмень, 82 га – трыцікале, 85 га – зернебабовыя.
Паралельна з уборкай ідзе здача збожжа дзяржаве. Ужо пастаўлена 500 тон азімай пшаніцы Барысаўскаму і Маладзечанскаму КХП, Салігорскай птушкафабрыцы, выкананы план па здачы піваварнага ячменю (прададзена 166 тон са 150 неабходных). Дапрацоўваецца збажына на новым збожжасушыльным комплексе ЗСК-40, які працуе ўжо трэці год.
Працоўны дзень у гаспадарцы пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы і доўжыцца да той пары, пакуль можна весці ўборку. Механізатары забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, а наталіць смагу можна мінеральнай вадой, якая абавязкова прысутнічае на полі.
На першым плане ў сельгаспрадпрыемстве – якасць работ і захаванне тэхнікі бяспекі. Каля камбайнаў абавязкова дзяжурыць адказны спецыяліст, які сочыць за якасцю ўборкі, і пажарная машына.
На жніве ў ААТ “Скабін” сёлета задзейнічаны шэсць камбайнавых экіпажаў. Разам з вопытнымі механізатарамі побач працуюць тры маладзёжныя, якія паказваюць таксама неблагія вынікі. У ліку лідараў зараз – экіпаж у складзе Аляксандра Грынкевіча і Аляксандра Апанасчыка, на рахунку якіх каля 950 тон намалочанай збажыны.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии