3 ліпеня краіна адзначыла свае галоўныя святы — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) і 69-ю гадавіну вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Падзеі гэтага дня аб’ядноўваюць усіх, хто шануе гісторыю сваёй Айчыны і верыць у яе годную будучыню. 3 ліпеня, у першую чаргу, увасабляе гераізм, стойкасць, веліч духу і бяспрыкладную мужнасць беларускага народа, які выстаяў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Урачыстасці з гэтай нагоды прайшлі і ў Капылі.

Яшчэ за некалькі хвілін да асноўнага дзейства ў раённым выканаўчым камітэце адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з дэлегацыямі гарадоў-пабрацімаў — Чэхава Маскоўскай вобласці (Расія) і Ёнішкіс (Літоўская Рэспубліка). У сяброўскай атмасферы афіцыйныя асобы змаглі абмеркаваць пытанні ў разнастайных сферах дзейнасці. Напрыканцы сустрэчы дэлегацыі абмяняліся памятнымі сувенірамі.

Як заўсёды, у гэты дзень на цэнтральнай плошчы г. Капыля сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў. Яшчэ да ўрачыстага шэсця капыляне ўсклалі кветкі да помнікаў ахвярам капыльскага гета і мірным жыхарам, загінуўшым у гады вайны. Пасля разам з ветэранамі і гасцямі з блізкага замежжа прысутныя накіраваліся на скрыжаванне вуліц Партызанскай і Цімка-віцкай, дзе адбыўся ўрачысты мітынг.

Словы віншавання са святам прагучалі ад кіраўніка раённай “вертыкалі” Анатоля Жданені, ветэрана працы, старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі СГФ “Крыніца” Святланы Астрэйкі, начальніка цэха сухога абястлушчанага малака Капыльскага філіяла ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” Іллі Юрчэні, ваеннага камісара Капыльскага раённага ваеннага камісарыята Сяргея Барташэвіча. Не засталіся ўбаку і госці з Расіі, Літвы. У прыватнасці, старшыня Савета дэпутатаў Чэхаўскага муніцыпальнага раёна Міхаіл Кісельман адзначыў: “Дарагія нашы беларускія сябры, браты і сёстры. Дазвольце ў гэта цудоўнае свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — перадаць вам шчырыя віншаванні ад жыхароў Чэхаўскага муніцыпальнага раёна Маскоўскай вобласці. Мы ўважліва сочым за вашымі поспехамі, радуемся ім. Мы любуемся дагледжанымі палямі, з задавальненнем асвойваем высокатэхналагічную тэхніку, створаную на вашых прадпрыемствах. Прадукты, вырабленыя харчовай прамысловасцю, выклікаюць самы высокі давер у расіян. Сёння дзень памяці і жалю па воінах, якія аддалі сваё жыццё за вызваленне Беларусі, нашай краіны. І тым больш хочацца нізка пакланіцца ветэранам, якія прысутнічаюць сёння на мітынгу, сказаць словы ўдзячнасці за іх жыццёвы подзвіг, за тое, што яны аднавілі разбураную народную гаспадарку і забяспечылі нам нармальнае жыццё. Гэтымі днямі спаўняецца 15 гадоў сяброўства Капыля і Чэхава… Хочацца пажадаць, каб сяброўскія сувязі нашых народаў былі вечнымі, каб мы радаваліся адзін аднаму. Са святам, дарагія сябры!”

Са святам капылян павіншаваў і мэр самакіравання Йонішкскага раёна Літоўскай рэспублікі Гедымінас Чапуліс. Пасля да помніка воінам-вызваліцелям прысутныя ўсклалі вянкі і жывыя кветкі.


Далей святочнае дзейства перамясцілася ў зону адпачынку г. Капыля, дзе адбыўся круглы стол з удзелам ветэранаў вайны і працы. Крыху пазней да ўвагі прысутных быў прадстаўлены канцэрт з удзелам народных калектываў, самадзейных артыстаў, вучняў гарадскіх школ. Паралельна на стадыёне фізкультурна-аздараўленчага комплексу праходзіў матч кубка раёна паміж камандамі СГФ “Браткава” і ААТ “Семежава”. Гэта цікавая і багатая на вострыя моманты гульня скончылася з лікам 2:6 на карысць семежаўцаў. Таксама аматары футболу, дартсу, стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі, шашак і шахмат змаглі паўдзельнічаць у конкурсах з грашовымі прызамі, а самыя маленькія — выйграць прыз у конкурсе малюнкаў на асфальце, пакатацца на электрамабілях.

Напрыканцы дня для капылян была арганізавана дыска-праграма, якая разгарнулася на плошчы Леніна. А завяршыліся святочныя мерапрыемствы акцыяй “Спяваем гімн разам”.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
НА ЗДЫМКАХ: моманты свята.
Фота аўтара
Комментарии