На прамую лінію па прафілактыцы афрыканскай чумы свіней да галоўнага ветэрынарнага ўрача раёна Анатоля Ладыгі звярнуліся 12 чалавек. Тэлефанавалі з розных куткоў Капыльшчыны. Гэта сведчыць аб тым, што пытанне даволі надзённае і хвалюючае. Напрыканцы прамой лініі мы папрасілі Анатоля Міхайлавіча яшчэ раз звярнуць увагу на самыя актуальныя моманты:
— З боку ветэрынарнай службы і ад сябе асабіста хачу парэкамендаваць насельніцтву максімальна правесці забой дарослага пагалоўя. Звязана гэта з тым, што ёсць два афіцыйна зарэгістраваныя ачагі захворвання на АЧС у нашай краіне (Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці і філіял “Лучоса” Віцебскай вобласці). Па магчымасці неабходна абмежаваць наведванне гэтых рэгіёнаў без асаблівай патрэбы. Ёсць афіцыйнае заключэнне, што дадзены вірус быў занесены ў Беларусь з камбікормам.
Другі момант – міграцыя дзікоў. Яны з’яўляюцца першакрыніцай распаўсюджвання хваробы ў дзікай прыродзе і, адпаведна, потым у асабістых падсобных гаспадарках і спецыялізаваных арганізацыях, дзе займаюцца вырошчваннем, адкормам, продажам свіней. Таму яшчэ адна рэкамендацыя насельніцтву – абмежаваць знаходжанне людзей у чужых дварах і асабліва ў хлявах. Калі пры наведванні лесу вы ўбачылі труп дзіка, тэрмінова паведаміце пра яго месцазнаходжанне ў раённую ветстанцыю, раённую арганізацыйную структуру Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў ці сельсавет, самі яго не чапайце. Пры вяртанні дамоў здыміце вопратку, памыйце яе, ні ў якім выпадку не заходзьце ў ёй у хлеў.
У сетцы зоаветзабеспячэння, у нашых установах у продажы ёсць сродкі для дэзінфекцыі: тубісан, мікрацыд, вірацыд і іншыя, якія знішчаюць вірус. Таксама вельмі добра праводзіць апрацоўку хлорнай вапнай. Атрымаць падрабязную інфармацыю можна як у нашай станцыі, так і ў ветспецыялістаў у гаспадарках на месцах. Дарэчы, яшчэ раз падкрэслю, што на гэту хваробу хварэюць толькі свінні. Астатнія хатнія жывёлы, як і грызуны могуць быць яе пераносчыкамі. Калі ў вашых гадаванцаў павысілася тэмпература, з’явіліся цёмна-фіялетавыя плямы на целе, назіраецца сінюшнасць вушэй, канечнасцей і іншыя прыкметы, тэрмінова запрасіце да сябе ветспецыяліста.
Звяртаюся да ўсіх жыхароў раёна з просьбай праявіць грамадзянскую пазіцыю, каб захаваць у бяспецы сябе, сваё падвор’е, а значыць і свой раён.
Падрыхтаваў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии