Аграрыі ААТ “Старыца-Агра” зараз не толькі вядуць масавую ўборку збожжавых, але і актыўна займаюцца копкай ранняй бульбы. Ужо больш чым тры тыдні ідуць гэтыя работы.

— Сёлета ў гаспадарцы бульба пасаджана на плошчы 250 га, — адзначае дырэктар сельгаспрадпрыемства Уладзімір Рудакоўскі. – Віды на ўраджай добрыя. Цяпер атрымліваем па 270-290 ц/га. Думаю, узровень мінулага года – каля 10 тыс. тон – павінны дасягнуць.
Адначасова вядзецца і рэалізацыя другога хлеба. Пачыналі яе з 10 тыс. рублёў за кілаграм, зараз прадаюць па тры тыс. Бульба пастаўляецца ў г. Мінск, у абласную клінічную бальніцу, таксама прадаецца праз уласны магазін “Крынічка” ў аг. Старыца.
Пакуль што ўборка вядзецца ўручную, працуюць на ёй у асноўным члены паляводчай брыгады. За дзень накопваецца каля 12-15 тон. Масавая ж уборка пачнецца пасля завяршэння жніва. Тады будуць запушчаны камбайны, прыёмныя бункеры, сартавальныя сталы. Паралельна будзе весціся закладка на захоўванне. Сховішча ў гаспадарцы можа прыняць каля сямі тысяч тон бульбы. Сёлета таксама пачалося будаўніцтва новага на восем тысяч тон, для чаго ўжо праведзены планіровачныя работы.
Для ўборкі бульбы ў гэтым годзе сельгаспрадпрыемствам набыты новы трактар МТЗ-1221 і камбайн нямецкай вытворчасці.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии