Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

62

Проблемы? Решим вместе!

31.08.2010
У чацвер, 25 жніўня, у зале пасяджэнняў Капыльскага райвыканкама адбылася сустрэча з маладымі спецыялістамі, якія прыехалі ў раён у 2010 годзе. Праблемы, з якімі сутыкнуліся выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў рэспублікі  ў першыя дні свайго самастойнага жыцця, шляхі іх вырашэння сталі асноўнай тэмай мерапрыемства. Дарэчы, значнасць работы з маладымі спецыялістамі на пачатковым этапе іх станаўлення падкрэсліў і старшыня аблвыканкама Барыс Батура падчас прэс-канферэнцыі для рэспубліканскіх, абласных і рэгіянальных СМІ. На вышэйадзначаную дату ў раён прыбылі 84 маладыя спецыялісты, з якіх 36 маюць вышэйшую адукацыю і 48 – сярэднюю спецыяльную. Найбольшая колькасць маладых людзей працаўладкавалася ў такія сферы, як сельская гаспадарка (38), адукацыя (18) і ахова здароўя (13 чалавек). З чаго і як пачынаецца працоўная біяграфія, якія меры прадпрымаюцца, каб замацаваць кадры ў раёне, а таксама пра некаторыя пытанні работы з маладым папаўненнем расказаў начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Сяргей Цвірко. Самымі актуальнымі ў жыцці маладых спецыялістаў  заўсёды былі тры пытанні: жыллё, зарплата, вольны час. З першым прасцей тым, хто вярнуўся ў родны раён. Але праблема набыцця ўласнага жылля турбуе іх не менш, чым нетутэйшую моладзь. Пра магчымасці і спосабы набыцця ці будаўніцтва ўласных квадратных метраў паведаміла спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва Марына Канончык. Наколькі злабадзённай з’яўляецца ўзнятая праблема, стала зразумела па колькасці пытанняў, зададзеных аўдыторыяй. У прыватнасці, работнік культуры Вераніка Берднік, майстар ПМК-194 Вадзім Ляпёхін, сям’я медыкаў Юліі і Віталя Лукшаў цікавіліся, як стаць на ўлік для паляпшэння жыллёвых умоў, атрымаць службовае жыллё і тэмпамі будаўніцтва ЖБК. Пра дадатковыя меры па павышэнні заработнай платы, атрыманне льготных і іншых крэдытаў паведаміла спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу Цэнтра банкаўскіх паслуг №609 у г. Капылі ААТ “ААБ Беларусбанк” Алена Малеж. У прыватнасці, Алена Леанідаўна растлумачыла, як крэдытуюцца маладыя  спецыялісты, якія накіраваны на працу не па месцы жыхарства бацькоў, а таксама пра нюансы набыцця хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці пры дапамозе льготнага крэдыту. Старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Аляксандр Касінскі расказаў патэнцыяльным аўтааматарам, як можна атрымаць пасведчанне вадзіцеля легкавога аўтамабіля і якія дакументы неабходна падаць для гэтага. З маладзёжным жыццём, праектамі і мерапрыемствамі, што праходзяць у раёне, пазнаёмілі першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч і начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Валянціна Балажынская. Яны адзначылі, што для вырашэння праблем, рэалізацыі мала-дзёжнай дзяржаўнай палі-тыкі ў раёне дзейнічае праграма “Моладзь Капыльскага раёна” на 2006 – 2010 гг., зацверджаная рашэннем райсавета дэпутатаў. З мэтай  каардынацыі работы служб, арганізацый у вырашэнні праблем моладзі на Капыльшчыне створаны адпаведны Савет (абнаўляецца раз у два гады – С. Л.), пасяджэнні якога праходзяць што-квартальна. Больш зразумець, чым цікавяцца юнакі і дзяўчаты, пра іх планы на будучае і іншыя аспекты дапамагла анкета маладога спецыяліста. Пасля афіцыйнай сустрэчы маладыя спецыялісты мелі магчымасць атрымаць адказы на асабістыя пытанні ў прыватным парадку. Трэба спадзявацца, што пытанні, якія ўзніклі на пачатку іх самастойнага жыцця, вырашацца станоўча і праз два гады малады спецыяліст не пажадае змяніць месца працы. Сяргей ЛАЗОЎСКІ

admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей