Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

57

“Па старых вуліцах Капыля”

15.07.2013
Разам з Капыльскім раённым краязнаўчым музеем мы працягваем падарожжа па старых вуліцах нашага горада. Сёння пагаворым пра іх назвы: былыя і сучасныя [caption id="attachment_28504" align="aligncenter" width="443" caption="Вуліца Набярэжная. 50-я гады XX ст."][/caption] Яшчэ ў 1872 годзе настаўнік Шыманоўскі С. запісаў, што мястэчка Капыль цягнулася на пятнаццаць вёрст. З ім злучаліся блізкія вёскі: Кацельнікі - за тры вярсты, там знаходзіўся кацельны завод, Нізкавічы - чатыры вярсты, з Нізкім рынкам, Стары Капыль - у шасці вярстах, гэта Старое месца.  Цікавым з’яўлялася і геаграфічнае размяшчэнне мястэчка. Месца было амаль цалкам абмежавана прыроднымі перашкодамі. Узгорак, на якім зараз знаходзіцца цэнтр Капыля, з трох бакоў перарэзвалі рэчкі Каменка і Мажа, а ў раёне сучаснай вуліцы Пралетарскай і далей, на паўднёвы захад, да Мажы спускалася некалькі глыбокіх яраў. У адным з першых дакументаў 1648 года, дзе сустракаюцца даныя па тапаграфіі Капыля, узгадваецца гасцінны дом, які знаходзіўся на рагу Рынка і вуліцы Спаскай. Назва вуліцы можа сведчыць аб знаходжанні тут некалі Спаса-Праабражэнскай царквы, паданні аб якой захоўваліся яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя. [caption id="attachment_28505" align="aligncenter" width="443" caption="Вуліца Жылуновіча. Сучасны выгляд. Уніз - дарога ад царквы"][/caption] У 1669 годзе Капыль складаўся з замка, Рынкавай плошчы (зараз плошча Леніна), 8 вуліц і 2 завулкаў. Цэнтральнае месца ў горадзе займаў Рынак, дзе знаходзіліся 36 мяшчанскіх і шляхецкіх дымоў, каталіцкі касцёл, кальвінскі збор з плябаніяй, мытны дом і яўрэйская блума. На прылеглых да Рынка вуліцах знаходзіліся царкоўны пляц і яўрэйская школа. Асноўныя вуліцы разыходзіліся ў розныя бакі ад Рынка, у накірунку гандлёвых шляхоў, а розныя бакі Рынка былі працягам гэтых вуліц. Такая планіроўка места захавалася амаль да канца XIX стагоддзя, а, з невялікімі зменамі, і да нашага часу. Буйнейшай вуліцай з’яўлялася Пясецкая (або Царкоўная, цяпер вул. Жылуновіча), якая ішла з Рынка ў накірунку мястэчка Пясочнае. На ёй знаходзіліся царкоўны і 70 дымоў. Другой па велічыні вуліцай была Ходзькаўская (у ХІХ ст. вул. Нясвіжская, зараз вул. Савецкая), якая ішла ад Рынка паралельна з Пясецкай. Рух па гэтай вуліцы абслугоўваў сядзібы, быў як бы для ўнутранага карыстання, для хадзьбы пехатой. Гэтая асаблівасць і адбілася ў назве. Пазней вуліца сфарміравалася як накірунак на Нясвіж і стала звацца Нясвіжскай. Направа ад Нясвіжскай вуліцы адыходзіла вуліца Слабодская (сучасная Камсамольская). Сваю назву яна атрымала, відаць, ад некалі існаваўшай у гэтым месцы слабады - паселішча, жыхарам якога падчас засялення надаваліся пэўныя льготы. [caption id="attachment_28506" align="aligncenter" width="443" caption="Капыль. 1959 год. Фота зроблена Феліксам Марозам з польскіх могілак"][/caption] Насупраць вуліцы Слабодскай, налева ўніз ад Нясвіжскай адыходзіла вуліца Дубніцкая (захаваўся фрагмент на вул. Камсамольскай), на якой знаходзілася яўрэйская школа. Яшчэ далей, на ўскрайку места, ад Нясвіжскай вуліцы налева ўніз адыходзіў Дубніцкі завулак (не захаваўся). Назва вуліцы і завулка сведчыць аб тым, што яны выходзілі ў бок дубніку - дубовага гаю. Ад Рынка ў напрамку замка, у лог, спускалася вуліца Лаговая (сучасная Замкавая). У назве адлюстравалася спецыфіка рэльефу: лог – лагчына, нізіна з дастаткова стромкімі адхонамі рэльефу. Направа ад Слабодскай вуліцы пад прамым вуглом ішла вуліца Крыжовая (потым завулак, сучасная вул. М. Горкага), якая злучала Слабодскую і Пясецкую вуліцы. Аб сувязі назвы з крыжамі сведчыць такі факт, што крыжы ці капліцы на ёй, з боку ўезду ў горад, усталёўвалі да сярэдзіны ХХ стагоддзя. Паралельна з Крыжовай, паміж Пясецкай і Ходзькаўскай вуліцамі, праходзіў так званы «Завулак з Пясецкай вуліцы». Мірнае жыццё на працягу другой паловы XVII стагоддзя спрыяла паступоваму адраджэнню места. Невялікія змены ў тапаграфіі і горадабудаўніцтве былі наступныя: на Рынку паказаны крамы, з’явілася новая вулачка - На падзамчы (зараз праезд, які злучае Лугавую і Партызанскую), а некаторыя вуліцы змянілі свае назвы. Вуліца Завальская стала звацца Завулкам за Нясвіжскай вуліцай, а вуліца Крыжовая стала ў два разы карацейшай - адна з яе частак названа Завулкам з вуліцы Ходзькаўскай. У пачатку вуліцы Пясецкай знаходзіўся рускі шпіталь. На царкоўным пляцы - дзве царквы: Раства Багародзіцы і Пакроўская са званіцай. Упершыню ўзгадваюцца яўрэйскія могілкі - керкос. Аб паступовым эканамічным развіцці места можа сведчыць павелічэнне колькасці дымоў з 252 у 1669 годзе да 292 у 1693 годзе. Аднак вясной 1695 года на вуліцах горада адбыліся ўзброеныя сутыкненні паміж атрадамі Сапегаў і Радзівілаў, што, зразумела, не магло не адбіцца на жыцці капыльскіх мяшчан. Вялікі пажар 1701 года вынішчыў цэнтральную і заходнюю часткі места. Пажар разам з ваеннымі сутычкамі сталі прычынамі значнага скарачэння колькасці дымоў - з 292 да 204. Знікла жылая забудова на Дубніцкім завулку, важніца і блума на Рынку. [caption id="attachment_28508" align="aligncenter" width="443" caption="Гэты здымак зроблены амаль з той жа кропкі польскіх могілак фотакарэспандэнтам Сяргеем Лазоўскім"][/caption] У 1744 г. зафіксаваны наступныя змены: узнікла адна новая вуліца – Слуцкая (сёння Партызанская ад пл. Леніна да р. Мажы), якая ішла ад Рынка ў напрамку замка і Слуцкага гасцінца, а шэраг іншых вуліц змянілі свае назвы: вуліца Нясвіжская стала Клецкай, Ходзькаўская - Нясвіжскай, Крыжовая - Папярэчнай, Завулак з Пясочнай вуліцы - Ходзькаўскай. Упершыню ўзгадваецца вуліца Броварная (сучасная Трактарная паміж Пралетарскай і Партызанскай), якая ішла з гасцінца Слуцкага да млына і дзе размяшчаліся кагальская лазня і некалькі бровараў. У апісанні прылеглых да места сельскагаспадарчых надзелаў ёсць звесткі пра замак. У 1669 годзе замак пусты. Да 1693 г. забудаваны, будынкі не мелі элементаў абароннага дойлідства. Фактычна – звычайны маёнтак. Ёсць падстава лічыць, што новая забудова знаходзілася менавіта на Замкавай гары і была апошняй спробай вярнуць замку жыллёвыя функцыі. Вуліца Задні Роў (зараз Пралетарская) з’явілася ў ХVIII ст. Такую назву яна атрымала таму, што знаходзілася крайняй адносна Рынка, была апошняй, задняй у заходняй частцы горада. На вуліцы Дубніцкай пазначаны летняя і зімовая яўрэйскія школы, на Пясецкай - побач з царквой упершыню ўспамінаецца школа для хрысціян. Асобна развівалася частка паселішча за ракой Каменкай, дзе знаходзілася Барысаглебская царква. Пра час пачатку і спынення жыцця ў гэтай мясцовасці без дапамогі надзейных археалагічных крыніц меркаваць цяжка. Дакументы ХVIII ст. захоўваюць пералік сельскагаспадарчых надзелаў, якімі карысталіся капыляне. Большасць з іх зараз знаходзіцца пад гарадской забудовай. Абапіраючыся на даныя таго часу, можна меркаваць, што Яцкоўшчына знаходзілася ў раёне сучаснай вуліцы Горкага (ад скрыжавання Пралетарскай у бок выезду з горада), Засценак – у раёне вуліц Пралетарская і Працоўная, Пікулеўшчына – у раёне вуліц Ручаёвай і Камсамольскай (за ракой Каменкай), Малая Байкоўшчына – паміж вуліцамі Савецкая і Жылуновіча ў раёне сучаснай бальніцы, Вялікая Байкоўшчына – паміж Жылуновіча і Мінскай, Шусціна – паміж вуліцамі Мінскай і Дзяржынскага, Салаў- ёўшчына – у раёне аўтавакзала, Грыцава гара – уздоўж вуліц 2-я Заазёрная, Падзамча – каля замка, Клебаншчына – у раёне сучасных каталіцкіх могілак. Каменшчына знаходзілася на ўсход ад горада, Старына – за Старым Капылём, Рэпішкі – у бок Аножак. Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА па матэрыялах кнігі “Капыль і Магдэбургскае права: нарысы гісторыі горада XIV–XIX стагоддзяў”, ЮрСа Принт, Гродна, 2012 г. Фота з архіва музея і Сяргея Лазоўскага        

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей