
КУП «Капыльская ЖКГ» правяло добраўпарадкавальныя работы па падрыхтоўцы гарадскога пляжа да купальнага сезона
Як паведамілі работнікі камунальнай службы, у першую чаргу ў належны санітарны стан прыводзілася тэрыторыя, вялася ачыстка акваторыі пляжнай зоны. Для гэтага ачышчаны бераг ад смецця і водарасцяў, пафарбаваны абсталяванне, лавачкі, грыбкі, усталяваны ўрны, праведзена абкошванне прылеглай тэрыторыі. Да таго ж, для аматараў сонечных і водных ваннаў зроблена месца агульнага карыстання. Увогуле, на абустройства тэрыторыі пляжа выкарыстана 5,5 млн рублёў.
Райсавет таварыства выратавання на водах таксама паклапаціўся пра капылян і гасцей горада. Ачышчана дно месца купання, устаноўлены буйкі, размешчана наглядная агітацыя аб правілах паводзін на вадзе.
Каб вольны час ля вады быў больш-менш камфортным, трэба памятаць, што пасля Вас на пляж таксама прыйдуць адпачыць людзі. Таму адпачывайце культурна, не пакідайце пасля сябе пустых бутэлек, іншага смецця і тым больш — не кідайце іх у ваду!
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКУ: на гарадскім пляжы.
Фота аўтара
Комментарии