Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

51

У чаканнi новага навучальнага

04.08.2013
Сорак сем устаноў адукацыі Капыльшчыны зараз рыхтуюцца да новага навучальнага года. Тут праводзяцца бягучыя і капітальныя рамонты. Часу засталося не так многа, а адказнасць ускладзена вялікая, бо чакаецца, што з 1 верасня ў раёне за парты сядуць 2994 школьнікі, а ў дашкольныя ўстановы прыйдуць 1034 выхаванцы.  А для іх патрэбна стварыць усе неабходныя ўмовы для вучобы, заняткаў фізкультурай, актыўнага адпачынку. На дадзены момант у аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама створана спецыяльная камісія, якая з першых дзён жніўня вядзе прыёмку ўстаноў адукацыі. Падчас яе работы запаўняюцца пашпарты гатоўнасці, а да 20 жніўня яны будуць пададзены ва ўпраўленне адукацыі Мінаблвыканкама. Як паведаміла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Міхайлоўская, сёлета на бягучы рамонт устаноў адукацыі з мясцовага бюджэту выдзелена звыш 3 млрд рублёў асноўных сродкаў. Напрыклад, у СШ №2 г. Капыля больш за 800 млн рублёў будзе зрасходавана на замену электраправодкі, вода- і цепласетак, вокнаў і дзвярэй, рамонт калідораў, устаноўку электроннай сістэмы доступу (відэаназіранне), звыш 400 млн будзе затрачана на рамонт даху ў гімназіі №1 райцэнтра. Згодна з Праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі больш за 600 млн рублёў выдзелена на набыццё камп’ютарнай тэхнікі і новай мэблі. Па Праграме развіцця сельскіх тэрыторый чакаецца асваенне 900 млн рублёў. Так, у Цімкавіцкай СШ на 100 млн рублёў праведзена замена дзвярэй, у Старыцкай СШ завяршаецца рамонт спартыўнай залы, абустроены туалетныя пакоі. Згодна з Праграмай развіцця дашкольнай адукацыі зрасходавана больш за 150 млн рублёў на набыццё сродкаў навучання, камп’ютарнай тэхнікі і іншыя мэты. Напрыклад, у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Сонейка” заменены дзверы, гэтыя ж работы, а таксама замена лінолеума, набыццё сучаснай мэблі праведзена ў Санаторных яслях-садзе. У яслях-садзе №1 г. Капыля ўстаноўлены воданагравальнік, рэканструявана асвятленне, заменены лінолеум у групах. На супрацьпажарныя мерапрыемствы запланавана 500 млн рублёў. Ужо ўстаноўлена аўтаномная пажарная сігналізацыя ў Слабадакучынскай СШ, на чарзе – Русакоўскі, Лясноўскі, Грозаўскі і Пацейкаўскі дзіцячыя сады. Да новага навучальнага года плануецца набыццё спартыўнага інвентару і абсталявання на 500 млн рублёў. На харчаблокі ўстаноў адукацыі набыта тэхналагічнае абсталяванне больш чым на 250 млн рублёў. З абласнога бюджэту выдзелены аўтамабіль з ізатэрмічным кузавам для дастаўкі прадуктаў. На энергазберагальныя мерапрыемствы зрасходавана звыш 137 млн рублёў, у тым ліку на энергаэканамічныя свяцільні – больш за 35 млн рублёў (170 штук). Таксама зараз ідзе рамонт дзесяці аўтобусаў для дастаўкі дзяцей у навучальныя ўстановы. Да новага навучальнага года сем’ям, у якіх выхоўваюцца тры і больш школьнікі, будзе аказана матэрыяльная дапамога. Як адзначыла Алена Міхайлоўская, штогод у раёне рэарганізуецца сетка ўстаноў адукацыі. І сёлета з’явіцца Жыліхаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа (да гэтага часу дзеці падвозіліся ў Бучацінскі дзіцячы сад). Трэба адзначыць, што ўстановы адукацыі выкарыстоўваюць не толькі бюджэтныя сродкі, але і тыя, якія заробяць самі (пазабюджэтныя), а таксама шэфскую і спонсарскую дапамогу. За іх кошт праводзіцца пафарбоўка, пабелка, добраўпарадкаванне тэрыторый, набыццё камп’ютарнай тэхнікі, сучасных сродкаў навучання і г. д. Сяргей КОЗЕЛ Фота Паўла ШЭІНА   Падчас рамонтных работ у СШ №2 г. Капыля.  

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей