Учора адбылося ўрачыстае адкрыццё самага “здаровага” лагера адпачынку для дзяцей нашага раёна — “Алімпійца”, які працуе на базе сярэдняй школы №3 г. Капыля. Спартыўна-аздараўленчы сёлета прыняў 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў.
Асноўныя напрамкі спартыўнай работы — футбол і біятлон. Чатыры трэнеры дапамогуць выхаванцам летніка ўдасканаліць навыкі па гэтых відах спорту. Праграма ў юных спартсменаў даволі насычаная і, у дадатак, складаецца з разнастайных выхаваўчых мерапрыемстваў. Акрамя штодзённых двухразовых трэніровак дзяцей чакае шмат конкурсаў, творчых знаходак. Кожны дзень у лагеры прысвечаны якой-небудзь тэме: дзяцінству, таленту, здароўю, кнізе, валейболу і г. д. Таксама выхаванцы “Алімпійца” здзейсняць некалькі экскурсій ва ўстановы горада. Адным з самых цікавых мерапрыемстваў стане паездка ў Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж”.
Увогуле, сумаваць “алімпійцам” не давядзецца, і летні адпачынак запомніцца надоўга.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
На здымку: выхаванцы “Алімпійца”.
Фота аўтара
Комментарии