У Капылі на працягу трох дзён, з 26 па 28 ліпеня, праходзіла штогадовая спартакіяда дзяржаўнага аб’яднання “Белвтормет”, прымеркаваная да Дня металурга. У спартакіядзе прынялі ўдзел 8 каманд дзяржаўнага аб’яднання з розных абласцей Беларусі.
[caption id="attachment_29033" align="aligncenter" width="443" caption="Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў"]
[/caption]
У дзень заезду спартыўныя дружыны, якія разбілі лагер у аг. Мажа, прадстаўлялі візітныя карткі, частавалі членаў журы арыгінальнымі стравамі, зробленымі тут жа на адкрытым вогнішчы. Ужо ў суботу на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу г. Капыля адбылося ўрачыстае адкрыццё спартакіяды з удзелам генеральнага дырэктара Аляксея Аношкі, старшыні райвыканкама Анатоля Жданені, намесніка старшыні Алы Раеўскай. Вітаючы гасцей, Анатоль Іосіфавіч адзначыў: ”Ужо трэці год запар мы рады вітаць вас на спрыяльнай капыльскай зямлі. Магчыма, гэта будуць традыцыйныя спаборніцтвы ў Капылі, і мы будзем чакаць вас у наступным годзе. Канешне, перамагчы павінен мацнейшы! Але ўпэўнены, што пераможа дружба і здароўе. Дазвольце мне ад раённага выканаўчага камітэта, ад сябе асабіста пажадаць вам спартыўных поспехаў, каб тут вы атрымалі зарад бадзёрасці. Са святам вас!”
[caption id="attachment_29036" align="aligncenter" width="443" caption="Удзельнікаў спартакіяды вітае А. Жданеня"]
[/caption]
Пад гукі Дзяржаўнага гімна ў неба ўзвіўся Дзяржаўны флаг, і літаральна праз некалькі хвілін пачаліся спаборніцтвы ў такіх відах спорту, як падніманне гіры, більярд, дартс (па-за залікам), тэніс і плаванне, дзе гонар каманды адстойвалі толькі два ўдзельнікі. Мацнейшымі гіравікамі сталі прадстаўнікі “Брествторчермета”, а цвёрдая рука більярдыстаў “Могилеввторчермета” дапамагла ім выйграць у гэтым відзе праграмы. Самымі трапнымі аказаліся аматары кідання дроцікаў з “Витебск-вторчермета”, а лепш за ўсіх адчуваў сябе на вадзе камандны дуэт “Белвторчермета”. У настольным тэнісе першынствавала каманда “Могилеввторчермет”. Крыху пазней адбыліся папярэднія гульні па валейболе, стрытболе, перацягванні каната.
[caption id="attachment_29038" align="aligncenter" width="295" caption="Падніманне гіры"]
[/caption]
Заключны, трэці дзень спартакіяды, прынёс перамогу бегунам з “Белвторчермета”, якія паказалі лепшы вынік у эстафеце 4х100 м. Асілкі з гэтай жа каманды нікому не ўступілі і ў фінальных схватках па перацягванні каната. Цікавай была і фінальная гульня па валейболе паміж “Могилеввторчерметом” і “Белвторчерметом”. Ва ўпартай барацьбе перамаглі магіляўчане. Каманда “Белвторчермет” святкавала трыумф пасля заключнай гульні па стрытболе (вулічным баскетболе), дзе іх трыо разграміла апанентаў з Гомеля.
[caption id="attachment_29040" align="aligncenter" width="443" caption="Хто мацнейшы?"]
[/caption]
Па выніках спаборніцтваў у агульнакамандным заліку мацнейшай сёлета стала каманда ААТ “Белвторчермет” (17 ачкоў). Другое месца заняло ААТ “Гомельвторчермет”, а трэцяе – ААТ “Белцветмет”.
Генеральны дырэктар Аляксей Аношка павіншаваў удзельнікаў з выдатна праведзеным мерапрыемствам і ўручыў камандам-пераможцам медалі, граматы і памятныя прызы.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии