Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

40

Основная забота - здоровье копылян

02.09.2010

18 жніўня споўнілася 20 гадоў са дня адкрыцця ў г. Капылі фізкультурна-аздараўленчага комплексу.З якімі вынікамі сустрэла юбілей установа, якія перспектывы развіцця масавага спорту ў раёне, пра тое наша гутарка начальнікам аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Віктарам Васільевічам ВАСІЛЕЎСКІМ.

— Віктар Васільевіч, два дзесяткі гадоў функцыянуе  фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Якую ролю ў спартыўным жыцці Капыльшчыны выконвае наш галоўны цэнтр здароўя?

Фізкультурна-аздараўленчы комплекс - велізарная дапамога для развіцця фізкультуры і спорту, арганізацыі вольнага часу нашых грамадзян.  Калектывам установы праводзіцца мэтанакіраваная работа па прадастаўленні насельніцтву разнастайных паслуг, у тым ліку: аздараўленчае плаванне, саўна, аэробіка, трэнажорная і спартыўная залы, настольны тэніс, більярд, масаж, пракат спартыўнага і турысцкага інвентару. Праводзяцца арганізаваныя заняткі ў групах шэйпінгу, усходніх танцаў, аквааэробікі, атлетызму, навучанні плаванню. Арганізаваны пракат плавальных сродкаў.

У мэтах павелічэння аб’ёмаў і пашырэння відаў платных паслуг набыты більярдны стол, сталы для настольнага тэнісу, турыстычныя веласіпеды, прагулачныя лодкі, ролікавыя канькі, электрамабілі на агульную суму 21,3 млн рублёў, у т. л. 9,8  млн рублёў за кошт пазабюджэтных крыніц фінансавання. Калі паслугамі ФАКу  ў 2009 годзе скарысталіся 26 прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна, то за студзень - ліпень 2010 года - 27. Найбольш актыўна фізкультурна-аздараўленчымі паслугамі карысталіся работнікі УАЗ «Капыльская ЦРБ», ДЛГУ «Капыльскі лясгас», сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў - ААТ «Старыца-Агра», СВК «Ванелевічы». Хацелася, каб кіраўнікі, прафсаюзныя камітэты іншых прадпрыемстваў і арганізацый таксама звярнулі ўвагу на здароўе сваіх супрацоўнікаў, на мой погляд, гэтым можна палепшыць вытворчыя паказчыкі.

Праведзена значная работа па ўмацаванні матэрыяльна-спартыўнай базы. У 2008 годзе завершаны капітальны рамонт спартыўнай залы, зроблены бягучы рамонт фасада і даху ФАКу. У 2009-м выкананы рамонт лыжаролернай трасы, трыбун стадыёна, элінга для захоўвання плавальных сродкаў на гарадскім пляжы. Усталяваны больш эканамічныя цыркуляцыйныя помпы  ў сістэме водападрыхтоўкі басейнаў.

У красавіку мінулага года на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу адкрыта аддзяленне вольнай барацьбы Мінскай абласной спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алім-пійскага рэзерву, дзе займаюцца 42 падлеткі.

Увядзенне ў эксплуатацыю ў лістапа-дзе 2008 года кацельні на мясцовых відах паліва дало магчымасць прывесці да аптымальных паказчыкаў параметры мікраклімату ў спартыўных будынках, падоўжыць сезон функцыянавання басейнаў, стварыць больш камфортныя ўмовы для аматараў здаровага ладу жыцця.

Зацверджаны нарматыў бюджэтнага фінансавання галіны  «Фізічная культура і спорт» у разліку на 1 чалавека ў раёне складае 0,25 базавай велічыні. Фактычна паказчыкі гэтага сацыяльнага стандарту мы выконваем. У 2008 г. ён склаў 0,44 б. в., у 2009 г. – 0,52 б. в.

— Падыходзіць да завяршэння Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі на 2005 - 2010 гады. Што атрымалася зрабіць за гэту пяцігодку, каб падняць цікавасць сельскага жыхара да масавага спорту, і якімі прыярытэтнымі напрамкамі кіруецца ў рабоце ваш аддзел?

Існуе некалькі дакументаў, якімі кіруецца аддзел фізкультуры, спорту і турызму. Гэта - абласныя і раённыя праграмы развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму на 2006-2010 гады, праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады, праграма дэмаграфічнай бяспекі Капыльскага раёна на 2007-2010 гады. Імі прадугледжваецца ўкараненне фізічнай культуры, спорту і турызму сярод усіх узроставых катэгорый насельніцтва раёна, умацаванне матэрыяльна-спартыўнай базы, рашэнне кадравага пытання, пашырэнне пераліку аказваемых платных паслуг.

Для правядзення фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з насельніцтвам выкарыстоўваецца ўся матэрыяльна-спартыўная база Капыльшчыны, незалежна ад ведамаснай прыналежнасці. У раёне працуюць 68 штатных спецыялістаў фізічнай культуры, з іх 42 настаўнікі фізкультуры ў школах і сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі, 5 кіраўнікоў фізічнага выхавання ў дзіцячых дашкольных установах, 14 кіраўнікоў і трэнераў-выкладчыкаў па спорце спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, 3 інструктары-метадысты, 4 іншыя спецыялісты.

Нашым аддзелам штогод распрацоўваецца і зацвярджаецца на пасяджэнні выканкама адзіны каляндарны план раённых  спартыўна-масавых мерапрыемстваў. У мэтах прыцягнення насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай і спортам, акрамя спаборніцтваў па асобных відах спорту, праводзяцца комплексныя мерапрыемствы, такія як круглагадовая спартакіяда сярод прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый па 9 відах спорту, круглагадовая спартакіяда сярод сельскіх жыхароў, зімовая спартакіяда працаўнікоў АПК, летняя міжгаліновая спартакіяда, зімовая і летняя спартакіяды сярод моладзі дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту, круглагадовая спартакіяда навучэнскай моладзі, спартакіяда сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства.

Летась праведзена 85 спартыўна-масавых мерапрыемстваў, у якіх удзельнічала 6909 чалавек (у 2008 годзе - 75 мерапрыемстваў, 6377 чалавек). За сем месяцаў гэтага года праведзена 46 мерапрыемстваў з удзелам 3559 чалавек.

Трэба адзначыць, што аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму каардынуе сваю працу з аддзеламі адукацыі, па справах моладзі, РК ГА «БРСМ», РАС ДТСААФ.

З 1 студзеня 2008 года пры аддзеле адкрыты раённы фізкультурна-спартыўны клуб «Ураджай». Яго галоўнай задачай з’яўляецца арганізацыя і правядзенне фізкультурна-аздараўленчай работы сярод сельскага насельніцтва. Цяпер у РФСК «Ураджай» працуюць 11 інструктараў-метадыстаў (на 0,5 стаўкі) па фізкультурна-аздараўленчай рабоце з насельніцтвам у дзеючых аграгарадках. З прыходам спецыялістаў прыкметна актывізаваўся ўдзел каманд сельгаспрадпрыемстваў у раённых спартыўных мерапрыемствах. Так, у спартакіядзе сярод сельскіх жыхароў 2009 года прынялі ўдзел 15 калектываў (2008 год - 12). Актыўна ў раённых спаборніцтвах удзельнічаюць каманды СВК «Мажа-Агра», «Ванелевічы», «Пацейкі», ААТ «Капыльскае», «Старыца-Агра», СГФ «Грозава», ВСК «Семежава». Хацелася б выказаць удзячнасць кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў «Старыца-Агра», «Семежава», «Ванелевічы», «Капыльскае», «Браткава», «Пацейкі», якія выдзяляюць сродкі для набыцця спартыўнага інвентару і формы, фінансуюць удзел каманд у спаборніцтвах.

Пры пяці сельскіх агульнаадукацыйных школах (Лясноўская, Семежаўская, Цімкавіцкая, Ляшнянская, Быстрыцкая) адкрыты аддзяленні па відах спорту спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў раёна, у якіх займаюцца 176 дзяцей і падлеткаў, што складае 8,3 % ад  агульнага ліку сельскіх навучэнцаў.

— Вы назвалі станоўчыя бакі работы. Але ж, пэўна, ёсць і цяжкасці, упушчэнні?

— Да недахопаў у фізкультурна-аздараўленчай рабоце з насельніцтвам па месцы жыхарства варта аднесці малы ахоп працоўнай моладзі і дарослага насельніцтва, прыцягнутых да заняткаў у спартыўных секцыях і групах, а таксама нізкую актыўнасць удзелу асобных прадпрыемстваў і арганізацый у раённых спартыўна-масавых мерапрыемствах.

Адным з фактараў, якія стрымліваюць развіццё фізкультурна-аздараўленчай работы на вёсцы з’яўляецца нізкая забяспечанасць спартыўным інвентаром і абсталяваннем. Выклікае заклапочанасць і стан спартыўных пляцовак, футбольных палёў, бо самымі папулярнымі і запатрабаванымі ў моладзі ў летні час з’яўляюцца валейбол і футбол.

— А як развіваецца турыстычная дзейнасць на тэрыторыі раёна?

— У чэрвені 2009 года пры ААТ «Аўтамабільны парк № 21» адкрыты ад-дзел вандраванняў і экскурсій з правам ажыццяўляць тураператар-скую і турагенцкую дзейнасць. Сёння прадпрыемства аказвае паслугі па арганізацыі паездак па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межы на камфартабельных аўтобусах умяшчальнасцю ад 25 да 40 чалавек. А таксама аказвае дапамогу ў арга-нізацыі адпачынку за мяжой (Егіпет, Турцыя, Туніс і г. д.). У бягучым годзе  адкрыты новыя маршруты: «Капыль - Адэса», «Капыль - Феадосія».

З 1 верасня 2009 года пры аддзеле адукацыі адкрыты раённы Цэнтр дзіцячага турызму і краязнаўства. На базе агульнаадукацыйных школ працуюць 12 гурткоў турысцка-краязнаўчага кірунку. Распрацаваны турыстычныя маршруты па месцах баявой і працоўнай славы, гісторыка-культурнай спадчыны, да помнікаў прыроды, аздараўленчай скіраванасці. У 2009 годзе праведзены 153 аднадзённыя і шматдзённыя турыстычныя паходы, у якіх прыняло ўдзел 2295 навучэнцаў. Штогод праводзіцца раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі.

У рамках рэалізацыі сумеснага праекта Еўрапейскага Саюза і Праграмы развіцця ААН «Устойлівае развіццё на мясцовым узроўні» пры падтрымцы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь распрацавана «Канцэпцыя ўстойлівага развіцця  Капыльскага раёна». Прапанаваны дзве ініцыятывы, якія будуць садзейнічаць развіццю турызму ў паўднёвай частцы Капыльскага раёна. Гэта, у прыватнасці, - Семежаўскі сельскі Савет.

Першая ініцыятыва - стварэнне Зялёнага маршруту «Міжрэчча Мажы і Морачы» з мэтай паляпшэння турыстычнай інфраструктуры ў дадзеным рэгіёне. У якасці прыярытэтных задач абраны арыентацыя на беражлівае выкарыстанне мясцовых рэсурсаў, захаванне ўнікальнай культуры і традыцый. У рамках дадзенага праекта прапаноўваецца дапрацоўка апісання стаянак на тэрыторыі гідралагічных заказнікаў «Волка» і «Марачанскі», заалагічнага «Ракітнік», а таксама ўладкаванне адной стаянкі ў Семежаве (пчальнік), усталёўка ўказальнікаў на веласіпеднай сцежцы ўздоўж водапрапускнога канала ў Семежаве, падрыхтоўка і распаўсюджванне інфармацыйных матэрыялаў аб Зялёным маршруце праз буклеты і Інтэрнэт.

Другая ініцыятыва - гэта стварэнне школы ткачоў на базе раённага Цэнтра ткацтва аграгарадка Семежава, мэта якой - развіццё рамесніцтва і прапаганда ткацтва, як мясцовага віду народнай творчасці, садзейнічанне актыўнаму ўдзелу мясцовых жыхароў у павышэнні турыстычнай прывабнасці, прыцягненні ўвагі да культурных традыцый раёна.

У рамках дадзенага праекта запланаваны майстар-класы, семінары, цыкл заняткаў для школьнікаў і студэнтаў, пашырэнне дзеючай экспазіцыі ў раённым Цэнтры ткацтва.

— У верасні аматараў спорту чакае цікавае відовішча – Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па эстафетным бегу на марафонскай дыстанцыі. Якім ён будзе?

— Першае, што хацелася б адзначыць, у гэтым годзе павысіўся статус нашых спаборніцтваў. Яго афіцыйная назва – Нацыянальны фестываль эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”. Увогуле, фестываль будзе праходзіць па звыклай для капылян і спартсменаў схеме, акрамя адной акалічнасці. У праграму спаборніцтваў увойдзе яшчэ адна дысцыпліна – эстафета 6х1000 метраў. Дзякуючы гэтым змяненням, значна павялічыцца колькасць удзельнікаў.

На наша свята мы запрасілі шмат знакамітасцей, сярод якіх Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі, заслужанны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, прафесар Мікалай Манак, алімпійскія чэмпіёнкі Марыя Іткіна, Таццяна Ледаўская і іншыя.

Да ўвагі нашых маленькіх удзельнікаў фестывалю будуць працаваць разнастайныя атракцыёны. Кожны жадаючы зможа паспрабаваць шчасце ў розыгрышы прызоў. Адным словам, прыходзьце на спартыўнае свята: вас чакае шмат станоўчых эмоцый, прыемных нечаканасцей і цікавае відовішча.

Дзякуй за размову.

Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей